Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ВОБРАЗ ПАКУТЫ
Jump to navigation
Jump to search
← Удовіна хата | ВОБРАЗ ПАКУТЫ Аўтар: Якуб Колас 1908 |
Панас гуляе → |
ВОБРАЗ ПАКУТЫ
Па зямлі і ўдзень і ўночы
Ходзіць асьцярожна
Чорным ценем, злою зданьню
Страшны падарожны.
Балахон яго на латах,
Бледны твар аплёван,
Акрываўлена ўсё цела,
Ланцугамі скован.
Ходзіць ён па бедных вёсках,
Па глухіх закутках,
Пакідае за сабою
Гора, сьлёзы, смутак.
І снуецца цень пакуты
І снавацца будзе,
Покі вочы не разьвяжуць,
Не расчыняць людзі.
1908 г.