Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/АСЕНЬНІ ДОЖДЖ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Рана засмуцілісь АСЕНЬНІ ДОЖДЖ
Аўтар: Якуб Колас
1909
Песьні вясны


АСЕНЬНІ ДОЖДЖ

Сыплюцца кроплі часта і дробна,
Ціха па стрэсе бубняць.
Смутак наводзіць шум іх жалобны,
Смутку таго ня суняць.

Хліпаньне, плюскат... Ночка глухая
Цягнецца доўга, як год,
Вецер заложны шуміць, ня сьціхае,
Жаласна сьвішча праз плот.

Кружацца думкі, сон разганяюць,
Мары наводзяць і сны,
Волю далёкую мне ўспамінаюць,
Дні маладыя вясны...

Сыплюцца кроплі часта і дробна,
Ў сьцены, у вокны бубняць.
Смутна іх песьня, плачу падобна,
Смутку-ж ніяк ня суняць.

1909 г.