Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/МАЦЕРЫНА ГОРА

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
У ночы МАЦЕРЫНА ГОРА
Аўтар: Якуб Колас
1910
Сялянская доля


МАЦЕРЫНА ГОРА

За сялом у полі,
Ў жоўценькім пясочку,
Пахавала маці
Маладую дочку.

Зьнікла яе радасьць -
Старасьці апора,
І няма уцехі
Ў мацярынскім горы.

Ёй ніхто ня верне
Дарагой дачушкі.
Плачуць па дзяўчыне
Сваякі і дружкі.

Плача па ёй мілы,
Жаль яго вялікі,
Гора-ж яго сьціхне,
Змоўкнуць сэрца крыкі.

Ганначку забудуць
Сваякі і дружкі,
Не забудзе маці
Роднае дачушкі.

Не загояць часы
Сэрца яе раны,
Сама ляжа маці
З імі ў гроб драўляны.

1910 г.