Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ЖЫТА

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Рольнік ЖЫТА
Аўтар: Якуб Колас
1909
Жніво


ЖЫТА

Неспакойна зашумела
Маладое жыта
І штось боязна шапоча
Ды няўцямна-скрыта.

І калосьсе многазначна
Клоніць, гне галовы.
Нібы іх чым устрывожыў
Душны дзень ліпнёвы.

І гамоняць ды гамоняць
З срэбранай саломкай.
І шумяць, шумяць загоны
Сьцішанай гамонкай.

Што варожыш ты нам, жыта,
Гнешся траўкай ніцай?
Ці бяду ты прачуваеш,
Подых навальніцы?

Неба з захаду цямнее,
Крые даль смугою.
Шэпча жыта, нібы стогне
Здушанай тугою.

«Што-то будзе? Што-то будзе?»
Шэпча ў полі жыта.
Цісьне хмара, хмара-цемра,
Гром гудзе сярдзіта.

Ідзі ў чыстае ты поле,
Градавая хмара!
І зьлітуйся над жытамі -
Над сялянскім дарам!

1909 г.