Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ВЫСОКІ БЕРАГ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Вераб'іная ноч ВЫСОКІ БЕРАГ
Аўтар: Якуб Колас
1915
Дарога


ВЫСОКІ БЕРАГ

Высокі Бераг, родны, мілы!
Люблю я твой пяшчаны скат
І хвоек нізкіх гурт пахілы,
Капцоў гранічных цэлы рад.

Люблю той лес, што над табою
Высока ўзьняў свае камлі,
Яго-ж карэньні над вадою
Нібы вянок табе сплялі...

Струменіць Нёман срэбраводны
Ў тваіх прыўдалых берагох,
А ў лозах ветрык вее згодны,
І ходзіць шум па чаратох.

Высокі Бераг, кут мой мілы!
Люблю я жоўць тваіх пяскоў,
разложных хвоек гурт пахілы
І ціхі гоман лазьнякоў.

1915 г.