Перайсці да зместу

Язэп Крушынскі (1929—1932)/2/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
5. Тады 6. Яшчэ рана
Раман
Аўтар: Змітрок Бядуля
1932 год
7. Вылечыўся

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




6

Яшчэ рана


УЖО некалькі дзён, як Мікола Ярэмчык жыве ў бацькоў. Маці сустрэла яго так, як ён уяўляў сабе яшчэ ў дарозе едучы сюды з бацькам. Кожную раніцу яна пякла бульбяныя бліны і нецяраліва чакала, калі ўжо сынок, яе мяншак, прабудзіцца. Сьціртай ляжалі на стале гарачыя бліны і чакалі яго, прыкрытыя абрусом, каб не астылі. Яны дыміліся апэтытнай пахучай парай.

Мікола спаў тут-жа пры стале на лаве. Да паездкі ў Менск ён заўсёды спаў на гэтым месцы.

Усё лепшае і цяплейшае ляжала цяпер пад ім, „каб было мякка“, і на ім, „каб было цёпла“.

Так кожны раз тлумачыла маці, рыхтуючы яму пасьцель.

Маці заўладала Міколай цалкам толькі раніцою, бо як выходзіў пасьля сьняданьня, дык часта варочаўся дамоў позна ўвечары.

— Зусім ад хаты адбіўся, — скардзілася старая.

Затое раніцою ўся яе ўвага, якая раней была накіравана на ўнукаў (дзяцей старэйшага сына), была цяпер зьвернута на Міколава сьняданьне…

Першыя два дні, калі Мікола сьнедаў, яна адганяла малых. Старыя таксама елі асобна, пакуль Мікола аднаго разу не запытаўся:

— А дзе-ж гэта ўсе?

Маці зьбянтэжылася.

— Ты-ж, сынок, госьць цяпер. Мы ўсе, дзякаваць богу, не галодныя. Усе ўжо елі, а дзеці дык, як сьвіньні тыя, пастаянна жуюць…

І Мікола заартачыўся.

— Сам есьці ня буду! Не хачу, каб смачнейшае мне падавалася!

Ён аж зазлаваўся на маці…

Тады старая налаўчылася такім чынам, што калі ўсе сядзелі пры стале, падсоўвала Міколе лепшыя кавалачкі.

— Твае хітрыкі я добра бачу, — гаварыў Мікола жартуючы, і тут-жа з сваёй талеркі дзяліўся з дзяцьмі.

Маці непакоілася і ў роспачы ня ведала, што рабіць…

Стары Марцін жмурыў на сына вочы, пазіраў на яго дзьвюма сваімі вузенькімі ільдзінкамі і ўсё стараўся перадаць Міколе свае гаспадарчыя настроі.

У той час маладая Рабулька ацялілася. Цыпрук быў захоплены гэтай вялікай падзеяй. Цялушачку прынесьлі ў хату, ёю бавіліся ўнукі. Цыпрук глядзеў і радаваўся і шукаў такой-жа радасьці на твары Міколы…

Не знаходзіў. Стары крыўдзіўся.

З кожным днём стары ўсё больш ярка бачыў і разумеў, што сын „павярнуў аглоблі зусім ня туды, куды трэба“.

З кожным днём стары ўсё больш упэўніваўся, што аб хатніх справах з сынам няма чаго гаварыць, бо „той пачаў тыкаць пальцамі ў неба, ці што?“

Пробаваў гаварыць з сынам аб тым, што каня трэба прадаць ды маладзейшага купіць, што сенакосу, малавата, што таго-сяго не хапае, стары пералічыў вельмі шмат рэчаў, якіх няма ў гаспадарцы.

— Яшчэ шмат чаго не хапае, — адклікнуўся Мікола ў тон бацькі.

— Вось-вось, сынку, я-ж на тое і кажу і гавару з табою, ці што? — усхапіўся быў Цыпрук, і ў яго вачох зацьвілі радасныя бліскі.

— Калі возьмем, напрыклад, маёнтачак старых часоў, — працягваў далей гутарку Мікола, — дык калі будзем па ім раўняцца, табе не хапае кароў, коняй, сьвіней, зямлі, будынкаў, сельскагаспадарчых прылад ды яшчэ шмат чаго.

— Навошта мне маёнтак? — сур‘ёзна адпіраўся Цыпрук. — Мне, каб на старасьці год мець спакойны кавалак хлеба, бо ведаеш, я ўжо ня дуж.

— Я разумею цябе, тата. Хочаш быць маленькім кулачком. Кінь думаць аб гэтым. А што тычыцца тваёй старасьці, дык не бядуй. Вось я паступлю на службу і буду табе памагаць. Потым колгас будзе ў нас. Ня вечна-ж так будзе. Там непрацаздольныя забясьпечваюцца. Няма табе чаго бедаваць!

Цыпрук пасмутнеў. Злаваўся на старога матроса Солаха, бо той маляваў яму нейкі рай на зямлі ў сувязі з „кусамольствам“ сына.

А ў той час Мікола быў першым комсамольцам у гэтай вёсачцы, і суседзі на яго паглядалі з цікавасьцю.

Дні стаялі марозныя, гучныя і белыя. Паветра было празрыстае і ружовае ад зімовага сонца.

Выпарыўся Мікола ў старой Солахавай лазьні і паехаў у лес па дровы. Маці не спадабалася, што „гасьцёк“ працуе. Бацька глядзеў на гэта лагодным вокам.

— Няхай! Косьці маладыя, ці што!

Едучы ў лес па дровы, Міколе прыходзілася аб‘яжджаць „Гарадок“, круглую высокую мясьціну з ровам навакол — памятку княжацкіх часоў.

З „Гарадка“ далёка відаць навокал. Мікола, як быў малы, сюды з равесьнікамі-хлапчукамі каня на начлег вадзіў, або ўдзень кароў тут пасьвіў.

Вялікі абшар разгортваецца з „Гарадка“ навокал.

На балоце відаць „Швэцкі мост“: з зямлі тырчаць старыя зьгніўшыя палі. Яны цягнуцца на цэлую вярсту ўдаўжыню. Як кажуць дзяды, швэды шаблямі тут сяклі лес і пракладвалі для свайго войску мост па топкім балоце.

Вунь на сухім пагорку, падобным да вялізнага яйца, некалькі капцоў. Тутэйшыя людзі іх завуць „францускімі магіламі“. У 1812 годзе тут праходзіла наполеонаўскае войска. Галодная армія забірала апошняе ў сялян.

На „Гарадку“ растуць старыя таўшчэныя дубы. Пад адным з гэтых дубоў… Вось што бацька Міколы, стары Цыпрук, апавядае:

— Гэтае здарэньне было з маім дзедам. Прануком зваўся. Стагодні Солах ня дасьць зманіць. Фурманом у пана Лісоўскага быў мой дзед. Унук таго Лісоўскага, пан Адась, стары д‘ябал, уцёк у Варшаву разам з усімі панамі. Думаю, што нашыя яго добра памятаюць, ці што. Дык вось тады, пры дзеду пана Адася была паншчына. Пан Лісоўскі на гаспадарку не глядзеў. На гэта былі ў яго цівуны, аканомы, лютыя прыганятыя, ці што. Усе з бізунамі ў руках. Вось які цяперашнія польскія ды іншыя паны. Натура тая самая засталася, ці што. Вельмі карты любіў пан Лісоўскі. І вось аднаго разу ён прайграў аднаму з суседніх паноў сівога стаеньніка ў яблыках. Калі ня верыце, у стагодняга Солаха запытайцеся. Ня дасьць зманіць. А любіў пан Лісоўскі гэтага жарабца, любіў да шаленства. „Дай, пан, жарабца, якога ў карты выйграў“. Шкадуе пан Лісоўскі. „Што хочаш дам, толькі жарабца мне пакінь“. „А што дасі? — пытаецца той. „Трох іншых стаеньнікаў дам“. „Не, — кажа той, — калі дасі мне пяць самых харашэйшых дзяўчат з тваіх прыгоньніц, тады не вазьму сівога жарабца“. „Добра, — кажа пан Лісоўскі, — выбірай“. А ў майго дзеда была дачка красуня. Кроў ды з малаком. Цяпер гэткіх ня знойдзеш. Любіў дзед дачку сваю можа больш, чымся пан Лісоўскі сівога жарабца, ці што. Пайшоў той пан выбіраць сабе пяць дзяўчат. І што вы скажаце? Забраў і дзедаву дачку. Яна на сабе валасы рве, дзед пану бух у ногі. А ведаеце, што ў паноў літасьці да нашага брата гэтулькі, як на бярозе яблыкаў. Забралі дзедаву дачку. Злы быў пан Лісоўскі, а дзед гнеўны быў. Сьціснуў зубы і маўчаў, і адплаціў, моўчкі адплаціў пану Лісоўскаму. Атруціў гэтага самага сівога жарабца. Пан Лісоўскі адразу здагадаўся, чыя работа, бо за гэтым жарабцом глядзеў толькі дзед Пранук. Доўга пан Лісоўскі думаў, як дзеда пакараць, каб было як найстрашней. Нарэшце прыдумаў і загадаў:

„Павесіць Пранука на адным з дубоў, што на „Гарадку“ растуць. Ды ня проста павесіць, а галавою ўніз інагамі ўверх, каб больш мучыўся хамула!“

Люты быў пан Лісоўскі… Стагодні Солах ня дасьць зманіць. Так і зрабілі… Доўга мучыўся дзед Пранук, пакуль богу душу аддаў. На гэтым „Гарадку“ дзеда Пранука закапалі, як падла, а сівога жарабца ў панскім садзе пан захаваў. Здаецца, ксёндз над магілай жарабца малітвы сьпяваў, бо ў паноў польскіх і коні каталікамі, ці што.

Пры гэтых словах стары Цыпрук заўсёды дадаваў:

„І чаму-ж гэта бог маўчаў? Га? Няўжо-ж ня мог пану адплаціць за такія зьдзекі?“

Мікола добра памятае бацькава апавяданьне.

А вось у 1905 годзе адбылася новая сутычка паміж унукам таго самага пана Лісоўскага і праўнукам Пранука Ярэмчыка, старэйшым братам Міколы. Было так. Тутэйшыя сяляне судзіліся з панам Лісоўскім за сэрвітутную зямлю некалькі год. Выйграў пан. Усе суседзі Ярэмчыка былі злыя на пана, і многія гаварылі, што трэба за гэта пану адплаціць. Як адплаціць, што рабіць — ніхто не сказаў. І брат Міколы сам прыдумаў, сам адважыўся. Сказаў пасьля рэволюцыі 1917 году, што ўспомніў, як прадзеда Пранука пан замучыў, дык вось у адну восенскую цёмную ноч пайшоў на панскае гумно. Пажар асьвяціў тады ўвесь маёнтак. Было сьветла, як удзень.

Прыехалі казакі. Усіх з вёскі Лясоўшчыны загналі ў панскі двор.

— Прызнавайцеся! Хто падпаліў?

Усе маўчалі.

— Прызнавайцеся!

Маўчалі.

— Добра! — сказаў казацкі сотнік і загадаў катаваць усіх нагайкамі.

Знакі казацкіх нагаек на сялянскіх сьпінах засталіся назаўсёды.

І ніхто з сялян ня выдаў Ярэмчыка.

А вось абапал дарогі невялічкія крыжы, зробленыя на скорую руку. Гэта сьляды бежанства. Тудою ў восені 1915 году ўцякалі з паласы фронту сяляне з зямлі Горадзенскай і Віленскай. Казакі палілі іхнія сялібы і нагайкамі выганялі іх з дзедаўскіх насіджаных гнёзд. Тут яны, абяздоленыя бежанцы, гібелі ў восецскім цесьце шэрых дарог ад голаду, холаду, халеры і тыфусу. Пакідалі крыжы.

У гэтым самым лесе, дзе цяпер бяруць дровы, у 1920 годзе знаходзілі прытулак партызаны. Мікола быў тады пятнацацігадовым хлапчуком. Есьці ім насіў. Пан Лісоўскі крычаў, скардзіўся, што па лясох банды жывуць. Аднаго разу папаліся Міколе насустрач два легіёнэры на конях. Ён іх вёў за сабою доўга, завёў у лес. Адтуль легіёнэры ўжо не вярнуліся…

— Багата ў нас цікавых мясьцін, — ня раз гаварыў Мікола Солаху. На гэтых мясьцінах расла нянавісьць паміж беднымі і багатымі, гадавалася крывавымі кветкамі. Адбываліся бунты. Нагайкі і шыбеніцы зноў надзявалі на людзей ярмо. Пад ярмом нянавісьць да багатых расла калючая, як голкі ў пазногці, і няўхільная, як сьмерць. Яна плыла агнёвай рэчкай з гораду ў вёску, з вёскі ў горад. І нянавісьць, выгадаваная сотнямі год, злучыла ў адно гарадзкі молат з вясковым сярпом. І толькі ў восені 1917 г. гэтая нянавісьць знайшла выйсьці і надавала сілу і адвагу скінуць з сябе раз наўсёды адвечнае ярмо.

Хутка, за тры дні, справіўся Мікола з дрывамі. Пасьля гэтага ён пачаў хадзіць да суседзяў, хацеў пагаварыць паасобку з кожным, каб вывучаць іхнія настроі і погляды.

Кожны дзень ён сустракаўся з Саўкам Солахам.

Яны разам пробавалі організаваць моладзь, каб наладзіць невялічкі тэатральны гурток, хату-чытальню (ён прывёз з сабою нямала танных кніжак, у складанку з Солахам выпісаў пару газэт). Была адна бяда: няма памяшканьня для хаты-чытальні.

Пробаваў Мікола гаварыць з суседзямі пра колгас, дык людзі яго засьмяялі.

— Няўжо-ж цяпер, у 1925 годзе, аб такіх справах гаварыць? — жартаваў з яго стары матрос Солах. — Хіба праз 20 год! І то можа ніколі гэта ў нас і ня будзе. А калі дзе і ёсьць дробныя сельскагаспадарчыя арцелі, дык гэта так сабе — гульня! Пабудуць там і выйдуць! Ніхто там ня дбае пра гаспадарку. Кожны сябе глядзіць. Такая ўжо ў чалавека натура. Яе не пераробіш.

— Пераробім! — гарачыўся Мікола.

— Не, братку, рана аб гэтым!

А вось наконт хаты-чытальні, дык гэта мо‘ і ня кепска. І даўней, калі я быў матросам, дык на караблі таксама розныя кніжкі былі. Нават нашаму брату чытаць давалі.

Тут стары матрос пусьціўся ў свае ўспаміны аб тых кніжках. Нібы па хвалях насіўся:

„Севастопальскі бой“, „Цар асвабадзіцель“, „Пётра Вялікі,“ вайсковая славеснасьць ды шмат такіх.

І тады, значыцца, агітацыяю займаліся? — засьмяяўся Мікола.

— А як-жа! О-го-го! — ажывіўся Солах. Бывала, як хто з начальства выступіць перад матросамі гаварыць наконт славы рускага аружжа, веры, цара і ацечаства, дык толькі дзяржыся!

— Соцыялістаў успаміналі? — запытаўся Мікола. — Гэта-ж было пасьля 1905 году.

А як жа! О-го-го! Бывала, як пачнуць сыпаць на ўнутраных ворагаў, на бунтаўшчыкоў, супаставаў і жыдоў-амэрыкантаў, дык толькі дзяржыся! На нашым караблі нават злавілі аднаго такога матроса. У яго знайшлі кніжкі супроць цара. Строга было ў нас з гэтым. О-го-го! Таго матроса забралі. Памятаю, ціхі такі быў, сьветлавусы. Як забралі, дык я больш яго ня бачыў.

Солах захапіўся сваімі ўспамінамі. Вочы ў яго заблішчэлі.

— Адважны народ — нашыя матросы! Часта бунтаваліся супроць цара. Быў нейкі лейтанант Шніт.

— Шмідт, — паправіў яго Мікола.

— Вось-вось, дык аб гэтым Шміце многа гаварылі ў нас.

Солах пачаў блытацца ў сваіх успамінах, і Мікола зноў перавеў гутарку на хату-чытальню.

Уздумалі пакуль што наладзіць куток для чытаньня ў прасторнейшай чымся ў іншых вяскоўцаў хаце Солахаў. Гаспадар абяцаўся для гэтай мэты пазычыць старую шафу, якая стаяла ў сенцах без патрэбы.

— Няхай кнігі і газэты ляжаць у шафе, — параіў ён.

Таксама ён дазволіў у сваёй хаце па вечарох вучыць жадаючых чытаць і пісаць.

— Мне ня шкода. Яшчэ весялей будзе. Толькі няхай газы купяць…

Мікола радаваўся, што хоць нешта будзе зроблена ў гэтай глушы. Ён зьвярнуўся быў па сродкі ў сельсавет, але яму там сказалі, што сельсавет бедны, аб спэцыяльным памяшканьні і думаць няма чаго.

— Яшчэ рана аб гэтым! — кончыў старшыня сельсавету, дробненькі, сухенькі чалавечак, з закручанымі чорнымі вусікамі, з маленькімі шэрымі вочкамі. Ён замахаў на Міколу рукамі. Ня ведаў, як бараніцца ад „надакучлівага“ чалавека.

— Дык я ў раён паеду, буду скардзіцца на вас, — сказаў Мікола.

— Пажаласта, пажаласта!

— Чалавек сказаў гэта такім спрыяючым тонам, нібы Міколу на гарбату запрашаў.


Яшчэ ўдодні, калі мароз страляў па сьценах, стары Цыпрук запрог каня. Саўка і Мікола селі на санкі, і стары павёз іх у раён — у мястэчка Шапалевічы.

Гурбамі былі занесены гумны, гароды і вясковая вуліца. Сівер шчыпаў за вушы.

— Навошта яшчэ і табе, тата, ехаць? Сам з канём спраўлюся, — прасіў Мікола.

— Што ты, ачмурэў, ці што? Як гэта можна? Ты-ж каня на сьмерць загоніш…

Стары Цыпрук быў у такім настроі, што пярэчыць яму нельга было.

Мікола добра ведаў у чым справа, стары проста хацеў паглядзець і паслухаць, новых для яго людзей, пабыць у іншых мясьцінах.

Рад быў стары, як хлапчук вызвалены са школы. Для яго дарога — духоўная страва, найвялікшая прыемнасьць…

З радасьці і каня не шкадаваў.

Не агледзеліся яны, як апынуліся недалёка ад Драздоў і Дзятлаў.

Разьвіднелася.

Стары раптам спыніў каня. Зышоў з санак на сьнег і давай тупацца на адны месцы.

— У ногі празяб? — запытаўся Мікола. — Я-ж казаў, што сам паедзем.

— Не. Вось тут, ці што, я тады, улетку кортрабанду знайшоў, чорны камячок. Якраз супроць гэтых бяроз… Тады і Падласенькую на штраф аддаў…

— Успомніў раптам! — зазлаваўся Мікола.

Яму няпрыемна было аб гэтым гаварыць.

Цыпрук сеў у санкі і давай зноў апавядаць сваю прыгоду з контрабандай, ужо вядомую ўсім у ваколіцы. Праехалі Дразды і Дзятлы, а ён яшчэ ня скончыў. Толькі тады кінуў аб гэтым гаварыць, калі здалёку паказаліся асьнежаныя нізкія дахі мястэчка Шапалевічы.

Прыехалі туды а дзесятай гадзіне раніцы.

Спыніліся каля старасьвецкай карчмы з вывескай „Чайная з заедкамі“.

— Ня шкодзіла-б гарбаты выпіць, — сказаў Мікола. — Пабачым „заедкі“.

Заедзем у стадолу, ці што? — даў згоду стары Цыпрук. — Якраз вароты адчынены.

— Стары накіраваў каня ў вялізную, як поле, стадолу. Падкінуў каню сена, і яны ўвайшлі ў памяшканьне. Прайшлі два вялікія пустыя пакоі, пакуль дабраліся да „чайной“ з „заедкамі“. У пакоі стаяла некалькі доўгіх сталоў, воддаль ля сьцяны буфэт з „заедкамі“: рыба, селядцы, яйкі, булачкі, а побач — печка з катлом і медным кранам збоку.

Іх сустрэў стары высокі падсьлепаваты яўрэй з барадою патрыярха. Маладая жанчына стаяла пры буфэце.

— Дзень добры! — сардэчна прывітаўся Цыпрук. — Гэта-ж у вашай хаце заблудзіцца можна, ці што? Ледзь трапілі!

Мікола і Саўка падышлі да печкі грэцца.

— Камораў шмат у мяне — адказаў гаспадар, — але што толку з іх. Чайком пагрэецеся?

— Вып‘ем!

Маладая жанчына наліла гарбаты з катла.

Яны селі за стол.

— Можа што да чаю? — запыталася яна.

— У нас свая яда, — і Цыпрук палажыў на стол торбу з харчамі. Да іх прысеў стары гаспадар. Паважна пагладзіў бараду і давай прыглядацца да кожнага паасобку падсьлепаватымі мутнымі вачыма.

— Адкуль гэта людзі прыехалі?

Яго голас быў ціхі і рахманы.

— З вёскі. А я цябе, Мэндаль, знаю, — ажывіўся Цыпрук.

— Дзіва, што! Мяне ўся ваколіца знае, — абыякавым голасам адказаў Мэндаль і махнуў рукою. — Мне ад гэтага ніякага прыбытку.

— Цяпер ад твайго чаю галава не закруціцца ў нашага брата. А даўней бывалі бойкі цэлыя ў тваёй карчме, ці што. Помніш?

Па голасе Цыпрука нельга было пазнаць, ці ён шкадуе гэтае „даўней“, ці жартуе з яго.

— Эт! — Мэндаль махнуў рукою. — Шпіхляры ў мяне коопэрацыя заарандавала. Няма з чаго жыць. Але што аб гэтым. Эт! Няма да чаго рук прычапіць, дык я вось грэю кацёл. Эт!

Мэндаль утаропіў у Цыпрука падсьлепаватыя вочы і чакаў спачуваньня.

Мікола і Саўка пакінулі старога Цыпрука твар у твар з Мэндалем і пайшлі па справах хаты-чытальні.

Местачковыя вуліцы былі пустыя, рэдка ўбачыш па іх чалавека. На Саўку і Міколу глядзелі з усіх вакон. Па пустым рынку брылі козы і аблезлыя сабакі.

Райвыканком стаяў воддаль ад рынку ў вялікім новым доме з шырокай вэрандай замест ганку.

У першым пакоі іх сустрэла машыністка.

— Вы, таварышы, па якіх справах? — запыталася яна і выставіла на іх заспаныя сінія вочы. Мікола ёй сказаў.

— Дык вам у культаддзел. Бакавы пакойчык, направа. — Галавой кіўнула на той пакойчык, адвярнулася да сьцяны і пачала з асалодай пазяхаць.

У адгароджаным сьвежымі негабляванымі дошкамі пакойчыку нікога ня было. Доўга чакалі Мікола і Саўка. Нарэшце зьявіўся малады кучаравы чалавек у сінім фрэнчы, у акулярах.

— Вы ка мне, таварышы?

— Да вас, — сказаў Мікола і ад непярплівасьці заёрзаў на месцы.

— Ну, раскажэце ў чым справа? — І кучаравы пачаў церці адну руку аб другую да хрусту ў суставах.

Мікола пачаў:

— Я сам студэнт з вёскі Лісоўшчыны, гэтага раёну, а вось гэты, таварыш Солах, таксама з Лісоўшчыны. Дык вось уявеце сабе, таварыш, што я адзіны комсамолец ня толькі ў нашай Лісоўшчыне, але яшчэ на пару вёсак, на вялікі жаль, больш ня знойдзеце. Вось на цэлы месяц дамоў прыехаў. Вакацыі цяпер у нас. Наша Лісоўшчыча з старых часоў рэволюцыйная. Як мне вядома, тут нават пры паншчыне бунты адбываліся. Пасьля з 1905 году і далей ня мала было ў нас рэволюцыйных учынкаў. Ваявалі з панамі, партызаншчына. Словам, усё тое, што было па іншых нашых вёсках. А вось на дзіва, трэба сказаць шчыра, што цяпер наша Лісоўшчына як бы застыла на месцы. Сяляне адсталыя, вераць у забабоны, у заломы ды ў іншую чартоўшчыну (Мікола нават згусьціў фарбы, каб расчуліць раённае начальства). Я і вось малады таварыш Солах доўга аб гэтым мазгавалі: што рабіць? Пра колгас з сялянамі гаварыў, дык яшчэ мала да гэтага падрыхтаваны, баяцца. Я вось кніжкі розныя прывёз, газэты выпісаў, дык няма ў нас такога кутка, дзе можна было-б пасядзець вечарком. Ведаеце, можна было-б і падвучыць сялян чытаць, можна было б вялікую работу зрабіць. Спэктаклі там, словам, культурную работу вясьці можна. Моладзь ахвоту мае.

Кучаравы чалавек слухаў, ківаў галавою, падтакваў, часта паўтараў: „вельмі-очань добра“, многазначным позіркам утаропіўся ў негабляваныя дошкі сьцяны ды ўсё слухаў.

— Дык вось, таварыш, — гаварыў Мікола, — нам сродкі патрэбны на культурную працу. Трэба яшчэ кнігі набыць, хату-чытальню трэба будаваць. Калі цяпер аб гэтым падбаем, дык да сяўбы можна будзе сьцены паставіць. Лесу набыць можна. Я пастараюся, каб нашыя з Лісоўшчыны ды там іншыя самі бярвеньне вазілі з лесу. Дарога цяпер добрая. Нашыя трохі прывыклі да такой колектыўнай працы. Вось мы, напрыклад, самі, па сваёй ініцыятыве, грэблю добрую зрабілі. Дык вось нам, таварыш, грошы патрэбны на культурную слраву. А то дзе спэктаклі ставіць будзеш? Дзе зьбірацца будзеш?

Кучаравы чалавек забарабаніў пальцамі па стале. Ужо ня чуваць было яго спрыяючых слоў „вельмі-очань добра“, твар выцягнуўся, зрабіўся сур‘ёзным, і блеск акуляр затушоўваў выраз вачэй.

І Мікола яшчэ гаварыў:

— Дык вось, таварыш, якая ў нас справа. Думаю, можа хто-небудзь з раёну зацікавіцца прыехаць у наш сельсавет, каб пазнаёміцца на месцы са справаю. Старшыня нашага сельсавету адмахваецца і рукамі і нагамі.

Мікола змоўк.

— Вы кончылі? — запытаўся кучаравы, прыпадняўся з месца, нібы яго трасло ў возе па кепскай дарозе, і зноў сеў. — Мілыя таварышы! Калі свой сельсавет не памагае, дык я тым больш, бо сродкі гэтага бюджэтнага году ўжо вызначачы для ўсіх сельсаветаў. Кожная капейка мае сваю шчылінку. Хіба вы там сваімі сіламі, а праз год мы дапаможам, абавязкова дапаможам!

Кучаравы мэкнуў, кашлянуў, зірнуў на дзьверы, нібы яго там чакаюць, і „аудыенцыя кончана“…

З кепскім настроем вярнуліся Мікола і Саўка да бацькі. Стары Цыпрук сядзеў забедаваўшыся.

А мне вечна не шанцуе, — папракаў ён самога сябе, — конь падкову згубіў.

— Эт! Ёсьць аб чым бедаваць, — сказаў Мэндаль. — Тут блізка каваль.

— А дзе?

— Вузенькая вулка налева ад рынку. Пытайцеся каваля Лейбу. Кожнае дзіцё пакажа.

Расплаціліся з Мэндалем і паехалі шукаць каваля. Кузьню Лейбы яны скора знайшлі.

— Ты, здаецца, жыў раней у Драздоў і Дзятлаў ці што? — зьвярнуўся Цыпрук да Лейбы, калі той прымерваў каню падкову.

— Жыў. Вы туды едзеце, добрыя людзі?

— Ня туды, але па дарозе.

Лейба ўзрадваўся.

То можа з вамі мая дачка пад‘едзе? Там да сястры. Вы можаце там і пераначаваць, калі вам далёка ехаць.

— Каню цяжка будзе, ці што… — Цыпрук паморшчыўся.

— Няхай сабе едзе, — сказаў Мікола.

— Дарога цяпер добрая. Я затое, што завязеш дачку, ня дорага вазьму за падкову.

— Калі лупянеш, як Мэндаль за чай, тады дзякую, ці што, за гэткую дабрату.

— А вы ў Мэндаля спыніліся? — засьмяяўся Лейба. — Той скуралуп. Хто многа мае, той і дзярэ. У яго набярэцца золата на некалькі падкоў. А я толькі за працу, за голую працу бяру.

Пачало цямнець. Яны выехалі з мястэчка.

З імі ехала і дачка Лейбы, дзяўчына гадоў шаснаццаці; з-пад шарсьцяной хусткі блішчэлі толькі вялікія чорныя вочы.

Была цішыня.

Ноч насоўвала на абшар сіні капюшон.

Над старымі бярозавымі прысадамі ў мутным бяздоньні неба запаліліся тысячы запалак. Буйныя, яскравыя зоркі мігацеліся з такім блескам, нібы толькі што нарадзіліся.

Конь трухаў павольна.

Стары Цыпрук часта мацаў каня, ці не спацеў, цмокаў губамі і незадаволена эхкаў.

Быў лішнім чацьверты пасажыр — дачка Лейбы…

Каб ня сын, дык стары ня ўзяў-бы яе… Не хацеў Міколу сароміць, бо той адразу сказаў:

— Няхай сабе едзе.

Мікола ўступіў ёй свае месца і сям зьвесіў ногі з санак.

Быў незадаволены і Мікола, але зусім іншым: няўдача ў Райвыканкоме. Хоць, здаецца, і там віны ня было ніякай, бо (як тлумачыў той кучаравы) сродкаў няма на гэты год.

„Пачакаем трохі, яшчэ рана“, — думаў Мікола. — „Вось праз год абавязкова наладзім“.

Саўка тым часам гутарыў з дачкою каваля.

Мікола прыслухоўваўся да гутаркі.

Яна, гэта дзяўчына, марыць аб тым, каб паступіць у яўрэйскі пэдагогічны тэхнікум у Менску.

Голас незнаёмай дзяўчыны даходзіць да Міколы як-бы здалёку, трохі прыглушаны тоўстай хусткай.

З-за ружовага воблака высьлізнуўся яркі серп месяца.

Мікола ўспомніў залатыя падковы багатага Мэндаля.

Месяц ткаў у паветры тонкія сеткі павуціны. Асрыбрыўся шэраньню стары конік. Ён дыхаў лёгкімі дымкамі марозьлівай пары.

Мікола глянуў на захутаны хусткаю твар кавалёвай дачкі. Чорныя раней бровы цяпер пасівелі ад шэрані, а яе вялікія цёмныя вочы яшчэ больш павялічыліся і больш пацямнелі.

Плыве месячны серп над сьнягамі. Пыліць перад вачыма срэбным пылам.

Нейкая нязначная чуласьць зьявілася ў Міколы да гэтай незнаёмай дзяўчыны.

Толькі яе вочы бачыў і чуў яе прыглушаны хусткаю голас.

Ён зьвярнуўся да яе:

— Дык вы хочаце паступіць у яўрэйскі пэдтэхнікум? Напішэце туды заяву. Я таксама ў Менску вучуся…

— Вось як! Гэта вельмі добра. — Дзяўчына ўзрадавалася. — Дык вы мне свой адрас дасьцё. Знаёмых у Менску ня маю.

— Добра, з прыемнасьцю. — І ён у думках дадаў: — цёпла на марозе…


Яны спыніліся каля Марцінавай хаты, куды ехала да сястры кавалёва дачка.

— Вось тут мая сястра Мэра жыве, — сказала яна.

Па вуліцы ішлі ў абнімку хлапцы і дзяўчаты. Сьпераду гарманіст. Ён граў нейкую заліхвацкую песьню. Хлопцы прытупвалі нагамі. Дзяўчаты хіхікалі.

— Вечарынка, — сказала кавалёва дачка. — Пойдзем у хату грэцца.

Іх папрасілі начаваць. Пасьля вячэры ўсе пайшлі на вечарынку. Нават стары Цыпрук хацеў паглядзець, як Дразды і Дзятлы гуляюць.

І вось уздумалася Міколе на гэтай вясковай вечарынцы, дзе сабралася моладзь, выступіць з прамовай. Гэткім чынам хацеў пазнаёміцца з тутэйшымі людзьмі.

— Таварышы, папрасіў Мікола, — дазвольце мне сказаць вам некалькі слоў!

Гарманіст падняў бровы дзьвюма дужкамі і абарваў ігру. Танцы спыніліся. Калі раней мала ўвагі зьвярнулі на незнаёмага дзяцюка, дык цяпер усе з дзівам і цікавасьцю на яго глядзелі. Аглядалі з усіх бакоў.

— Таварышы! Я выпадкова, праездам зайшоў да вас, хацеў паглядзець, чым займаецца тутэйшая моладзь. Вельмі добра часам вось так пазабавіцца, вядома без гарэлкі і бяз лішніх там, як бы вам сказаць, выкрутасаў. Але такія вечарынкі бяз нічога іншага, ну, скажам, бяз чытаньня кніг і газэт, бяз спэктакляў, словам, бяз культурнай працы, апрача шкоды, нічога ня прыносяць. Вось бачу, вы забаўляецеся. Так. Запытайцеся ў вашых бацькоў, як яны забаўляліся дваццаць і сорак год таму назад. Яны вам тады скажуць, што так, як вы цяпер. Гэта нядобра, таварышы. Вось няма ў вас (а вёска нямалая) хаты-чытальні. Пэўна, ня ўсе вашыя пісьменныя. Скажэце па шчырасьці, ці ня лепш было, каб вашыя пісьмённыя вучылі няпісьменных? Альбо дамагацца ў сельсавеце хоць-бы настаўніка. Сельсавет павінен ісьці насустрач. А то выходзіць, нібы ў нас і Кастрычніка ня было, ня было рэволюцыі.

У хаце душна. Хлопцы ўсьміхаліся. Дзяўчаты шчыпалі адна адну і ціха хіхікалі. Відаць, што ім нуднавата. На твары гарманіста вялікая незадаволенасьць, нават пакрыўджанасьць: спыніў ігру на самым цікавым месцы.

Мікола ўвайшоў у газарт. Глядзеў на дзесяткі незнаёмых вачэй, ды ўсё новыя думкі лезьлі ў галеву, прасіліся на язык.

Прышло некалькі старэйшых людзей.

— Хто гэта? — пачалі пытацца адны ў адных.

— Агітатар з Менску.

— Гэта мой сын, Мікола Ярэмчык, — дадаў стары Цыпрук. Яму прыемна было, што ўсе зацікаўлены яго сынам.

Па ўсіх куткох блішчэлі папяросы. У хаце стала душна і дымна.

— Часта прыяжджаюць да вас? — запытаўся Цыпрук у нейкага маленькага дзядочка.

— Не-е-э! Дзе там? Цікава паслухаць… Спрытна ён кажа. Дык гэта сын твой, кажаш? — Дзядок абапіраўся аб кій і ўтаропіў у Цыпрука мутныя з чырвонымі абадкамі вочкі.

— А я маніць буду, ці што? — пакрыўдзіўся Цыпрук.

Твар у Міколы расчырванеўся. Кроплі поту блішчэлі на ілбу. Ён захапіўся:

— Вось чуў я, што ў вас нейкі Язэп Крушынскі жыве. Контрабандай займаецца, добры фальварачак мае. Няўжо-ж вы не выкрываеце яго дзейнасьці, яго шкоднай контррэволюцыйнай работкі? Брыдка вам, таварышы, каб тут арудавалі такія людзі. Я думаю, што вам варта было, таварышы, вось так, як вы зьбіраецеся на вечарынкі, зьбірацца ды пагаварыць, як палепшыць сваё жыцьцё. Скажам, арцель наладзіць сельскай гаспадаркі, разам працаваць…

У некаторых вочы трывожнымі сталі. Іскры гневу заблішчэлі ў іх.

Саўка пачаў торгаць Міколу за локаць. Мікола хоць бы што! Ён толькі што пачаў разгортаваць — малюнак эксілёатацыі кулакамі беднаты. Ён толькі што пачаў гаварыць аб тым, што супроць багатых на вёсцы трэба вясьці жорсткае змаганьне.

Трое дзяцюкоў аб нечым пашапталіся між сабою і вышлі на двор.

Калі зорганізуецца бедната ў моцную вялікую сям‘ю супроць заможнікаў, якія па гэты дзень яшчэ зьдзекваюцца над бедным чалавекам, тады яна сама, бедната гэта, захоча перайсьці на колектыўную працу. Фальварак Язэпа Крушынскага можа быць цэнтральным пунктам для такога колгасу. Трэба толькі…

Трое дзяцюкоў зноў вярнуліся ў хату. Яны былі чырвоныя, ад іх пахла самагонам.

— Бі-і-ць агітатараў! — крыкнуў адзін з гэтай заліхвацкай тройкі візгатлівым голасам.

— Бі-і-ць! — падхапіла некалькі галасоў.

— Ня сьмейце ў маёй хаце! — пагразіў гаспадар.

Нехта патушыў лямпу. У хаце пачаўся лямант:

Ратуйце! Забіваюць!


Стары Цыпрук на гэты раз каня не шкадаваў, сьцёбаў з усіх сіл, і сьнежны пыл дыміў з-пад ног каня.

Яны ўцякалі ад Драздоў і Дзятлаў.

На твары Міколы было некалькі сінякоў. Яго і Саўку абараніла гаспадарава сям‘я, дзе была вечарынка. Праводзіла іх да фурманкі. П‘яных хлапцоў абкружылі цьвярозыя, трымалі, супакойвалі, а тыя ірваліся з рук.

У сіні зімовай ночы яшчэ доўга чуваць былі п‘яныя выкрыкі Драздоў і Дзятлаў, зьмешаныя з гукамі заліхвацкага гармоніка.

— Праклятае месца, ці што! — злосна прагаварыў Цыпрук і плюнуў у сьнег. — Тады заарыштавалі мяне на гэтай дарозе за кортрабанду, а цяпер усіх нас забіць маглі.

Мікола маўчаў.

Саўка сьмяяўся і праз сьмех гаварыў:

— Ну і агітатар з цябе, Мікола! Ня ведаеш гэтых людзей і так па сваю рызыку неорганізавана выступаеш!

— Перастань…

Мікола ад яго адварочваўся.

Калі ў сіняве ночы ўтапіліся аганькі вёскі і змоўклі п‘яныя галасы, Цыпрук стрымаў бег каня. Конь, пайшоў павольным крокам.

Заімжыў дробны сьняжок.

Па небе плыў медны чаўнок месяца.