Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/МОЛАДАСЬЦЬ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Ня пытайце, не прасеце... МОЛАДАСЬЦЬ
Аўтар: Якуб Колас
ВЯСНА


МОЛАДАСЬЦЬ

Чым успомніць цябе, моладасьць,
Жыцьця сьветлага ты раніца?
Пралятае вясна мілая,
Ды вясна мая туманіцца.

Дзе вы, думкі мае чыстыя,
Майго сэрца дзеткі мілыя?
Як лёгка жылося з вамі мне
У дні шэрыя, пахілыя!

І ня раз мяне вы цешылі
Ў ночку цёмную, бяссонную,
Хоць на момант засланялі вы
Ад вачэй нуду бяздонную.

Дзе ты, краска, зорка ясная?
Між народу ты сьвяцілася,
У глухім кутку забытая,
Па жыцьцю ты ўсё смуцілася.

Ці цьвяцеш ты, ці засохла ты
У краі тым адзінокая?
Ці ёсьць іскра агню божага,
Мая ластаўка далёкая?

Чым-жа ўспомніць цябе, моладасьць,
Мая раніца ты хмурная?
Незаметна ты ўсё тлелася,
Як лучына тая курная.

1906 г.