Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/МАТЧЫНА ПРЫЧЫТАНЬНЕ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
З песень адзінокага МАТЧЫНА ПРЫЧЫТАНЬНЕ
Аўтар: Якуб Колас
1910
Пастушка


МАТЧЫНА ПРЫЧЫТАНЬНЕ

Верхам крыжастым узьняўшысь высока,
Хмурыя ёлкі панура шумяць.
Дзе-ні-дзе вынікне дуб адзінока,
Дзе-ні-дзе вязы, як вежы стаяць.

Дзікае месца! лясы і балота,
Купін мільёны, кусты лазьняка.
Боязна шэпчуць аеры, чароты,
Глуха, трывожна шуміць асака.

Лозы і травы штось цёмнае баюць,
Што? невядома для нашых вушэй.
Нутры лясныя спрадвеку хаваюць
Нейкую тайнасьць ад вока людзей.

Чорная грэбля лягла праз балота.
Хвораст, бярвеньне, як рэбры, тырчаць.
Грэбля паганая — гразь і плюхота.
Слава нядобрая ходзіць пра гаць!

Каля грэблі за балотам
Людзі начавалі
Аж з-пад Пінску шлі пяхотам,
Таварыну гналі.

Сутунела. Ў цёмным лесе
Галасілі совы.
Нікла ў мроку ўсё Палесьсе,
Бор драмаў хваёвы.

На балоце з чаратамі
Лазьнякі шапталі,
Дзесь у пушчы, за дубамі,
Пугачы крычалі.

Месяц бледны срэбрам ліўся
У нетры ночы шэрай.
Люд гудзеў і варушыўся,
Заняты вячэрай.

А касьцёрчык так прыветна
Мігацеў-сьвяціўся,
А над лесам чуць прыметна
Слаўся дым і віўся.

Залатымі матылькамі
Іскаркі ўзьляталі
І высока над лістамі
Гасьлі, прападалі.

Зоркі ціха мігацелі,
Разубраўшы неба.
Гаманілі людзі, елі,
Ды ня стала хлеба.

— Слухай, Пётрык: зьбегай к маме,
Возьмеш хлеба, сала
(А за грэбляй між лясамі
Вёска іх стаяла)! —

Так дзед кажа да Пятруся,
Хлопчыка малога.
— Калі-ж, дзедка, я баюся,
Злыдзеня ліхога!

— Сьмейся, хлопча: мы-ж тут блізка,
А там зараз хаты.
Яшчэ-ж рана, месяц нізка.
Чуй — пяюць дзяўчата!

Час ідзе, бягуць хвіліны.
Дзед чакае ўнука.
І няма, няма хлапчыны,
Аж бярэ дакука.
Месяц вышай усплывае,
Поўнач недалёка,
Вось і сітца чуць мігае,
Ледзьве зловіш вокам.

Позны час, але ня сьпіцца
Базылю старому:
Што магло-б там палучыцца
Пятрусю малому?

Што-ж да гэтуль ня прыходзіць?
Час вярнуцца з дому...
Думка думку ў дзеда родзіць,
Неспакой старому.

І нарэшце ня ў трываньне.
Нейкі страх вярзецца,
Не бярэ сон ані званьня,
Дзед дамоў пляцецца.

Глуха, пуста. Сном глыбокім
Сьпяць па хатах людзі.
Цісьне землю ночка мрокам,
Ноч сыйсьці марудзіць.

— Дома Пётра? — дзед спытаўся.
— Не, няма! — Дзівота!..
І трывога, рух падняўся,
Клопат, страх, згрызота...

Сярод грэблі, між бярвеньня,
Ўвесь гразёй заліты, -
Божа мілы! вось здарэньне!
Як-бы кім забіты,

Трупік Пётры знайшлі людзі,
Што ганялі стадка.
Прышла маці ды рве грудзі.
«Ой, дзіця, дзіцятка!

Мой сыночак залаценькі!
Ачніся, зірні ты!»
А ён бедны, няжывенькі,
Вочачкі закрыты.

Плача маці, лемантуе, -
Разьдзірае душу!
Ды сыночка не ўратуе,
Сьмерці сну ня зрушыць.

З таго часу, чалавеча,
Толькі ночка гляне,
На тэй грэблі голас нейчы
Прычытоўваць стане, -

На тым месьце, дзе маленькі
Быў Пятрусь забіты, -
«Мой сыночак залаценькі!
Ачніся, зірні ты!»

1910 г.