Перайсці да зместу

Язэп Крушынскі (1929—1932)/2/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
25. Драчыха 26. Грыбны вальс
Раман
Аўтар: Змітрок Бядуля
1932 год
27. Новае аб нашай комуне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




26

Грыбны вальс


У МІНУЛЫМ годзе Драчыха сядзела раз у гэтай самай альтанцы з аднэй з былых парабчых. Тая расказала ёй, што тут пан Гардзялкоўскі часта з паненкамі балаваўся, віно піў. Садоўнік нікога ў сад ня пускаў.

З клюбу чуваць музыка. Нібы гучнымі кроплямі мэлёдыя прасочваецца сюды праз пахучы змрок, аплятае Драчыху прыемнай сеткай гукаў.

Драчыха ведае: гэта адна з настаўніц грае на піяніне, па-асабліваму нахіляецца над інструмэнтам, пальцы яе бегаюць па белых клавішах вельмі спрытна. Грае нейкі вальс, які завецца „Грыбным вальсам“. Як пачула Драчыха ўпяршыню гэты вальс, дык вельмі расчулілася і апавядала сваю гісторыю аб грыбах і гэтай самай музыцы: тады было грыбнае лета.

Густы высокі панскі лес і сярод белага дня стаяў змрочнай сьцяною. Вельмі вабіў да сябе грыбамі.

Іншай яды ў той час у Драчыхі ня было.

Доўга гнаўся тады за ёю палясоўшчык пана Гардзялкоўскага. Пры гэтым соп, як мядзьведзь, Яна так спалохалася… Той дагнаў, сарваў хустку з галавы з жмутам валасоў. Галава пасьля гэтага некалькі дзён агнём гарэла… Адабраў кошых з грыбамі і пагнаў яе ў маёнтак.

Валасы на яе галаве раскалмачыліся. Драчыха плакала і нічога перад сабою ня бачыла.

З гэтага самага пакою, дзе цяпер клюб, чуваць была музыка. Ніколі раней Драчыха гэткай пекнай музыкі ня чула. Яна тады спыніла плач і пачала прыслухоўвацца.

Прыгожая паненка высунула галаву з вакна і паглядзела на Драчыху.

Зычным, як музыка, голасам паненка паскардзілася, надзьмула губкі:

— Навошта дапускаеш да майго вакна гэтакіх?

Драчыха ўздрыганулася ад крыўды. Страх прапаў. Забыла боль ад вырванага жмута валасоў. Толькі ў грудзёх нешта загарэлася.

Палясоўшчык зьняў шапку перад паненкай і сказаў:

— У лесе, паненачка, злавіў. Грыбы зьбірала. Самыя лепшыя баравікі выбіраюць хамулы, а для панскага стала ніколі сваіх грыбоў няма.

Раней, ідучы ў маёнтак, Драчыха думала адпрасіцца, каб ёй кошык з грыбамі аддалі, але тут яе рот замкнуўся. Яна маўчала.

— Якія гэтыя вясковыя калматыя, дзікія, — грэбліва сказала паненка.

Драчыха зірнула на яе злоснымі вачыма. Сьлёз у іх ужо ня было. Вочы Драчыхі цьвёрда сустрэлі пагардлівы позірк паненкі.

Тая пачырванела і адвярнулася.

Палясоўшчык, шчупленкі і спрытны, з маленкай чорнай бародкай, кінуў Драчысе хустку:

— На, на, жаба карэлая! Чаго вачыма лыпаеш? Ідзі адгэтуль!

Грыбы панёс на кухню. Нават кошыка не аддаў.

Драчыха пачала каравымі ад працы пальцамі папраўляць валасы.

— Новы кошык, — успомніла яна, як пашла з панскага двара.

Ня плакала. Злосьць была такая, што, каб магла, дык тады маёнтак падпаліла-б…

Яе даганялі гукі пекнай музыкі.

Яна тады праклінала і маёнтак і музыку.

Вось за такую гісторыю жартам назвалі цяпер гэту музыку „Грыбным вальсам“.

Часта настаўніца, дачка аднаго з комунараў, грае той самы вальс, які тады грала паненка.


У садзе пацішэла.

Ня чуваць сьмеху і жартаў. Толькі птушкі пераклікаюцца ў кустох.

— Мабыць, у клюб пашлі.

Драчыха ўскочыла з месца так раптоўна, нібы яе хтосьці даўно кліча, або дзеці пакалечыліся.

— Нельга доўга заседжвацца.

Бягом пусьцілася…

Так „дома“, у Гайдачанах, яна заўсёды рабіла — не хадзіла павольна, а вечна бягом. Засталася старая прывычка. Нават у ранейшай маленькай хатцы знаходзіла месца для свайго „бегу“.

…Часу няма…

Стаяла цяплынь.

У небе цьвілі зоркі.

Успомніла Драчыха, што хопіць ёй часу і стрымала свой „бег“, хаця, каб павольна хадзіць, ёй прыходзілася напружвацца і на гэта пакласьці спэцыяльнае стараньне…

Па жоўтай дарожцы ў садзе Драчыха заўважыла некалькі сучкоў, чысьценька падабрала і палажыла каля старой яблыні.

Ішла ў клюб. Гукі „Грыбнага вальсу“ ледзь чуваць былі. Затое гул галасоў плыў на вялікі дзядзінец з адчыненых вакон разам з палосамі сьвятла.

У тлуме ніхто не заўважыў, як Драчыха ўвайшла ў клюб.

…Чамусьці сягоньня людзі ажыўлены больш, чымся звычайна.

Камунары спрачаюцца, махаюць рукамі.

З урыўкаў гутаркі Драчыха толькі адно ўлавіла:

— Драчык правільна напісаў.

— Драчык перахапіў мерку.

— Ён нахлусіў.

— Ён праўду сказаў.

— Не, не.

На розныя лады людзі мяркуюць пра яе мужа.

— Што тут такое здарылася? — устрывожылася Драчыха.

Яе муж сядзіць тут-жа на канапе і маўчыць. Вочы ў яго такія строгія, што лепш да яго цяпер не падхадзі. Ён пускае ў гару над сваёй галавою махорачны дым і здаровым вухам зацікаўлена прыслухоўваецца да гутарак.

Сьвятло ў клюбе няроўнае. Па сьценах мітусяцца людзкія цені. Плывуць празрыстыя цені па розных портрэтах і плякатах. Затуляе цені куток бязбожнікаў. Эгіпэцкія, кітайскія і хрысьціанскія богі на хвіліну выступаюць у сьвятле, а вось іх зноў пакрыў цень. Строгія багі злуюцца. Мітусеньне сьветаценяў робіць іхнія вочы жывымі, мігатлівымі.

На сьцяне над піянінай цэлы шэраг малюнкаў з каньмі.

Коні, рознага выгляду і масьці, красуюцца на плякатах. Пад кожным плякатам розныя парады пра гадоўлю каня, пра выбары каня, лячэньне.

Цікавяцца ў комуне гадоўляй коняй. Комунарскія коні славяцца на ўвесь раён.

Каля аднае сьцяны ціснуцца людзі.

— Чытаць нельга, адступецеся! — крычыць Калістра. — Не шкляныя вы. Нічога ня відаць!

Людзі адступаюцца і зноў падыходзяць.

На сьцяне сьвежы нумар газэты „Камунар“. Газэта напісана ад рукі буйнымі роўнымі літарамі. Дзе-ні-дзе, паміж слупкамі тэксту, красуюцца карыкатуры. Набела ўсю газэту перапісала настаўніца, якая ледзь чутна наігрывае цяпер ня піяніне „Грыбны вальс“. Здаецца, шго коням грае. Яны нібы прыслухоўваюцца з малюнкаў — нярухомыя, у розных позах.

Настаўніца ціха перабірае пальцамі клавішы і адным вухам ловіць людзкую гутарку.

Карыкатуры маляваў студэнт-практыкант, які прыехаў сюды на некалькі тыдняў. Ён сядзіць цяпер у кутку пры століку і кніжку чытае.

Зьнялі газэту са сьцяны, палажылі на стол. Усе глядзяць на Калістру і сьмяюцца. Пасьпелі даць на яго карыкатуру: ён падае на воз сена Троську і вельмі пацее. Пад ім — рэчка поту.

Троські няма ў клюбе. Пайшоў коняй паглядзець.

— Стараецца праз меру, — сьмяецца нехта. — Можа зьлітуюцца нам ім і ня выкінуць з комуны.

— Чакайце ад яго дабра, як ад казла малака, — устаўляе слова Драчыха і папраўляе хустку на галаве.