Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ГУСІ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Муха ГУСІ
Аўтар: Якуб Колас
1916
Песьні зімы


ГУСІ

Гусі, гусі, вырай вольны!
Сумен крык ваш, гусі:
Ляціце вы ў сьвет раздольны
З нашай Белай Русі.

Засмуткуюць зноў балоты
Бяз вас, госьці лета.
Занудзяцца, як сіроты,
Лозы там да сьвету.

Бабыль-вецер на сьвітаньні
Пойдзе ў сьвет шырокі,
Пойдзе ў злосьці, буркатаньні
Аглядаць валокі.

А вы, гусі, пад аблокі
Крыльлямі ўзмахнеце,
Каб ня бачыць, як асокі
Гне і ломіць вецер.

Што-ж? ляцеце — для свабоды
Вам і крыльлі служаць...
Толькі-ж шкода чагось, шкода -
Па вас далі тужаць.

І гаруе сіратлівы
Ў чырвань лес адзеты...
Ой, вы, гусі! панясьлі вы
За сабою лета!

1916 г.