Перайсці да зместу

Язэп Крушынскі (1929—1932)/2/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
10. Дзьве лініі шчырасьці 11. Комуна „Чырвоны Кастрычнік“
Раман
Аўтар: Змітрок Бядуля
1932 год
12. Аграномаўская „мімрыка“

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




11

Комуна „Чырвоны Кастрычнік“
(Чацьверты ўрывак з рукапісу „Льва Талстога“)


НЕ ПАМЯТАЮ, што я гаварыў, але не агледзеўся, як апынуўся на Драчыкавых санях.

Мы паехалі.

Ужо назаўтра вечарам Драчык, Хвёдар і Зьмітрок мне апавядалі: спачатку думалі, што я падхалімоніўся гарэлкай. Потым меркавалі, што я звар‘яцеў. Так.

Трэба прызнацца, я сказаў ім адным гакам усё, нібы з кулямёту стрэльнуў, новую анкету:

1. Уцякаю ад жонкі.

2. Адмаўляюся ад братэрскага сваяцтва з кулаком Сымонам Гарбочыкам.

З. Мяняю сваё прозьвішча Гарбочык на Талстой.

4. Люблю шчырасьць (пры гэтым стукнуў сабе кулаком у грудзі).

5. Няхай Драчык, Хвёдар і Зьмітрок лічаць мяне сваім чалавекам.

Трэба прызнацца, пры гэтым я плакаў, як малое дзіцянё.

Яны мяне ледзь супакоілі. Так.

Калі мы прыехалі ў „Чырвоны Кастрычнік“, да мяне вярнуўся ранейшы супакой. Трэба прызнацца, вярнулася ранейшая здольнасьць маіх псыхолёгічных вачэй, тоісь назіраньня за падзеямі жыцьця і зьбіраньня матар‘ялу для майго твору.

Мы трапілі якраз на вячэру ў агульнай сталоўцы комуны. Нас зараз-жа пасадзілі за стол. Мы тут адчувалі сябе роўнымі з усімі комунарамі. Пасьля вячэры старшыня комуны апавядаў нам пра гаспадарку, паказаў у лічбах, як комуна расьце з году ў год. Так.

Драчык штурхнуў мяне ў бок.

— Ну, што скажаш цяпер?

— Надта добра. Так — сказаў я.

— Глядзі, кніг тут шмат, — зьдзівіўся Хвёдар, глянуўшы, як старшыня адчыніў вялікую шафу.

Назаўтра мы агледзелі ўсю іх гаспадарку: сыраварню, абору для жывёл, стайню для коняй, крухмальню.

Мне трохі дзіўна было тое, што яны нам усё гэта паказваюць, як начальству якому. Нібы хочуць сказаць так:

— Калі вам, таварышы, не падабаецца наша праца, дык пастаўце іншых працаўнікоў.

— Ага! — кожную хвіліну штурхаў мяне ў бок Драчык. — Бачыш, як тут добра! Ага!

— Тут, але ня ў нас, — ахалоджваў я гарачага Драчыка.

— У Гайдачанах тое самае будзе! Зробім!

Раней „Чырвоны Кастрычнік“ называўся Хадыкаўкай — маёнтак пана Гардзялкоўскага, які ўцёк з белапалякамі. Калісьці тут парабкі на пана працавалі. А пан вечныя балёўкі ладзіў у белым палацы на запрацаванае парабкамі дабро. Памятаю добра шустрага, быстрага, з тонкімі вусікамі, пана Гардзялкоўскага. Высокі, зграбны. Усё паненак пстрыкатых з Менску дастаўляў на баляваньне. Вечныя суды былі паміж панам і сялянамі вакольных вёсак. Ня раз прыходзілася мне перапісваць гэтыя судовыя справы. Так. Галоўным чынам судзіліся за крадзеж лесу і за сэрвітутную зямлю. Заўсёды выйгрываў пан. У 1905 г. падпалілі панскае гумно. Панаехала тады многа стражнікаў, вураднікаў, прыстаў і сам іспраўнік. Сялян лупцавалі нагайкамі.

— Што так задумаўся, таварыш? — запытаўся ў мяне старшыня камуны, здаровы мужчына гадоў трыццаці пяці, нізкі, шырокаплечы, са сьлядамі воспы на твары.

— Успамінаю, тоісь, старыя часы.

— Калі тут лепш жылося?

Я пагладзіў бараду і сур‘ёзна адказаў:

— Тут дваякае, тоісь, псыхолёгічнае жыцьцё. Так.

— Як вас, таварыш, трэба разумець? — усьміхнуўся ён.

— А проста, раней тут багатыя балявалі, а парабкі бедавалі. Цяпер наадварот. Так.

— Правільна! Люблю шчырасьць! — крыкнуў Драчык, які здаровым вухам прыслухоўваўся да нашай гутаркі, а вачыма глядзеў праз вакно на цагляную будыніну крухмальні.

— Можа хочаце былога пана паглядзець? — запытаўся з ўсьмешкаю старшыня.

— Ён-жа ў Польшчы? — зьдзівіўся я.

— Ён тут. Пойдзем, пакажу.

Старшыня павёў нас у вузенькі, доўгі пакойчык, дзе ляжала куча рознага барахла. Пакапаўся ў сьціртах паперы і выцягнуў адтуль вялізны партрэт.

— Пан Гардзялкоўскі, як жывы! — крыкнулі разам Драчык і я.

— Навошта вам гэты партрэт? — запытаўся Хвёдар.

— Пэўна для музэю, — сказаў Зьмітрок.

— Не, — тлумачыў старшыня. — Гэта на тое, каб напомніць часам комунарам пры розных непаразуменьнях.

— У вас спрэчкі бываюць? — занепакоіўся Драчык.

— Цяпер не, а раней, пакуль не наладзілі добра гаспадарку, бывалі. Я тады прыносіў комунарам, былым парабком, партрэт пана Гардзялкоўскага. Як толькі на яго глянуць, дык зараз усе спрэчкі канчаліся. Нічым, бывала, іх так не пераканаеш, як партрэтам гэтай п‘яўкі. Комунары яго добра памятаюць. Вельмі ня хочуць, каб ён вярнуўся…

Усе засьмяяліся.

— Нашы комунары ніколі ня пусьцяць яго назад у „Чырвоны Кастрычнік“. Жыцьцё аддадуць, і ня пусьцяць. Я гэта добра ведаю, — сказаў старшыня. — Улетку мы тут электрычнасьць наладзім.

Потым мы расьселіся ў мяккіх панскіх плюшавых крэслах, якія стаялі у клюбе — у былой панскай залі.

Драчык сеў з нейкай апаскаю, нібы баяўся.

— Люблю шчырасьць! — сказаў ён. — Ня прывык я да гэткай раскошы! Аж нялоўка…

— Спачатку комунары так сама не хацелі на плюшы сядзець. Пасьля навучыліся. Толькі падавай, — вытлумачыў старшыня.

Раптам ускочыў у клюб устрывожаны дзяцюк.

— Таварыш Шаневіч, — зьвярнуўся ён да старшыні. — Ведаеш?

— Ня ведаю.

Зноў падстрэлілі.

Каго?

Пана Гардзялкоўскага.

Як пана Гардзялкоўскага? — усхапіўся радасна ўстрывожаны Драчык.

Мы ўсе так ускочылі з сваіх мяккіх крэслаў, ажна спружыны пад плюшам зазьвінелі музыкай.

Старшыня ўсьміхнуўся, калі заўважыў наша зьдзіўленьне, і зьвярнуўся да дзяцюка:

— Дзе цяпер пан Гардзялкоўскі?

— На ганку. Увесь ганак у крыві. Пан Гардзялкоўскі, мабыць, хутка сканае. Вельмі шкода.

Мы ўсе разьзявіліся і вочы вылупілі.

— Што тут за гульня адбываецца?

— Пільнуй хаця ангельскіх лёрдаў, — зьвярнуўся занепакоены старшыня да дзяцюка.

— Яны ўсе на моцных ланцугох, супакоіў яго дзяцюк.

— Мы зарагаталі.

— Гэта-ж сабакі! — крыкнуў радасна Драчык.

— Няма чаго радавацца, — заўважыў старшыня. — Кулакі, якія жывуць па суседзтву з „Чырвоным Кастрычнікам“, нішчаць нашых лепшых сабак, Ня раз кулакі мерыліся падпаліць нас. Але ў нас варта па начох ходзіць з добрымі сабакамі, хоць сабакі носяць такія паганыя імёны.

Мы прабылі там-жа да вечара другога дня. Жылі, як у гасьцёх. А Драчык усё браў іх на цыгундар крытыкі. Хлявы не ў парадку, ня ўсе камунары жывуць у добрых памяшканьнях. Прыбытак крухмальні трэба падвялічыць.

— Ціха ты, — сказаў я. — Чаго лезеш не ў сваё?

— Як гэта не ў сваё? — выставіў на мяне Драчык зьдзіўлёныя вочы. Комунары сьмяяліся. Вядома не з Драчыка, а з мяне. Так.

Трэба прызнацца, я тут адпачыў душой. Нас прасілі наведацца сюды з вясны, калі праца закіпіць на полі.

Вярнуўшыся з „Чырвонага Кастрычніка“ ў Гайдачаны, я не пашоў дамоў, а застаўся ў Драчыка. Але не пасьпеў у яго пераначаваць хоць адну ноч. Зараз-жа даведалася мая Барбара. Прыбегла і завыла над маёй галавою. Я пашоў да хаты. Я-б можа пакуль што застаўся ў Драчыка, але ў яго вось якая супрацівалегласьць — маленькая хатка і вялікая сям‘я. Дзе-ж мне тут пісаць свой твор?


„Леў Талстой“ палажыў кнігу на паліцу і зьняў акуляры з носа.