Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ЖНІЎНЫЯ ПЕСЬНІ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Заход сонца ЖНІЎНЫЯ ПЕСЬНІ
Аўтар: Якуб Колас
1912
Закліканьне вясны


ЖНІЎНЫЯ ПЕСЬНІ

Жарыць сонца бяз літосьці,
Варам пыша ад палёў,
Трэцца жыта ў пыла на просьце,
Зерне сыплецца далоў.

Хоць-бы хмарка дзе на небе,
Хоць-бы рэдзенькі цянёк…
І бяз часу ў цьвёрдай глебе
Сьпее грэчка і лянок.

Душна ў полі і маркотна.
Постаць жоўтая хлябоў
Ціхім шолахам гаротна
Просіць жнек і сярпоў.

Вось прышлі і жнейкі ў поле.
Заскакаў крывы сярпок,
І панёсься на прывольлі
Жнейчын звонкі галасок.

Сакавіты і пявучы,
Як вясенька малада,
А тон жаласны, цягучы,
Поўны жальбы і нуды.

І панёсься ён мяжою,
Вольны будзячы прастор,
Потым скаргаю-сьлязою
Ў неба вырваўся, замёр.

Колькі смутку ў песьні жніва!
Хто той смутак парадзіў?
Ці жыцьця лёс нешчасьлівы,
Ці ты, журба нашых ніў?

Ці ты, поле, грунт няплодны,
Горам песьню абвілі,
Каб аб краю нашым родным
Мы забыцца не маглі?

1912 г.