Юнацкі сьпеўнік (1944)/Пагоня

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Беларусь наша Маці-Краіна Пагоня
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1944
Крыніца: Юнацкі сьпеўнік, 1944
Беларуская зямліца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пагоня (Багдановіч)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Пагоня


Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах;
Успомню Вострую Браму Сьвятую
І ваякаў на грозных канях.
 
У белай пене праносяцца коні,
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць;
Старадаўнай крывіцкай пагоні
Ні разьбіць, ні спыніць, ні стрымаць.

У бязьмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі — гады.
Вы за кім у пагоню сьпяшыце?
Дзе шляхі вашы ідуць і куды?

Мо’ яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі Цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?

Б’еце ў сэрцы іх, — б’еце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць…

Маці родная, Маці-Краіна!
Не усьцішыцца гэтакі боль…
Ты прабач, Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь.

Усе лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўнай Крывіцкай Пагоні
Ні разьбіць, ні спыніць, ні стрымаць!