Юдам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Юдам
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/4913#71923


Да вас, паны, што голасна крычыце
Аб прыязьні сваёй да «беднага народу»,
Што раіце па-лісьсяму: «Маўчыце,
Нядоўга вам дамо багацтва, волю, згоду», —
Да вас мой гэты верш і словы ўсе благія,
Бо слова вы адны, а справамі — другія.
        «Багацтва вам»… Няма вам нашай веры!
        Бо ў той жа год ліхі, як ў полі не ўрадзіла,
        Галоднаму на прокарм хлеба меры
        Аднэй ня далі вы. І злаялі няміла…
Калі для нас жадаеце багацтва,
Нашто зь бяздольнага зьдзіраеце апратку?
Нашто ж тагды вы плодзіце жабрацтва,
Дамы пустошачы бязь ліку, без астатку?
        «Мы волю вам»… Пракляцьце вам і зь ёю!
        Чаму ад волі вашай мы стагнаць павінны?
        Яна ланцуг над нашаю зямлёю;
        Астрог на наш народ, спакойны і бязьвінны.
Ня вюля гэта! Што нам ні цьвярдзіце,
Мы вольнымі былі за даўнімі часамі.
Ідзіце ж проч! І з воляю ідзіце!
Да волі знанае хутчэй мы прыйдзем самі.
        «Мы згоду вам»… Пакіньце ашуканства!
        Вы – бойкі братняе чарнейшыя прарокі,
        Бяз звады вам, нашэптаў, падтыканства
        Нямілы Божы сьвет, ня ясны, не шырокі.
Ня просім вас! Ня трэба вашай згоды!
Свае вялікае дзядоўскае багацьце
Хаваем мы; ад Бога ўсе народы
І бацькі аднаго ўсе дзеці — людзі, брацьця.
        Адкуль вы к нам? Чыйго племя і роду?
        Зь якіх краёў прыйшлі бяз праўды і бяз сэрца?
        І што вам з нас, ад нашага народу?
        Чаму так жычыце яму хутчэй памерці?
Га! Знаем вас, атручаньня найміты:
Вы — служкі чорныя Ясьнейшага Мамона,
Вы — мора бруд ля берагу намыты;
Бяз дум і без мазгоў, вы — золата бяз звона.
         Зь якіх краёў прыйшлі бяз праўды бяз сэрца?
         Чаргою воўчаю зьяўляецесь усюды,
         Дзе клічуць вас для крыўды, для націску
         На праўду вечную… Вы… імя вам Іуды!
Ідзіце ж проч! Бясплодна ваша трата
На ласкі лісьсія. Пакіньце слова «брат»!
Вы цяжкі сон. Каты… Вы горай ката!
Кругом праклятыя, вам бацька, брат — дукат!