Эх, сягоньня, ў гэту ночку...

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Эх, сягоньня, ў гэту ночку...
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/72053


 * * *

Эх, сягоньня, ў гэту ночку
Я ўцяку адгэтуль проч!
Шэрым воўкам па лясочку,
Хай дагоніць, хто ахвоч!
         Хай тагды сярод дарогі
         Станець хто – ня будзе рад:
         Чорны вуж абкруцідь ногі,
         Буду вужам, буду гад!
Хай тагды шукаюць ў лесе
Цёмных, вузкіх, воўчых троп!
Як арол у паднябесьсе,
Я ўзьлячу над земскі строп.
         Ў небе роўным, чыстым шляхам
         Яснай зоркай палячу
         І скачуся па-над дахам
         Роднай вёскі і ўскрычу:
– Гэй, хто ёсьць тут! Люд галодны,
Люд пакутны! Да мяне!
Станьма, брацьця, ў шых паходны –
Наша гора праміне.
         Досыць нам зь нядолі віці
         Ценкі жыцьця свайго пас,
         Слухай, люд: прынёс я віці,
         Хто за мною, брацьця? Час!
Ўстануць, рушаць: «Проч з дарогі!
Хто нам хоча заступіць?
Мы пайшлі, мы, люд убогі,
Ўсё узяць ці ўсё згубіць...»
         Думкі, думкі-звадыяшкі,
         Ах, ня мучайце мяне!
         Вам ўсё гульні, а мне цяжка,
         Мне няволя не міне...