Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ДУМКІ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Вецер ДУМКІ
Аўтар: Якуб Колас
1909
Рана засмуцілісь


ДУМКІ

Ой, вы, думкі, думкі,
Сэрца майго раны!
Ці вы мае дзеці,
Ці вы кім насланы?

Што-ж вы завіліся
Віхрам нада мною,
І няма ніколі
Мне ад вас спакою?

Рад-бы я ня думаць
І ня знацца з вамі,
Ды без запытаньня
Плывяце вы самі.

Плача маё сэрца,
Хоць бяз сьлёз, ды горка,
Як пачнецца ваша
Смутная гаворка.

І на маю душу
Леглі вы туманам,
Мітусьлівым роем,
Смутным караванам.

Ой, вы, мае думкі!
Ці вы кім зражоны,
Што так невясёлы,
Што так засмучоны?

Рад-бы я ня думаць
І ня знацца з вамі,
Толькі-ж проці волі
Плывяце вы самі.

1909 г.