Перайсці да зместу

Язэп Крушынскі (1929—1932)/2/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
16. Выратавалі гаспадарку 17. Пад Крушынскага
Раман
Аўтар: Змітрок Бядуля
1932 год
18. „Мая хата культурная“

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




17

Пад Крушынскага


ПРАЗ тыдзень пасьля гэтай гутаркі адгулялі Хвёдарава вясельле без папа.

Улетку Хвёдар ужо меў у пасёлку новую хату, хлеў, гумно, жывёлу і розныя прылады для гаспадаркі.

Ранейшая хлапцоўская вёрткасьць Хвёдара мінула. Ён агаспадарыўся і з выгляду. Тыднямі не галіўся. „Часу няма“, — тлумачыў ён суседзям. Рухі яго зрабіліся павольнымі, зьмеранымі, узьвешанымі. Адчувалася, што калі ідзе куды на дзядзінец, ці ў хаце ад кута да кута, дык ня так сабе, а каб нешта рабіць, нешта паглядзець, ці ляжыць або стаіць на месцы. Ужо калі ступіць дзе, дык пакіне сьлед — патрэбны, карысны для сваёй гаспадаркі. Бровы яго заўсёды цяпер насупленыя, вочы накіраваны ў адзін пункт і нібы прыглядаюцца да тых відовішч, якія Хвёдар малюе ў сваіх думках. Нават голас яго зьмяніўся, пасталеў: няма лішніх неабмеркаваных выкрыкаў. Словы льлюцца павольна, тоненькім шнурком, нібы праводзіцца роўненькая, але глыбокая баразна. Ня кідае Хвёдар слоў на вецер. Кожнае слова выпешчана, вынашана ў думках; выцягвае Хвёдар яго, нібы па кропельцы мёду з поўных сотаў.

Калі гаварыў з кім-небудзь, дык стараўся абдумваць, абмяркоўваць і адшліфоўваць кожнае слова, каб яно было вострым і гладкім, багатым па сэнсу. Дзеля гэтага паміж словамі заўсёды ён рабіў маленькія перапынкі, замаскаваныя клейкім і расьцягненым, гмыканьнем; гмыканьне прышчапілася да яго гутаркі, стала патрэбным, як восі да колаў.

Спачатку ён выгмыкваў такія думкі:

— Г-м-м. Такі закон. Трэба навучыцца гаспадарыць пакультурнаму… Г-м-м. Пасьля, як навучымся, пяройдзем на колектыўныя формы гаспадаркі. Г-м-м. І агроном гаварыў: „пераходная ступень да колгасу“… Г-м-м…

Гэта ён аратарстваў перад суседзямі-пасялкоўцамі, якія ведалі яго зусім інакшым у працягу ледзь ня году пасьля яго звароту з Чырвонай арміі.

Калі-ні-калі наведваліся да Хвёдара яго былыя сябры — Змітрок і Антось Драчык. Зьмітрок жыў у другім пасёлку, а Драчык — у камуне. Яны часта між сабою сустракаліся і разам прыходзілі да Хвёдара.

— Глядзі, Хвёдар, каб ты тут гаспадарчай шэрсьцю не абрастаў і каб твая псіхалёгія, як кажа „Леў Талстой“, не зьмянілася, — гаварыў яму Зьмітрок.

— Г-м-м… ня зьменіцца, — супакойваў Хвёдар.

— А ты пра колгас трубіш людзям у вушы, культурнай справай займаешся? — дапытваўся Драчык. — Люблю шчырасьць, мабыць, сьпіш у шапку.

— Г-м-м… дайце, браткі, людзям ачухацца. Яшчэ новыя гаспадаркі ў пасёлку як мае быць не наладжаны, а ўжо культура, колгас. Г-м-м… Што-ж гэта за скокі такія? Ведаеце, што працаваць на зямлі не гімнастычныя фокусы, а поўная напружаная праца. Г-м-м… Ды я-ж таксама, ведаеце, сам адзін. Няма калі разгульваць. Ня тое, што раней, калі пры бацьку жыў. Усё-ж такі я думаю аб культуры. Г-м-м. Часам агроном сюды прыяжджае раіць, як і што рабіць. Толькі я не чакаю яго. Купляю сам сельскагаспадарчыя кніжкі ды стараюся пакуль што хоць у сябе наводзіць культуру. Пабачаць людзі мае ўраджаі — вось і будзе агітацыя!

Новая хата Хвёдара пахне сьвежай смалою. Вокны вялікія: шмат сонца, шмат сьвятла. Па сьценах граюць сонечныя зайчыкі. У хаце ўсё новае і бліскучае. На стале ў кутку каля сьцяны купка кніжак, газэт. Яго жонка, Марыля, ня вельмі гаворкая, але гаспадыня ветлая, з усьмешкай на ружовым твары. Валасы яе золатам адліваюць, і здаецца, што і ад яе пахне сасновай смалою. Яна цяжарная. Асьцярожна ступае па жоўтай новай падлозе. Ленасьць і дрымотнасьць у яе хадзе.

Задаволена глядзіць муж на жонку. Нібы пасьля буры ў моры дабраўся да ціхай прыстані. Вось угледзеў, што абрус ня роўна ляжыць на стале — паправіў. На падлозе газэта — падняў, злажыў акуратненька і на месца.

Госьці, Зьмітрок і Драчык, пераміргваюцца.

Прынес Хвёдар з сенцаў пляшку гарэлкі. Жонка падала к сталу сыр, масла, сала, хлеба, белую булку.

— Ого! — зьдзівіўся Зьмітрок.

— Люблю шчырасьць, гэта лішняе! — сказаў Драчык.

— Г-м-м… — усьміхнуўся Хвёдар, — вы-ж у мяне самыя найлепшыя таварышы і госьці. Чаму трохі не пабалавацца?

Селі за стол.

Няма жывой шчырай гутаркі паміж старымі таварышамі.

Нібы малазнаёмыя людзі сустрэліся. Зьмітрок глядзіць на новую печ. Драчык утаропіў вочы перад сабою на дзьверы.

Здаецца, што яшчэ кагосьці чакаюць, які павінен увайсьці ў хату, тады толькі пачнецца самае шчырае, цікавае і прыемнае.

Гаспадыня ставіць пачастункі на стол, працяжна і голасна ўздыхае. Хвёдар кладзе гасьцям па відэльцу і нажу, расстаўляе талеркі, чаркі, налівае гарэлкі.

Усё гэта робіцца моўчкі — як-бы ў хаце нехта сьпіць, якога будзіць нельга.

— Г-м-м… калі ласка, таварышы, сілкуйцеся! Г-м-м… — просіць Хвёдар.

— Проша… — кажа гаспадыня.

— Што-ж гэта ў цябе, Хвёдар, за новая прывычка зьявілася? Пры кожным слове гмыкаеш, — заўважыў Зьмітрок.

Хвёдар пачырванеў.

— Вось прычапілася, г-м-м… нейкая дурная прывычка…

— Гэта ад розных думак па гаспадарцы. Глядзі, Хвёдар, каб праз меру ўласная гаспадарка цябе не захапіла. Люблю шчырасьць, ты забываешся аб грамадзкай працы.

— Г-м-м… А ну яе к ліху, зноў загмыкаў, — сьмяецца Хвёдар. Выпіце, браткі, і закусіце. Будзьце пэўны, што застануся такім, якім быў раней, толькі дайце агледзецца. Г-м-м…

Ня клеілася ў іх гутарка, Гарэлка і закуска не памаглі. Моўчкі елі і пілі. Часта спыняліся, забываліся пра яду.

Зьмітрок глядзеў у новую сьцяну сумным позіркам.

Драчык зазіраў Хвёдару ў глыбіню вачэй, нібы нешта вычытваць там хацеў.

Хвёдар адварочваецца. Яму няпрыемна.

Праз адчыненыя вокны крадзецца ў хату ціхі летні поўдзень. Дзынкаюць пчолы. Два каляровыя матылькі ўляцелі праз вакно і замільгалі над сталом. На вуліцы на сонцапёку капаюцца ў пяску дзеці. Сьмяюцца. А вось сварыцца паміж сабою пачалі. Пачуўся дзіцячы плач, працяжны, жаласлівы, гучны.

Усе зірнулі ў вакно.

— Г-м-м… Глупства, — кажа Хвёдар, — пасварыліся, памірацца. Піце, браткі, ежце!

Ён стараецца заглушыць няпрыемнасьць, якая пануе ў хаце.

— Дзякуем, — кажа Зьмітрок. — Чаму да мяне ня прыдзеш?

— Усё, г-м-м… няма калі…

— А колькі разоў прасіў цябе паглядзець наш „Чырвоны Кастрычнік“. Люблю шчырасьць, цікавіцца перастаў нашай камунай. Стары „Леў Талстой“ і то часта наведваецца.

— Пасьпею, дайце агледзецца! — з хваляваньнем у голасе адказвае Хвёдар.

Падняўся з зэдліка і давай спацыраваць па хаце туды і сюды. У гэтыя хвіліны Хвёдар зноў як-бы стаў ранейшым (да наладжваньня ўласнае гаспадаркі): рухлівым, гарачым, вёрткім, шчырым і натуральным. Ранейшы голас, ранейшы бляск у вачох. Ходзіць па хаце і гаворыць так, нібы перад самім сабою апраўдваецца:

— Усе гады пражыў у беднаце, у гразі, у цемнаце. Дык ці-ж ня маю права і я, г-м-м… наладзіць сваё жыцьцё? Хачу трохі на ногі падняцца. Няўжо-ж гэтым раблю злаўчынак перад бядняцкай грамадою? Я-ж таксама сябар грамады. Я-ж ня болей як чалавек. Г-м-м…

Зьмітрок міргнуў Драчыку, Драчык — Зьмітраку.

— Бярэшся пад Крушынскага… — заўважыў Зьмітрок.

— Правільна! — пацьвярдзіў Драчык і стукнуў кулаком аб стол.

— Што вы, таварышы? — пакрыўдзіўся Хвёдар. — Крушынскі эксплёатуе чужую працу. Ён багатыр, а я? Г-м-м… Я ўсё сваімі рукамі. Во, глядзіце, — мазалі на маіх руках. Наркамземаўскі аграном хваліць мяне кожны раз, як сюды прыяжджае.

— Ты забыўся на беднату, на сацыялістычнае будаўніцтва. Думаеш толькі аб сабе. Вось што, Хвёдар, я табе скажу! — прабіраў яго Зьмітрок.

— Праз некаторы час зробішся воўкам, мядзьведзем у бярлозе. Люблю праўду, гэта факт! Вось і пасёлкі! Вось яны! — крыкнуў Драчык. — Ражнамі лезуць яны ў горла! Ну, і прыдумаў Нарказем! Гэта-ж чорт ведае што…

Твар у Хвёдара наліўся крывёю. Вочы памутнелі і зрабіліся вільготнымі.

— Браткі… — пачаў ён дрыжачым голасам. — Вы-ж сапраўды лічыце мяне злачынцам. За што? За тое, што перасялілі на новае месца і далі магчымасьць весьці па-культурнаму гаспадарку і па-культурнаму жыць? Г-м-м… За тое, што я чытаю газэты і кніжкі і хачу суседзям паказаць розьніцу паміж маёй гаспадаркай і іхняй? Г-м-м… Каб мог-бы, дык сэрца сваё паказаў вам, што я гэта ўсё шчыра раблю, шчыра… Г-м-м…

Хвёдар змоўк. Сеў за стол, падняўся, гмыкнуў і зноў сеў. Па ўсім відаць было, што чалавека нешта мучыла. Ён сабе месца не знаходзіў. Адварочваўся да вакна, зганяў мух з падаконіка, глянуў пустымі вачыма на гасьцей, на хату і ня ведаў, што рабіць і дзе дзецца.

Зьмітрок падсунуўся да яго бліжэй, пасяброўску палажыў яму руку на плячо і лагодным голасам шапнуў:

— Супакойся, Хвёдар, супакойся.

Гаварыў ён да Хвёдара такім тонам, нібы доктар да хворага. Гаварыў ад усяго сэрца:

— Глядзі, вось у пасёлку, дзе я жыву, малочнае таварыства наладзілі, машыннае, мэліорацыйнае. Я бадай кожны дзень пасялкоўцам газэты чытаю. У цябе нічога гэтага няма.

— Будзе! — крыкнуў Хвёдар на ўвесь голас, і ад нутранага хваляваньня твар яго афарбаваўся ў колер цэглы.

Жонка Хвёдара моўчкі прыслухоўвалася да гутаркі і варожымі вачыма глядзела на гасьцей. Ледзь-ледзь з яе языка не сарваліся словы такога зьместу:

— Чаго вы прышлі? разбурыць тое, што мой Хвёдар пачаў будаваць? Няма чаго сказаць, добрыя таварышы!

У хаце стала ціха. Няпрыемнай была гэта цішыня. Ніхто ня ведаў, аб чым яшчэ гаварыць. Усё было сказана. Усё было абмеркавана.

Зьмітрок утаропіўся вачыма ў бутэльку з гарэлкай, на якой сонца грала колерамі.

Драчык прылажыў руку да грудзей, і на твары яго быў такі выраз, нібы яму не хапае паветра.

Хвёдар схаваў вочы пад брывамі, увесь як-бы сьціснуўся і чакаў новага нападу.

Ва ўсіх было адно і тое самае жаданьне: як найхутчэй разысьціся хто куды. Гарэлка і закуска стаялі на стале бадай нечапаныя. Быў страчан апэтыт.

І госьці і гаспадар адчулі, што паміж імі ўстае сьцяна. Пакуль што паложана толькі адно бервяно. Яшчэ можна праз яго пераходзіць. Але бярвеньні будуць паднімацца адно за адным. Сьцяна будзе расьці і расьці, аж пакуль з абодвых яе бакоў адны адных бачыць ня будуць.

На адным з адчыненых вакон грэецца на сонцы белы тлусты кот. Ён паглядае на хату дрымотнымі сажмуранымі вачыма. З двара чуваць, як квактуха кліча сваіх куранят. А вось з боку агароду пачуўся гуд — вясёлы, гуд з тонкімі перазвонамі: нехта вядзе адну ноту на ліры.

Усе наставілі вушы.

— Што гэта гудзе? — усхапіўся Хвёдар.

Яго жонка, якая ўвесь час маўчала, успляснула рукамі і крыкнула ў роспачы:

— Малады рой вылецеў! Хвёдар, хутчэй!

Хвёдар ускочыў з месца ўстрывожаны, нібы дом загарэўся.

— Прападзе малады рой…

Захлапочаныя Хвёдар з жонкаю выбеглі на двор і давай гнацца за пчоламі.