Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ДАРОГА 2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Родныя песьні ДАРОГА
Аўтар: Якуб Колас
1909
Родныя абразы


ДАРОГА

Між сьпелага жыта
Сінее валошка,
Бяжыць паміж нівак
Крывая дарожка.

Скажы мне, дарога,
Хто езьдзіць табою?
Куды ты крывенькай
Бяжыш паласою?

Па ўзгорках высокіх,
Багатых пяскамі,
Даўно пралягла ты
Двама паяскамі.

Скажы мне, дарожка,
Чаму ты крывая
І вузка і цесна,
Як доля людзкая?

Бяжыш ты часамі
Праз горы, курганы...
Чыею рукою
Крыжы пастаўляны?

Знаць, гора-нядоля
Тут сьлед пакідае…
Маўчыць, не гаворыць
Дарога крывая.

І бедныя людзі
Тут езьдзяць і ходзяць,
А шчасьця і долі
Ніяк не знаходзяць.

1909 г.