Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ВЯРБА
← На лузе | ВЯРБА Аўтар: Якуб Колас 1910 |
Апошні лісток → |
ВЯРБА
Пытаў ручаёчак
Сірату-вярбіну,
Што над ім стаяла,
Зьнізіўшы галіны,
Да вады галоўку
Зьвесіўшы самотна,
Ды з паўднёвым ветрам
Зюкала журботна:
«Адкажы мне, вербачка,
Адкажы мне, мілая,
Чаго ты ўсё смуцішся,
Журышся, пахілая?
Без пары, бяз восені
З галавы-каронанькі
Ты раняеш лісьцейка,
Свой убор зялёненькі?
І аб чым так жаласна
З ветрыкам шапочаш ты,
Бы стаміцца-згрызьціся
Хочаш ты знарочыста?
Кудры твае пышныя
Жоўкнуць, высякаюцца,
А лісточкі кволыя
Па зямлі качаюцца.
Адкажы мне, вербачка,
Адкажы мне, мілая,
Чаго зажурылася,
Смутная, зьнясілая?»
Зашумела ціха,
Жаласна вярбіна:
«Горка мне, мой любы,
Горка, сіраціне!
Цяжка маім ножкам -
Цісьне іх каменьне,
А твая вадзіца
Зрэзала карэньне.
Грунт мой пад нагамі
Зрыла-раскапала,
Сокі майго сэрца
Усе яна забрала.
Моладасьць сваю я
Марна загубіла...
Ой, нашто-ж так шчыра
Я цябе любіла?»
1910 г.