Якуб Колас. ВОДГУЛЬЛЕ (Каравайчык)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Якуб Колас. ВОДГУЛЬЛЕ
Рэцэнзія
Аўтар: Павел Каравайчык
1922
Крыніца: Адраджэньне, 1922 - №1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




2. Якуб Колас. ВОДГУЛЬЛЕ. Беларуск. Коопэр.―Выдав. Т-ва «Адраджэньне». Менск 1922 г. стар. 107 +ІІІ. іn ⅛°.

У другіх старых літаратурах ёсьць правіла, што на адным поэце, як грыбы на пні, узрастаюць і кормяцца дваццаць крытыкаў. У нас зусім наадварот: на дваццаць поэтаў няма ніводнага крытыка. Зразумела, што справа так стаіць пакуль-што і з часам зьменінца, але ўсё роўна шкода, што няма каму навучыць нашу някемную неасьвечаную публіку шанаваць і цаніць тое, чаго яна зусім не прымячае. А з другога боку―шкода, што няма якога-небудзь сярдзітага крытыка, які бы час ад часу навальваўся на ўжо прызнаных поэтаў і перашкаджаў ім псаваць рэномэ сваей фірмы, выпускаць пад старым вядомым іменьнем гнілы, нядобры тавар. Калі-б у нас меўся хоць адзін такі крытык, то напэўна Коласаўскае «Водгульле» мела-бы іншы выгляд.

Чым зьяўляецца гэтае «Водгульле»? ― сьметнікам, на які бяз усякага парадку і ладу выкінуты астаткі вершаў, неўвашоўшыя ў другія зборнікі. Гэта ацэнка рэзкая і напэўна шмат каго абразіць з такіх прыхільнікаў Коласа, для якіх усё, выйшаўшае з-пад яго пяра, зьяўляецца амаль не эвангэліяй. Першым і да выхаду «Водгульле» ядыным зборнікам Коласаўскай лірыкі зьяўлялася кніжка «Песьні жальбы», выданая ў 1910 годзе. Ад таго часу Колас шмат напісаў. У 1921 годзе, калі выпраўляўся за граніцу Ц. Гартны як кіраўнік беларускай сэкцыі пры Бэрлінскім аддзяленьні Госіздату Р. С. Ф. C. P., ён павёз з сабою Коласаўскага матар'ялу на некалькі зборнікаў. Пасьля таго як Ц. Гартны ўжо апынууся ў Бэрліне, а ў савецкай фэдэрацыі сеў на пасад пан НЭП, у Менску арганівавалася Коопэрацыйна-выдавецкае Таварыства «Адраджэньне». Тагды Колас сабраў усе выбіркі, неўвайшоўшыя ў другія зборнікі, і такім чынам склалася «Водгульле».

У «Водгульлі» зьмешчаны вершы з розных часоў — ад 1908 да канца 1921 року ўключна. Дзеля гэтага, а так-сама ў сілу вышэйпаказаных прычын (выбіркі, адсутнасьць аддзелаў) — зборнік пэўнай фізіаноміі ня мае, цалкавітага нейкага ўражаньня ня робіць. У зьвязку гэтым, адмоўныя адзнакі выступаюць больш рэзка. Першае, што кідаецца ў вочы,—гэта адсутнасьць новых матываў: поэта і дагэтуль круціцца ў тым самым коле паняцьцяў, ідэй і вобразаў, у якое ён уступіў пры пачатку свае поэтыцкае кар'еры. Вершы пазьнейшыя і ранейшыя розьняцца толькі датаю напісаньня. Мала таго: як у ранейшых, так і ў пазьнейшых вершах ёсьць вельмі наіўныя падробкі пад творы маскоўскіх поэтаў і то не навейшых, а школьных клясыкаў. У першым пэрыадзе творчасьці Коласа, як і ўсякага іншага поэты, гэта было зусім натуральна, бо ўсе поэты-самаукі (нават і вялікія поэты) пачыналі з падробак (даволі ўспамянуць Шэнье, Пушкіна, Лермантава). У другім-жа пэрыадзе творчасьці, калі чалавек вырастае з юнацкіх гадоў, гэта ўжо становіцца рэзка адмоўнай адзнакай і сьведчыць аб застою, аб беднасьці тэмамі.

Як на прыклады пераробак, перафразіровак з лёкалізацыяй можна паказаць некалькі вершаў, вельмі характэрных у гэтым сэнсе. Першым іх і даўшым назву ўсёй кніжцы ёсьць «Водгульле» на 1 стр., памечанае 20/X1 1921 г. Пры чытаньні яго адразу выплывае ў памяці Пушкінскае «Эхо»:

«Ревет-ли зверь в лесу глухом,
Поет-ли дева за холмом»... и т. д.

Коласаўскі верш на гэтую тэму, паміж іншым, вельмі характэрны да аналізу яго вершатворчай тэхнікі наогул. Ёсьць тут і характэрныя для Коласа памылкі проціў эўфоніі,[1] як зграмаджэньне зычных у канцы аднаго і пачатку другога слова (праскочыць трусцою), як «у» паміж славамі з канчаткам і пачаткам на зычныя (такіх выпадкаў ёсьць чатыры, ня лічачы «ў» у пачатку радкоў); ёсьць тут і характэрнае для Коласа ўжываньне маскалізмаў («надзеі ўзаўюцца»). «Ў» паміж зычнымі праціўна духу беларускай мовы і нават фонетычна немагчыма, бессэнсоўна; прысутнасьць яго тлумачыцца тым, што, як відаць, у Коласа ў думцы ёсьць не «ў», а маскоўскае «в», якое можа стаяць паміж зычнымі: гэтае «в» толькі пры пісаньні механічна замяняецца на «ў», але яго макоўскае пахаджэньне не прападае.

Другім прыкладам перафразіроўкі Пушкінскага вершу зьяўляецца верш на стар. 53:

«Я кожан год свой дзень радзінаў
Прывык ў раздум’і ўспамінаць.
Якіх праяў, якіх навінаў
На год мне новы пажадаць?»

Да параўнаньня адрывак з Пушкінскай элегіі «Брожу-ли я вдоль улиц шумных»:

«День каждый, каждую годину
Привык я думой провожать,
Грядущей смерти годовщину
Меж них стараясь угадать».

Просьба параўнаваць мэтр і рытм, выразы і рыфмы і ўзяць пад увагу маскалізмы ў Коласаўскім вершы.

Можна яшчэ ўзяць верш «Тройка» (на стар. 86), водгук Пушкінскага:

Мчатся тучи, вьются тучи
Колокольчик динь-динь-динь....

Так-сама можна паказаць яшчэ на падробкі пад Кальцова: стар. 73 (Кальцоўская «Сивка»), стар. 71 і др.

Усе гэтыя вершы пры нармальным ходзе справы трэба было-б выкінуць, і тагды зборнік значна выйграў-бы.

Адзіным вершам, заслугуючым пільнай увагі, зьяўляецца самы апошні: «Беларускаму люду». Ужо самы пачатак яго гучыць не-паколасоўску: замест ціхай засмучонасьці чуецца моц, гарт і вялікі лірычны ўзьлет:

«Змоўкні ты, сьціхні, песьня пакуты!
Заварушыся, наш край!
Люд беларускі! Рві свае путы!
Новую песьню сьпявай!».

Чатырохступовы дактыль з сярэдзіннай цэзурнай ліпомэтрыяй у няпарных радкох і трохступовы дактыль з мужчынскаю рыфмаю ў парных радкох робяць уражаньне кароткіх бліскучых удараў: гэта звон мяча па латах анцібеларусізму. Верш надзвычайна моцны па настрою, зьместу і форме. Толькі дзьве перадапошнія строфы трэба было-б выкінуць, бо яны зварочваюць справу на нявінны сэнтымэнталізм і аслабляюць уражаньне.

Наогул-жа, апрача гэтага вершу, зборнік вялікага ўражаньня ня робіць, і трэба толькі пажадаць скарэйшага выхаду таго эпічнага твору, аб якім ходзяць такія добрыя чуткі («Новая зямля»), бо ў эпічным творы яскрава выступяць тыя бакі творчасьці Коласа, якімі ён і славіцца: плястыка вобразаў, народны дух, гумар, гарманічная кампазыцыя цэлага і т. д.

П.Л.


  1. Навука аб мілагучнасьці мовы.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.