Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ДУБЫ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Палесьсе ДУБЫ
Аўтар: Якуб Колас
1921
У палёх Беларусі


ДУБЫ

На пацеху, на зьдзіўленьне
Тут дубы стаялі,
І глыбока іх карэньні
Цьвёрды грунт аралі.

І гулі іх верхавіны
Гутаркаю сталай
Пра даўнейшыя часіны
Долі заняпалай,

Пра мінулыя прыгоды
Гіблых часаў, слаўных.
Тут стаял з году ў годы
Сьведкі дзеяў даўных,

Гожым летам ці вясною
Раніцой на ўсходзе
Штось шапталі між сабою
Ў добрым ладзе-згодзе, —

Можа казкі жыцьця-долі
У цішы стваралі
Або песьні вольнай волі
У лістох складалі,

А мо' сонейка віталі,
Дзень хвалілі новы, -
Не, ня ўніклі, ня ўчыталі
Іх паважнай мовы.

Эх, дубы, дубы! вякамі
Вы зьбіралі сілы,
Не звалодаў віхар з вамі,
Вас здалелі пілы.

Ашальмованы вам чолы,
Сьсечаны кароны,
І, пасеўшы на верх голы,
Там крычаць вароны.

1921 г.