Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/КРАСКА

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
На полі КРАСКА
Аўтар: Якуб Колас
1910
Дуб


КРАСКА

Краска мілая мая,
Госьця веснавая!
Як ты хораша цьвяцеш
У глушы, любая!

З ціхім усьмехам з табой
Вецярок жартуе,
І цябе ў вясёлы дзень
Сонейка цалуе.

Што-ж на тварыку тваім
Легла задумленьне?
Што нявесела глядзіш,
Мілае стварэньне?

І ня радуе цябе
Дзень вясёлы мая,
Голас радасны вясны,
Песьня маладая?

Я хацеў-бы адгадаць
Дум тваіх гаворку,
Я-б хацеў разьвесяліць
Краску, маю зорку.

Ці гаруеш ты аб тым,
Што і ты бяз волі,
Што краса ўся адцьвяце
Без пары і долі?

Ці па тым, што вецярок
Разлучыў з лугамі,
Дзе-б ты гутарыць магла
З пчолкамі, з чмялямі?

Я любуюся табой,
І мне смутна стане,
Што ў вастрозе хараство
Усё тваё завяне,

Што адна ты адцьвяцеш
Век свой сіратою, -
А багата-ж адарыў,
Май цябе красою!

Краска, красачка мая,
Мілае стварэньне!
Што-ж на тварыку тваім
Легла задуменьне?

1910 г.