Язэп Крушынскі (1929—1932)/2/16
| ← 15. Хрэсьбіны | 16. Выратавалі гаспадарку Раман Аўтар: Змітрок Бядуля 1932 год |
17. Пад Крушынскага → |
16
Выратавалі гаспадарку
ПАСТАНОВА аб пасёлках адбылася тэй зімою і ў Драздоў і Дзятлаў. На вясну ў Гайдачанскім сельсавеце пачалася завіруха: каморнікі, перавозка маёмасьці, перарэзка зямлі, лес, будаваньне на новых мясцох, пры гэтым сваркі між сялян за лепшую зямлю, за лес ды іншае.
Антось Драчык выканаў сваё слова: пашоў у комуну „Чырвоны Кастрычнік“. Зьмітрок зацікавіўся пасёлкамі і падаўся туды.
Адразу, пасьля пастановы аб пераходзе гайдачан на пасёлкі, сяляне разышліся па хатах. Марцінава хата, у якой адбыўся сход, здавалася пасьля сходу прасторнай, як ніколі.
Было так накурана, што прышлося адчыніць дзьверы ня гледзячы на мароз. Марцініха выцірала адразу падлогу на якой стаялі лужыны ад сьнегу, нанесенага лапцямі гайдачан.
Марцін Тумілоўскі, бацька Хвёдара, пахмурнеў. Ён разуўся з такой уважлівасьцю, нібы зьбіраўся праверыць, колькі пальцаў у яго на нагах.
Пасьля шуму і галасу на сходзе ў хаце стала ціха. Марцінава сям‘я адпачывала ў цішыні, усе маўчалі.
Гаспадар узьлез на печ і зьвесіў ногі ўніз. У яго вачох была такая рашучасьць і пагрозьлівасьць, як бы ён зьбіраўся зараз зарэзаць чалавека. Ён хмурыў чарнявыя бровы і шукаў месца куды ўтаропіць для самотнага раздум‘я свой цяжкі, як жалезныя гіры, позірк. Супроць яго босых ног, з якіх даўно адлупіўся закарэлы летні гной, стаялі на падлозе яго скураныя атопкі. Яны былі пастаўлены так, каб, саскочыўшы з печы, можна было адразу трапіць у іх нагамі.
Марцін — кароткі шырокі ў плячох, з моцнымі рукамі і нагамі, з вялікай круглай, як гарбуз, галавой, — здаваўся каменным, цяжкім. Вось расьцісьне печ. Пад яго цяжарам яна раздасца, разваліцца на цэгліны. Селянін сядзеў нярухома. Яго цёмныя вочы ўпёрліся ў новы хамут, які вісеў на сьцяне.
Хатнія не чапалі Марціна. Між сабою гаварылі шэптам, нібы ў хаце знаходзіцца вельмі хворы чалавек. Нават Хвёдар, які заўсёды любіў пашумець, стараўся на гэты раз быць няпрыкметным.
— Дзьве рэчы лезьлі неадчэпна ў мазгі старога, супакою не давалі. Часта ён мармытаў назвы гэтых рэчаў:
— Гной…
— Вясельле…
Надварэ пасьля адлігі пачалася завея. Сьнег пытлюецца за вокнамі, круціцца шархаюцца каля сьцен. Маленькая лямпачка на стале кружыць вакол сябе сьветла-жоўты круг.
Хатнія кладуцца спаць, а Марцін усё сядзіць на печы. Ён абдумвае свае новыя гаспадарчыя пляны ў сувязі з пераходам на пасёлкі.
У запечку скрабуцца мышы. Сьнег на дварэ туліцца да сьцен, засыпае вокны. Вецер ледзь-ледзь у коміне завывае.
— Гной…
— Вясельле…
Хатнія ляжаць на ложках. Ня сьпяць. Ніхто лямпы ня тушыць, бо гаспадар яшчэ ня думае спаць, хаця позна ўжо.
Здаецца на першы погляд, што гной і вясельле ніякага дачыненьня ня маюць да пераходу на пасёлкі. Хатнія, якія чуюць гэтыя словы з вуснаў гаспадара кожныя дзьве-тры хвіліны, ня могуць здагадацца, да чаго ён іх устаўляе ў сваю маўклівасьць, нібы тычкі ў пустое поле.
Марцін сьвідруе цяжкім позіркам хамут на супроцьлеглай сьцяне.
З самых маладых год Марцін вельмі шануе гной. Ён часта паўтарае свае спрактыкаваныя агранамічныя веды — калі добра ўгнойваць зямлю, яна дае добры ўраджай; для зямлі гной — тое самае, што хлеб для чалавека, авёс для каня.
Ён гэта гаворыць кожны раз з такім захапленьнем, нібы толькі што сам вынайшоў гэты спосаб палепшаньня ўраджаю. На зямлю ён глядзіць, як на жывую істоту, і шануе яе харч — гной. Вельмі рупліва ён заўсёды запасіць гной у хляве, зьбірае яго на дзядзінцы, на вуліцы, на выгане і кошыкамі у хлеў носіць… Суседзі з яго сьмяюцца, а ён увагі не зьвяртае.
Калі вясною ці ўвосені Марцін выходзіць на рунь, дык заўсёды яго палоскі вызначаюцца, гусьцейшыя і вышэйшыя, чымся ў суседзяў.
Ён тады гаворыць толькі адно слова, укладае ў гэтае слова вялікі сэнс:
— Гной!
Глядзіць пераможцам на суседнія шнуры.
— Не варухнецца цяпер Марцін на печы. Перад сабою нічога ня бачыць. Ня чуе, як за сьценамі хаты гуляе завея, кідае сьнегам у сінія шыбы вакенцаў, дзьме ў комін, сьвішча. Лямпа міргае на стале жоўтым вокам.
— Камусьці чужому пакіну ўгноенае поле, думае Марцін. — Як на ліха ўвосень увесь гной вычысьціў з хлява. Каб ведаў, дык два гады падрад зьбіраў-бы ў хляве… Чорту лысаму застанецца…
Адчуваў Марцін, як сэрца ў яго баліць.
— Шкада…
Баліць сэрца, нібы хто сьціснуў яго моцнымі пальцамі і трымае…
Другі Марціну клопат:
— Яшчэ да службы ў Чырвонай арміі круціўся мой Хвёдар з Язэпавай Марыляй. Ходзіць, ходзіць да яе, дыбае, як бусел, а толку мала. Цьфу! А дзеўка гаспадарная ды з твару гладкая.
Ні ён — Марцін, ні Язэп — бацька Марылі, нічога супроць гэтых залётаў ня маюць. А вось чакаюць…
Чакаюць год, другі, трэці. Хвёдар ходзіць да Марылі, на вечарынках заўсёды разам, часта шэпчуцца то каля Язэпавых, то каля Марцінавых варот, а толку ніякага.
Можа што колечы і вышла-б у іх, але ёсьць тут адна закавычка.
Хвёдар ня прызнае папоўскага шлюбу. Бацькі Марылі не прызнаюць бясшлюбнага вясельля. Марыля не пабаялася-б і бяз шлюбу пабрацца з Хвёдарам, але ня хоча астацца без пасагу. Яе бацька ня раз гаварыў, што пасагу ня дасьць, калі не пажэняцца „па-людзку“. Ня будзе яна мець тады ні кароўкі, ні парсюкоў, ні таго-сяго… Хвёдар і на гэта пашоў-бы. Часта ён гаварыў Марылі:
— Паедзем у горад, Дастану працу і будзем жыць.
— Баюся гораду. Ты мяне кінеш у горадзе, — кожны раз адказвала Марыля.
Цягнецца час доўгаю істужкаю для Хвёдара і Марылі, а на гэтай істужцы ўсё адно і тое самае напісана!
Адбедаваў Марцін на печы свой гной, які ўсё роўна назад з поля ня зьбярэ, каб забраць з сабою на пасёлак.
Але вось другая бяда — вясельле Хвёдара.
Вельмі непакоіць старога і гэта справа. Зьлез Марцін з печы, крэхчучы і стогнучы, затушыў лямпу і лёг спаць.
Ён заснуў з пэўнай думкай:
— Маё возьме!
Яшчэ ў сьне ён крахтаў і стагнаў, але ўжо ад прыемнасьці нібы пад бярозавым распараным венікам у лазьні.
— Маё возьме!
На яго губах, абкружаных цёмнай шчэцьцю валасоў барады і вусоў, прытаілася злодзеем задаволеная ўсьмешка, нібы вось зараз ён прачнецца і скажа:
— Маё возьме!
Завея гуляла ўсю ноч.
Марцін рана падняўся з ложку, вышаў з лапатай на двор, каб вызваліць ад сьнегу дзьверы і вокны і раскапаць сьцёжку да хлявоў, да гумна і да вуліцы. Да поту працаваў. Пасьля такой працы пасьнедаў, насунуў на ногі сьвяточныя боты, апрануўся ў жоўты кажух і вышаў з хаты…
— Куды яго панесла? — запыталася Марцініха ў Хвёдара.
Хвёдар моўчкі паціснуў плячыма.
Марцін ішоў па гайдачанскай вуліцы цьвёрдым крокам чалавека ўпэўненага ў сваёй перамозе. Трымаў галаву роўна перад сабой і не аглядаўся па боках.
За ноч навярнула на ўсю вуліцу адну вялізную гурбу сьнегу. Трэба было выбіраць каля сьцен, каля платоў, але Марцін не зьвяртаў увагі. Месцамі ён па калені ў сьнег увальваўся, але выратоўвалі доўгія халявы яго новых ботаў. А вось вуліца павярнула ў другі бок, дзе ня было сьнегу.
Супроць хаты Антося Драчыка ён незнарок стукнуўся лоб у лоб з „Львом Талстым“. На далікатную заўвагу старога „тоісь, як гэта?“ ён нават не адказаў.
Адна думка сьляпіла яму вочы і надавала бадзёрасьці:
— Маё возьме!
Язэп — дзьдзька з рыжай барадой і ружовым гладкім тварам — угледзеў яго яшчэ з вакна, сустрэў ля самых дзьвярэй.
— Сваток?
— Сваток.
Ужо некалькі год яны называюць адзін аднаго сватамі.
Язэп прыемна сажмурыў вочы, нібы не на Марціна глядзіць, а на яснае сонейка і запытаўся:
З якою навіною?
З такою, што нам трэба найхутчэй скончыць гэту справу — вясельле.
Марцін яшчэ не адсопся ад хады па глыбокім сьнезе.
Голас яго выклікаў трывогу ў Язэпа.
— Што здарылася? — спалохаўся Язэп. — Можа твой Хвёдар ужо…
Ён не дакончыў і строга зірнуў на сваю дачку Марылю, якая мыла гаршкі каля печы.
— Не, — засьмяяўся Марцін. — Мой Хвёдар не з такіх.
— І мая Марыля не з такіх.
— Але як найхутчэй трэба ладзіць вясельле.
Пры гэтым Марцін махнуў рукою, нібы адганяў ад сябе надакучлівых мух.
— Уламаў сына на людзкі шлюб.
— Не, дзе там! Але ўсёроўна трэба…
Язэп спахмурнеў. Раней зажмураныя вочы расплюшчыліся. Сіняватая сталь заблішчэла ў іх.
— Значыцца, нічога ня будзе, калі так. Пачакаем, сваток. Ведаеш, я сказаў: і аман, як адрэзана!
— Будзе! — зароў басам Марцін. — Яшчэ як будзе.
Ён з упэўненасьцю палажыў цьвёрдую руку на Язэпава плячо.
— Ніколі за бязбожніка дачкі сваёй не аддам! Ніколі!
Пры гэтым Язэп ківаў галавой направа і налева ў знак пацьверджаньня сваіх слоў.
Марцін, адчуваючы сваю перамогу, якую зараз будзе мець, захіхікаў тоненькім хітрым сьмяшком, адразу стрымаў свой сьмех, зрабіўся сур‘ёзным і давай тлумачыць:
— Кінь, сваток, бязбожніцтва і божніцтва! Ад гною большая карысьць, павер ты мне. Калі яны, маладыя значыць, цяпер не запішуцца, дык можа прапасьці цэлая гаспадарка. Я тады скажу, сваток, што ты зьнішчыў, спаліў гасцадарку. Мае словы шчырай праўдай будуць. Вось што!
Язэп адскочыў на крок назад і вылупіў на свата зьдзіўленыя вочы.
Як гэта гаспадарка?
— А так, гаспадарка…
Чорныя вочы Марціна і сінія вочы Язэпа перапляліся рознакаляровымі агнямі зьдзіўленьня і многазначнасьці.
— Як гэта?
А так…
— Нічога не разумею!
— Зразумееш!
…Жартачкі — гаспадарка… — думаў Язэп.
— Ого гаспадарка… — меркаваў Марцін.
Зараз-жа бязбожніцтва і божніцтва адплылі кудысьці далёка ад іхняга ўяўленьня, як-бы ніколі сваты ня чулі царкоўнага звону, ніколі ня бачылі айца Дзімітрыя, які ня так, як усе папы, свае казаньні гаварыў.
Думкі сватоў былі вельмі падобныя адны да адных.
„Прападзе гаспадарка“.
Якая? Дзе? Якім чынам?
Гэта ўжо ня так важна. А гаспадарка гэта — хата, хлявы, пуня, гумно агароды, жывёла, поле…
Сэрца Язэпа забалела.
…Што за загадка?
Непакоіўся, рабіў сумны выгляд і Марцін. Яго трывога была робленая, каб падбухторыць Язэпа. Ён добра ведае, што гаспадарка не прападзе. Зараз вытлумачыць Язэпу.
Водгаласкам на яго думкі Язэп сказаў:
— Дык растлумач, сваток, у чым справа?
— Справа простая. Пераходзім на пасёлкі?
— Пераходзім.
— На кожную сям‘ю даюць надзел зямлі?
Даюць.
У мяне цяпер адна сям‘я — разам з Хвёдарам?
— Адна.
— А калі Хвёдар ажэніцца, будуць дзьве сям‘і, і на яго дадуць надзел зямлі. Зразумеў?
— Зразумеў…
Язэп церабіў бараду, і вочы яго зрабіліся такімі вінаватымі, нібы ён сапраўды хацеў разбурыць гаспадарку.
Марцін глядзеў на яго хітрымі вачыма і хіхікаў, і ў яго словах адчуваўся лагодны сьмяшок.
— Ну, сваток, што па-твойму важней — гаспадарка, ці шлюб у цар…
Язэп ня даў яму скончыць. Сажмурыў вочы і кінуў у хату загад:
— Хутчэй да Сымона па самагонку!