Эрос і Псіха / I. У Аркадыі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Змест Эрос і Псіха
I.
Аўтар: Ежы Жулаўскі
Пераклад: Янка Купала
II. Змярканне багоў
Крыніца: Янка Купала. Збор твораў у 9 тамах. Том 9, кніга 1. — Мінск, «Мастацкая літаратура»; 2003. ст. 43—68


І
У Аркадыі

АСОБЫ ДЗЕІ

Псіха, аркадыйская каралеўна.
Арэта \
Гедона \
Кальёна — служэбныя дзяўчаты Псіхі
Меліка /
Гагна /
Блякс, парабак.
Эрос, бог
Гермес, пасол багоў.


    Рэч дзеялася ў краі шчаслівым, у часе, калі богі хадзілі па зямлі.

Сенажаць, перасечаная крыніцаю, плывучай між траваў і кветак. За крыніцаю дрэвы, а за імі ў глыбі скалы — агромныя, стромкія і чорныя, выглядаючыя, як мур, які квяцістую і ціхую сенажаць аддзяляе ад свету. На скалах там і сям пнуцца буйныя блюшчы. Налева, удалі, на лагодным травяністым узгорку відны каралеўскі замак, да грэцкае святыні падобны. Над крыніцаю разлажыстае дрэва і вялікі пад ім камень. Відны такжа адломкі скалы, зрэдку параскіданыя па сенажаці. Углыбі вядзе цераз крыніцу з паваленага пня кладка. Краябраз повен заходняга сонца, цішы і вяселля.


Сцэна 1

А р э т а развешвае на скальных адломках і галінах над крыніцай толькі што вымытыя вопраткі.
Б л я к с ляжыць наўзнак з рукамі пад галавой і спіць.



Служэбныя дзяўчаты
(трымаючыся за рукі, скачуць навокал стаячай пасяродку Псіхі і спяваюць)

Разам з ветрам, што павевам
Нашы вопраткі калыша,
Між пахучых буйных дрэваў,
Ад якіх цвет сонцам дыша,
Па далінцы,
Што так мгліцца
Траў пушыстых ласай краскай.
Гэй жа, ў скокі! ў скокі! ў скокі!
Не марнуйма часу! Гэй-ох!


Блякс
(будзіцца і ўстае)

Абрыдныя дзеўкі! дзяруцца, быццам сойкі!
Ані хвілінкі чалавек здрамнуць не можа!

Ідзе ўглыб і зноў кладзецца, затыкаючы вушы.


Служэбныя дзяўчаты
(скачучы, зноў спяваюць)

Вецер косы нашы песціць,
Грае спевам,
— Птушым спевам;
Птушак, песень поўны дрэвы,
А цвяцісты лісць шалесціць,
А да ўтору
Звоніць рэчка ў загавору, гэй-ох!
Гэй жа, ў скокі! ў скокі! ў скокі! Гэй-ох!


Арэта
(ад работы)

Ану дзяўчаты! Вам толькі б гуляці,
А тут работы хоць адбаўляці!


Служэбныя дзяўчаты разрываюць хараводны круг і бягуць да Арэты.
Псіха звольна збліжаецца да крыніцы.


    Кальёна
(да Арэты, апраўдваючыся)

Мы, цётка, мылі ад самага рання
Ў крынічцы, поўнай срабрыстага ззяння,
Адзежу гэту ды белую воўну…


    Гедона

А ці не згожа, калі сонца косы
К зямлі зніжэлі, каб сеяць сквозь росы,
А хвалі чараў і золата поўны,
Нам паскакаці, з вясны скарыстацца
І з днём да заўтра вясёла расстацца?


Арэта

Не ўся йшчэ зроблена вамі работа,
Хоць сонца сцежку прайшло немалую.
Схаменьцесь, дзеўкі!


Гагна

Давай, памагу я!


Арэта

Ўсе памажыце! а жыва, з ахвотай!
Хай пару з вопратак вып’е і выссе
Вятрок і сонца жар Боскі, што з высі
Спяшыць у смазе па земскай вільгоці
І воўну беліць, а твар вам залоціць.


Служэбніцы разам з Арэтай хлапочуцца, развешваючы на адломках скал і галінах вымытыя вопраткі.
Псіха садзіцца ўперадзе над крыніцай і, загледжаная ў вадзяную глыб, пералівае пальцамі ваду.


    Служэбніцы
(пяюць пры рабоце)

Сушыцесь хутка, сняжыстыя шаты,
Бо вас надзене кароль наш багаты,
Што мае хорам на стройных калумнах,
Без ліку статку й дабра ў сваіх гумнах,
Збраення, скарбаў паўнютку святліцу,
А скарб найбольшы — дачку багаліцу,
А скарб найбольшы — дачку багаліцу.


Гагна
(адлучаецца ад дзяўчат, падыходзіць да каралеўны і звольна апускаецца перад ёй на калені)

Што ж, багаліца? Як зваблена горам,
Пайшла ад гульняў, ці што цябе мучыць?
Ці ўжо так вочы, падобныя зорам,
Завабіў шчок тваіх вобраз яснючы,
Што з хваль на хвалі бяжыць па крыніцы
Ў бліскучых капель святлістай кароне?
Галоўку ўспёрла на белай далоні,
Ў ваду глядзішся, як недзе імчыцца,
Й ня кінеш вокам на слуг, што гуляюць
Вясёлы гульні ды песні спяваюць
Табе ўсё, — толькі на сэрца кудзелі
Прадзеш задуму…

Псіха са смутнай усмешкай кладзе далоню на галаву Гагны, звольна гладзіць яе валасы.


Меліка
(якая была адлучыўшыся ад працуючых у глыбі дзяўчат і збліжылася да Псіхі ў часе апошніх слоў Гагны, кажа)

Мы рады бясконца,
Што богі далі нам моладасць, сонца,
Ўсё чыста ўвокал шалее ў вяселлі,
Адна ты — ціха — глядзішся на скалы,
На бацькаў хорам красы небывалай,
На гай цяністы, ад квецця ружовы,
На цені лісцем шумячай дубровы,
На луг, крыніцу, на гэты палотны,—
І вочы поўны слёз.


Псіха
(спусціўшы хвіліну)

Мне так маркотна…


Меліка

Маркотна? Скуль жа?


Гагна

З табою ж мы тутка!


Псіха

Хадзіце, любкі, ка мне йдзіце хутка…
Ці ў думках часам у вас не ўставала,
Каб паляцеці адгэтуль за скалы —
Туды! й пабачыць, што ёсць там, на волі?
Ці так, як гэтта, зялёнае поле,
Ці мо які там край дзіўны, нязбылы?..
Ніколі ж гэтак не думалі, што там?


Меліка

Ніколі!


Гагна

Я — аніколі!


Меліка

Так міла
Тут жыць!.. Цябе ж там што цягне?


Псіха

Маркота…


Гагна

Што гэта?


Меліка

Княжна, што гэта? Не знаем…


Псіха

Або ж я знаю?..


    Арэта
(углыбі)

Ўжо сохнць уборы,
Пад ясным сонцам завешаны ў пору,
Цяпер жа толькі прыносіці кошы,
Каб іх напоўніць пабеленай воўнай
Ды на калёсы зваліць гэту ношу,
Каб так дадому вярнуліся поўны,
Як сюды поўны прыехалі зрання
Ў цяжар лянівым мулам


Гедона
(б’е ў далоні)

Вось так слаўна!
Цяпер магу ўжо гуляць бестрывожна,
Скакаць, скакаць, ах! па траўцы мурожнай
І кідаць водгуллю песні без ліку!
Паклічу гэных там — Гагну, Меліку.


Арэта

Пакліч пакуль што йшчэ парабка ўперад,
Каб жыва прынёс нам пляцёны кашолкі…


    Гедона
(спасцерагае Блякса і бяжыць да яго)

Спіць, далібог, спіць! Ну, ўстань жа, ламака,
Зрухніся ўрэшце, гультай недарэчны!


    Блякс
(працірае вочы)

Што там?


    Арэта

Ўставай жа!


Блякс

А што — ёсць работа?


Гедона

І ён пытае! Бяжы, каб ця звадка!
Й цягні кашолкі, якія за кладкай
Там, ля крыніцы, асталіся зрана, —
Бялізна сохне ўжо, вымыта здаўна!


Блякс звольна ўстае, пацягваецца і пазёўвае.


Кальёна
    (заліваецца смехам)

Яшчэ ў дарозе засне гэты шэльма!


Гедона
(кідае на Блякса сарванае лісце)

Ану!


Блякс

Адстаньце, назольныя дзеўкі,
Бо покі добры, дык добры ўжо вельма,
Калі ўзлуюся ж, то дам неўспадзеўкі!

Адыходзіць за крыніцу ў бок зарасніку і шукае ў кустах кашолак. Цераз хвілю вяртаецца, цягнучы за вушы кашолкі.


Гедона

Цяпер да гульняў! Ка мне, гэй, хадзіце!


Кальёна

Мо перш, дзяўчаты, скупацца ахвочы,
А потым масцяй памасцімся кветнай
І так у белі цел нашых дзявочых
Пастанем стройным вянком у заценні
Аж лоны ў скоках заззяюць чырвеняй!


Гедона

Наўкруг, дзяўчаты! Хай громам б’е рэха,
Збуджона песняй і шчырай ахвотай
К гульні, хай звоніць, як золата, ўцеха,
Наўкруг!..


Арэта

Гэй, Бляксе, жывей да работы!


Блякс
(ідзе, мармочучы)

Там тыя сарокі могуць скакаць сабе, колькі ўлезе, але ты, Бляксе, дык да работы йдзі!

Збірае з Арэтай бялізну ў кашолкі і выходзе з ёй разам.



Меліка

Пачну пяяці я скочна, распеўна!


Гедона

А, каралеўна! Да нас, каралеўна!


Псіха

Скачыце самі…


Гагна

Не, толькі з табою!


Псіха

Скачыце… Гэты цвет сонца заходні
І пах зямлі не даюць мне спакою…
З зямлі б’е мгла, як з аўтарнай паходні,
Дзе легла сонца ахвярай крывавай…
Што ж гэта? Селі ўсе ўвокал так ціха?
Скачыце, любкі, не прэчыць вам Псіха, —
Прашу, гуляйце!


Кальёна

Нам без цябе тут якая забава.


Гедона

Скажы, багаліца,
Чым раз’ясніці твой воблік маркотны?


Меліка

Мо песні хочаш — вясёлай, залётнай?
Ці… аб айцоўскіх палёх без граніцы,
Сусветнай хвалы ўладарнага пана,
Мо… аб вясне… аб красе тваёй слаўнай? —
Загадвай, княжна!


Псіха

Ці чуеш гай гэты?
На ім вось кожны лісць песняй распеты,
Гімн урачысты пяе аб прыродзе
Святых, таемных, вячэрніх часінаў…


Меліка
(падслухвае)

Адно шум гэткі ў тваім дні радзінаў
Па свеце нёсся… Тут даўна весць правіць…


Псіха

Весць?..


Меліка

Ці ж не знаеш? Цябе мо забавіць…
Дзіў-песня гэта — адвечна старая,
Ў якой пяецца, як неяк на ранні
Чалавек дзікі, йдучы ў росным гаі,
На небе ўбачыў зарніцы зіянне,
Якой не бачыў да тых яшчэ пораў,
Адно звярыну век сочачы ў боры, —
І раптам ткнуты няземскаю моцай,
Той пан магутны, што жыў толькі ночай,
Паў на калені, стаў к небу маліцца:
«О зорка, зорка! зара-зараніца!..»
І стрэліў з лона яго агнявіцай
Цвет патаемны, бы свечка святая, —
Матыль залацісты, што к сонцу ўзлятае
Й жыве святлом так… У песні той спеўнай
Імя пяецца тваё, каралёўна…


Псіха

Што ж песня кажа?


Меліка

З той быццам хвіліны
Пяяць пачалі крыніцы й дравіны —
І гімн агромны па ўсім шоў прасторы,
Пяялі горы, пяяў лес і мора.


Псіха

А далей, далей?


Меліка

Пяе… аб маркоце,
Аб нейкім вышнім, падвоблачным лёце,
Які дасцігнуць матыль той не важыць —
І йшчэ аб некім, што прыйдзе калісь там…


Псіха

Прыйдзе?


Меліка

Аб богу, ахвярцы вячыстым,
Што выбаўляе і ўзносіць, хоць пляжыць…
А больш не помню…


Псіха

Мая, ах, маркота!


Гагна

Ўся песня, ўся аб табе, каралеўна!
Як вечар сонца займгліць пазалоту,
Ў ясноце йскрыцца чало тваё звеўнай,
А на усплеччы — дзве быццам вясёлкі,
Як з павуціны дзве кветныя столкі,
Або лісткі рож: крылкі матылёвы
З святла сатканы, што бліснуць, як слова,
І зноў знікаюць… і зноў мігацяцца,
Расой ірдзяцца…


Арэта
(збліжаецца да групы дзяўчат)

Ўставайце дзяўчаты!
Ўжо захад сонца… Вячэрняе свята
Йдзе на зямліцу… Паклон з абычаю
Аддайма боствам крыніцы і гаю,
Які даў ў спеку салодкія цені, —
І пойдзем. Час нам сысці з сенажаці,
Дзе кветкі будуць між траваў чакаці
На жыватворнае ў цішы з’яўленне
Тайнага боства, што ходзіць па светах
І багаславіць плод дрэваў і кветак
І ўсё жывое, жадальнае плоду.
Нам замінаці яму нельга ў справе,
Якую тутка пачне неўзабаве;
Дык паспяшайма ў палацавы ходы,
Каб у замчыстую знесці святліцу
Шчыра памытыя шаты ў крыніцы.

Служэбныя дзяўчаты, паўставаўшы, адыходзяць за ідучай наперад Арэтай. Услед за ёю ідзе Гедона, пасля Кальёна, за ёй Меліка, а Гагна ў канцы.


Гедона
(адварочваецца)

А ці ты з намі не йдзеш, каралеўна?


Псіха

Ідзіце! Хутка і я даганю вас.


Меліка

Бяжым мы шпарка, дык мо не дагоніш…


Гагна
(прысядае ля ног Псіхі)

З табой застану!


Арэта адыходзіць разам з трыма служэбніцамі.


Псіха
(да Гагны)

Застанеш! — ці доўга?


Гагна

А як захочаш… слуга ж я, нябога!..


Псіха

Пайшлі ўжо тыя… Арэта-саколка
Так ад мяне адвяла іх да дому
Майго айца, караля-валадарца…
Скупана ў золаце ўцехі Гедона
І красай роўна з багамі Кальёна.
Пайшла й Меліка, пявучая птушка…
Калі ж, калі іх узноў я пабачу?


Гагна

Яшчэ іх можна дагнаць, каралеўна…


Псіха

Не, ўжо запозна, ўжо іх не дагонім!
Зірні! ўзышлі во на ўзгорак зялёны
І ў белі йдуць там па ўсходах разбёных,
Што проста ў браму вядуць на заслонні
Палаца бацькі… Глядзі скрозь варотаў,
Насцеж адкрытых, б’е бліск пазалотай —
Ўжо іх замкнулі…


Гагна

Што, княжна, з табою?


Псіха

Той сказ адвечны мяне так узрушыў,
Той сказ Мелікі… Так сніцца мне часам,
Што гэта сапраўды была я спрадвекаў
Людскою сплоджана журбай вялікай
Па сонцы, красах, засветах і небе…
Здаецца, помню злацістыя гаі
І ў скалах рэчкі, вісячыя з краю,
Глыбіні мораў, нябеснасці шчыты
І ўсмешкай зораў льснючыя блакіты,
Куды калісь мяне, шчасную, возьме
Ён…


Гагна

Хто?


Псіха

Не ведаю… Ён! мой нязнаны,
Якога здаўна ждуць логі й паляны,
І кветкі, й птушкі, прыспаныя ў лесе,
І я — ў журбоце, з жаданнем і верай,
Што прыйдзе ў нейкі час той найсалодшы,
Калі навокал усё будзе ціха,
Й мяне пакліча па іменні: Псіха! —
І ў мне разбудзіць, што ёсць мною самай…
Тады тут скалы адчыняцца брамай,
І я на крыллях яго, — бо крылаты
Ён будзе! — зсюль паляту, гэй, за скаты,
На чарадзейскія землі і нівы,
На логі, льсняць дзе брыльянтамі росы,
Ў край нейкі дзіўны, шырокі, шчаслівы,
Ў хмары, пад хмары! у даль, у нябёсы!


Блякс
(паяўляецца на сцежцы ўглыбі)

Цені Гадэса на гэту дурную чырвоную зорку, што распаўзлася па небе, як румянец па лупатай губе! Ў зеркачы мяне разіць, а як ад яе адвярнуся — ўсё чорнае ўвокал!


Гагна

Гэта Блякс валачэцца… У гэты бок ідзе…


Блякс

Гу, га! каралеўна!


Псіха

Чаго там, парабак!


Блякс
(да Псіхі)

А! ёсцека, панна дастойная! Й гэта сарока з вамі…


Гагна

Чаго прыйшоў сюды?


Блякс

Пэўна ж, не па сваёй ахвоце! Паслала мяне Арэта, занепакоеная, што вас няма… То ёсць, што няма каралеўны. Манюся вас завесці дадому…


Псіха

Можаш ісці, слуга. Ты мне непатрэбны…


Блякс
(адыходзе ў бок зараслі, мармочучы)

Можаш ісці!.. А Арэта не пагладзіць па скуры, што не прывёў каралеўны… Лепей тут у кусце пачакаю, пакуль скончаць сваё зюзюканне. За гэты час хоць прасплюся.

Укладаецца ўглыбі на зямлі пад кустом, не заўважаны жанчынамі, якія судзяць, што пайшоў дадому.


Гагна

Аднак час, можа, і нам, каралеўна,
Йсці ўжо дадому?.. Раса — глянь — апала,
І бледны месяца ўсплыў твар на скалы
Ля ясных зорак… Чакаюць нас, пэўна,
Ў палацы бацькі твайго залацістым…


Псіха

Дык пойдзем!.. Месяц святлом серабрыстым
Нас прыгалубіць. Глянь, зоркі крывавай
Мігціць акрайчык, як божая ўсмешка
Прад спаннем кінута свету ласкава…
Там, дзе нядаўна чырвені йшла сцежка,
Цяпер блакіт бесканечны асіліў
І зормі мжыць… О салодкая хвіля!
О найсвяцейшая хвіля прамены!
Чуеш, як шорах крыніцы жалейны
Змяніўся ў шопат ціхі захаплення?
Ўстрос лесам вецер і кінуў ў заценні
Якуюсь песню… Ці чуеш, як лісце
Звініць шумліва й шалешча срабрысце
Й з’яў весціць хвілі у шчасці ядынай?


Гагна

Пойдзем дадому!..


Псіха

Ці бачыш, як дрэвы
Лаўравы гнуцца? Пяшчотныя ўзвевы
Прайшлі скрозь сонных кустоў верхавіны…
Не! гэта йдзе хтось! Во, чуеш, крадзецца
Так ціха, ціха…


Гагна

То Ноч так пляцецца…


Псіха

Йдзе Ноч без шэлесту, ценем грабовым…
Ці чуеш? — нейкія крылляў узлёткі
І шопат кветак так дзіўна салодкі,
Бы ў сэрцы нейкія спеўныя словы…
Ці кеміш гэту паветра амлеласць?..
І зораў белых надздзіўную беласць?..
Прайшло скрозь, дрыжа, па кветках, па лісці…


Гагна

То Сон крылаты лунае ўрачысце…
Йдзем, каралеўна!


Псіха

О Гагна! о Гагна!
Павер, ён ёсць тут! Ён тут недзе блізка.
Ён! ўсемагутны, святы, неназваны!
То ж пад нагамі яго дрыжыць квецце,
І з яго крылляў плыве шум па лесе,
Што дрэвам голас дае патаемны
Й пяшчотна плакаць змушае крыніцу…
Прыбудзь! прыбудзь, ах! — цябе я чакаю!


Гагна

Каго завеш, каралеўна? Мне страшна!


Псіха

Я — што крыніца, што лісць напрадвесні,
Я толькі арфа, што вечна сніць песняй,
Калі ты пальцам кранеш яе ўнадна!..
Я жду паслушна, табе падуладна:
Прыбудзь, мой пан, і свае ўскладзь далоні
На маіх струнах, напятых у лоне
І ждучых век, каб дабыў гук цудоўны
Адным чапаннем сваіх рук чароўных!
Што без цябе я? — нічым — сухім лістам
На дрэве свету; з табой жа — ўсім чыста,
Віхор, вей!..


Гагна

Пані, баюся цябе я!
Ах, каралеўна!..

Выбягае.


Псіха

Сама во адна я,
Цябе журба во мая прызывае!
Прыбудзь на крыллях, як віхар, шырокіх,
О ты магутны! о бог мой нязнаны,
Які ёсць, знаю, як процьма, як мора,
Як тыя вокал паветра прасторы!
Упіся мною, як морам разліўным,
Хай утану я ў табе, хай загіну,
Хай буду толькі тваіх губ дыханнем,
Грудзей адгукам, крылоў тваіх ценем.
О ты вялікі! святы! бог нязнаны!
Ад векаў снёны, ад векаў чаканы!

(Па хвілі.)

На гэту журбу маю заклінаю,
На гэты кветкі, якіх пах мацнее
І дым кадзільны салодкі разносіць
Паміж пяшчотай дрыжачыя дрэвы,
І на крыніцу, прыход твой што весціць,
Плач сіратлівы заводзячы ў цішы,
На ветраў шопат, размолены шчыра,
Й на гэты зоркі, што блогасцяй п’яны,
Глядзяцца сонна з глыбінаў блакіту,
На маё сэрца, якое трасецца
Й ад шчасця рвецца — о бог! хачу плоду,
Як цвет! І крылляў! Прыбудзь — хай станецца!


На цёмнай аснове дрэў, за плячыма каралеўны, паяўляецца ў месячным зіянні юнацкая, смуглая, абцяжараная вялізнымі апушчанымі крыллямі боская і прамяністая постаць Эроса і збліжаецца звольна да Псіхі.


Псіха
(якая не бачыць прыбліжанага бога)

Нямее голас мне й страх трасе лонам…
Які ж пах гэта плыве невымоўны…
Якаясь музыка срэбных мглавіцаў
Ўстрасае мною і ў сэрцы вірыцца,
Усё ўваччу мне дрыжыць, палае.
Ўжо тут ты, блізка! Ты тут! Адчуваю…
Навокал зоры кружаць, як у шчытах,
І йскрацца ў зрэнках, вясёлкай спавітых,
Ад шчасця млею, ад млявасці млоснай…
Ўладар мой ясны! кароль мой ты ўзносны!

Адсоўваецца назад і валіцца ў абняцце стаячага ўжо за ёю Эроса. Эрос нахіляецца над ёю і цалуе ў губы. Белая, густая імгла ўстае з сенажаці, спавівае Эроса і звешаную ў яго абняцці Псіху і засланяе ўвесь краябраз.

. . . . . . . . .
. . . . . . . . .




Сцэна 2


Імгла ападае, неба шарэе світаннем. Пад дрэвам сцелецца яшчэ густы цень, крыху толькі рассветлены яснотай, якая б’е ад боскага цела Эроса. Блякс, укрыты ў кустах, спіць. Псіха ляжыць прыспаная на дзярновай падвышцы. Эрос кленчыць, пахілены над ёй.


Псіха
(спрасоння)

Затоннем неба нясеш мяне, дзіўны!
Ў якіясь сненыя ў шчасці краіны,
А вокал зоры, і кветкі, й галіны…
Нясі ж, нясі, о крылаты!..


Эрос

Сні, любка!


Псіха
(будзячыся)

Дзе ты?


    Эрос

З табою…


Псіха

Ці гэта я сніла,
Што ад мяне адляцець хацеў, любы?


Эрос

Днець пачынае, а йшчэ мае крыллі
Павінны ночку дагнаць, што ўцякае.


Псіха

Не йдзі — я відзець аблічча жадаю,
Што цень нядобры цяпер закрывае;
Як месяц ясны, яно, мабыць, ясна;
Мабыць, і вочы твае, як крыніца,
Ў якой бязмежнае неба глядзіцца;
Тваіх веў крылляў я чую няўгасна —
Напэўна, снежныя, быццам аблокі,
Што сняць у небе…


Эрос

О мілая! змоўкні!
Ці чуеш, як я галублю мілосна?


Псіха

Так мне, ах, добра! І ўжо хачу толькі
Цябе йшчэ ўбачыць, каханак мой, хто ты!
Хоць так ты блізка, але мне нязнаны.
Як быў мне ўчора такі сам чаканы,
Цябе галублю, а мру ад маркоты…
Хто ты?


Эрос

О, лепш не пытай! Я сыходжу,
Як злодзей ночны, й, як сон, адлятаю,
Каб зноў вярнуцца… Ўвесь твар мой закрыты:
Мяне той знае, хто не пазнавае,
Хоць і зазнаў мо. Ты выбрана мною —
Цябе ў сне бачыў, пакуль яшчэ гэты
Я свет зварушыў з муцінаў хаосу!
Табе зямлю збудаваў і ўзяленіў,
Як ты йшчэ спала, табе на спатканне
Ўбраў яе ў кветкі і ўсіх збудзіў птушак,
Каб для цябе аба мне век пяялі!
Мая навекі!


Блякс
(які перад хвіляй збудзіўся быў, стаіць цяпер за кустом і пазірае з задзіўленнем на Эроса, мармочучы)

Няўжо ж бы я спаў яшчэ? — не! Снілася мне каша з салам, а тут бачу… Цьфу! Нейкі гладкі блазнюк з тонкімі лыткамі і, як гусак, крылаты зюзюкае сабе з каралеўнай!


Псіха

Хачу век тваёй быць!


Эрос

Дык не глядзі на маё ты аблічча!


Псіха

Чаму? Ты ж хто такі?!


Эрос

Я — таямніца!


Псіха

Пазнаць цябе ці не буду ж мець змогу?


Эрос

Чаму ж! Адно перш даўгую дарогу
Адбудзеш, покуль тваім я ўжо стану.
Пры табе буду нязгледна, няўстанна!
Знаць будзеш праз мяне ўцеху й трывогу,
Праз мяне ў моцу расці і ўзлятаці,
І багаславіць, і брацтвам злучаці
Ў сабе стыхіі, як песня святая,
Мяне не знаўшы, пры мне век жывая,
Аж дзень надойдзе, калі ў косах сонца
Свой твар адкрыю на шчасце бясконца,
Мая каханка, дзіцятка зарніцы,
Заранку зорка, цвет ясны зямліцы,
Матыль злацісты!


Блякс
(да сябе)

Дасціпны храбрэц! Хацелася б, відаць, ажаніцца з каралевай і ўзяць багаты пасаг!


Псіха

Во ўжо і світае,
І птушка будзіцца ўжо на галіне…
Маймі касамі звяжу цябе шчыльне
Й на ўвязі косаў цябе затрымаю,
Аж гэна зорка свой бляск далоў скоце
Й твар майго пана святлом узалоце,
Каб я зірнула!..


Эрос

Пастой! як заранне
Ў твар глянеш — шчасце замрэ і не ўстане!
Бывай, уцеха мая!

Пахіляецца над Псіхай і цалуе яе ў губы, потым закідае на твар шматок завешанай на плячах вопраткі.


Блякс
(у тым часе гаворыць сам сабе)

Ого! палятун адляцець хоча! Закрывае губу, каб яго не пазналі! Здаецца, што Арэта мяне пахваліць, калі схаплю яго за гусінае крылле і прывяду да палаца, каб далі яму розаг!

(Падцікаецца да Эроса.)


Псіха

Йшчэ хвіліну!
Такі дзень доўгі! ў ім столькі часінаў,
Звяду якія ў журбе за табою!
Застань! застанься!.. Так ждала я здаўна,
Пакуль кароль да слугі сваёй глянуў!..


Эрос
(адступае з закрытым тварам)

Як зоркі бліснуць, прыду, як учора,
Зноў цалаваці… Пара мне ў дарогу —
Бывай — свет блізка…

Неба развідняецца зарою


    Блякс
(хапае ззаду Эроса за крылле)

Ага! папаўся, начны валацуга!


Эрос шпарка адварочваецца, заслона ападае яму з аблічча, відно твар боскі, прамяністы, страшны.


Блякс
(з крыкам)

Бог! нейкі бог страшэнны!


Псіха
(кідаецца перад Эросам на калені і адной рукой абымае яго ногі, а другой чапляецца за заслону, не даючы яму закрыць твар нанова)

Бачу цябе я, кароль мой!
Ах, бачу, страшны, нявіданы пане!
Агнём твае валасы паланеюць!
А твае вочы маланкамі сеюць!
Як бы жар, губы, а крыллі, мой мілы,
Як бура, веюць!


Эрос

Ах, што ты ўчыніла!
Пакінь глядзеці!

Сіліцца засланіць твар.


Псіха
(паўстрымлівае яму руку)

Не крый жа аблічча!
Хай згіну гледзя я, жудасны божа,
Як у маё ўшоў дзявочае ложа,
Як муж, каханак!


Эрос

Не згінеш, больш толькі
Мяне не ўбачыш! Адходжу навекі:
Я — Эрос!

(Аслабаджаецца з абдоймаў Псіхі і знікае ў лясным гушчары.


Псіха

Эрос! А, Эрос!
(Закрывае вочы.)


Блякс
(звольна ўстае з зямлі)

А то ж мяне паваліў! Як бы хто мне кулаком паміж вачэй заклаў!.. Гэта бог быў нейкі магутны, відавочна, бог! Я гатоў яму ахвяраваць пару вераб’ёў за тое, што адышоў, але няхай жа не вяртаецца!


Сонца ўсходзе.


Песня служэбніц
(далёкая)

Вітай, вітай жа к нам свет прадусходні,
Вітайце зоры — іскрыстыя рожы.
Вітай к нам Сонца, нязгаданы божа,
Які бадзеш ноч агністай паходняй!
Вітай у ранішніх красах вясёлак —
Вітай, о Сонца!


Псіха
(з крыкам)

О пан мой! каханак!


Блякс азіраецца борзда, як бы баючыся, ці не вяртаецца Эрос.


Песня служэбніц

Багаслаўлёны будзь нам, дзень праменны!
Воч нашых радасць, сявец безупынны,
Што вокал сееш жыццё ўсім жывінам!
Святы, святы, прасвятлісты бляск дзенны,
Якога яснасць бязмежна красуе,
Будзь багаслаўлен!


Псіха

Што гэта? Ці сню я?
То ж ён быў тут? — Адышоў ўжо — навекі?
Ці ўжо не ўбачаць яго мае вочы,
Не абымуся няўжо з ім ніколі?
О дзень! о дзень залаты! будзь пракляты!
О ночка! ночка! вярніся мне, ночка!


Блякс
(падыходзіць наперад)

Каралеўна…


Псіха

О, гляньце ж вы на няшчасную, богі!
Глядзіце, — мае ж хто горшую долю!
Чуць мае губы, як змучаны смагай
Па росах птушкі, прыйшлі піць з крыніцы
Жывой яго губ, — ваду мне спынулі,
А мае губы, ах, так яшчэ смагнуць!
Чуць у абоймах таго, дрыжучы ўся,
Я галаву да грудзей прытуліла,
А ўжо ён згінуў, не даўшы часу
Ўдаволь спагнаць з ім палючую журбу
Майго кахання!.. І ўзноў вось маркота
Яшчэ цяжэйшая рве маё сэрца!..
Да вас узношу з малітваю рукі,
О прасвятыя, магутныя богі,
Падайце помач мне, ўдоўцы няшчаснай,
У шлюбным строі!


Блякс
(да сябе)

Гатова ўзноў нейкага выклікаць бога, а я ўжо гэтага маю даволі! — Каралеўна!


Псіха

Ідзі проч ад мяне ты!


Блякс

Не маеш чаго гневацца на мяне, каралеўна. Хацеў бы я толькі табе сказаць, каб ты не плакала. Што табе там па нейкім крылатым бажку, які ніколі не можа быць пэўным… Гэта ж столькі багатых дзецюкоў да цябе сватаецца…


Псіха

О богі неба! ці й гэтыя здзекі
Па вашай волі мяне спатыкаюць!

(Да Блякса)

Будзь ты пракляты! Каб болей ніколі
Цябе на сцежцы сваёй не сустрэла!
Ты, што мне шчасце спугнуў, ненавісны!
Ты больш ужо не слуга мой, а вораг!


Блякс

Хай жа й так будзе! Помні толькі, што сама ты мяне пракляла!


Псіха

Каб лепей яснага дня я не знала!
Каб лепей чорны пясок мяне глынуў!..
О богі! літасці! літасці! богі!
Так во маркота згрызе мяне й стравіць,
Як корч смалісты, кінуты ў вагнішча
Тых страшных словаў: ніколі навекі! —
Карайце карай мяне найцяжэйшай;
Усё знясу я, вас славячы, богі.
Надзею толькі мне дайце, надзею,
Што я знайду зноў яго, ці смерць дайце!


Блякс
(да сябе)

Выкліча зноў нейкага бога, — аж хібіць! выкліча!

Чуваць працяглы гром.

Вот і маеце! — лепш пайду схавацца, пакуль не позна!

Адыходзе паміж кустоў


Псіха

Ах, дзякуй, богі! — Во знак свой даеце,
Што мае жальбы пачуць захацелі!
О, дзякуй! Кленчу ў вясельнай во белі
Прад вамі, згнута, як ліліі квецце,
Якое віхры хістаюць на ўзлогі;
О, дайце помач! Кажыце йшчэ, богі!


Паўторны гром і маланка, з’яўляецца Гермес у крылатых сандалях і з посахам у руцэ


    Гермес

Дайшоў твой голас, о ясная Псіха,
Аж да Алімпа і літасцяй сэрцы
Багоў напоўніў. Скажы, чаго хочаш?


Псіха

Вярні каханка майго ці дай ўмерці!


Гермес

Ўмерці не можаш! Хто ў бога твар глянуў,
Той несмяротны! Жыць мусіць навекі!


Блякс
(да сябе наўбоччы)

Глядзіце! гэта ж буду і я несмяротны! Добра ведаць!


Псіха

Але ты знаеш, што жыць не магу я
З тых пор, як знікнуў ён. Знаеш, што плачам
Сказ будзе кожны, што кожная думка
Мая адчаяннем будзе й пракляццем,
Як не дасі мне надзеі, што буду
Магчы віну зняць і ўзноў яго меці!


Гермес

Багі, цябе што на тое стварылі,
Каб яснай свету была ты зарою,
Не хочуць крыўды тваёй — і праз гэта
Маймі губамі табе шлюць ласкавы
Вырок: «Ён вернецца, ўзноў тваім будзе!»


Псіха

Маім зноў будзе? Ён вернецца — кажаш?


Гермес

Багі так хочуць. Але што зірнула
Ў твар найвялікшага бога, што жыцце
Стварыў ўсё чыста і ўсім уладае —
А таямніцаю ён незгаданай —
За кару мусіш, пакуль яго знойдзеш,
Прайсці выгнанкай свет гэты шырокі;
За шумам крылляў яго век ганяцца,
Шукаці мусіш яго ўдзень і ўночы,
Ўзлётаць і падаць, і слёзы ліць з вочаў,
Не верыць, верыць, скрозь бураў блукацца,
Аб восце й груды крывавіці ногі,
Аж вырак збудзецца ля асцярогі:
Аж перапаліць святая пажога,
Якую ўзнеціў ў тваім жа ён лоне.
І віну выесць, што пляміць сягоння!
Бо хто зірнуць смеў ў закрыты твар бога,
Пазнаць павінен яго праз цярпенне,
Пакуль не знойдзе — у шчасці — і асене!


Псіха

Вырок я споўню…


Гермес
(узносіць руку)

Гром. Паміж скал адчыняецца шырокае ўзвуззе, праз якое відаць далёкія краі і моры.

Раскрылісь вароты!
Паўстань, выгнанка, — твая во дарога!


Псіха
(адступае, стрывожаная)

О пане! страх мне здаецца й трывога…
Сама йсці ж маю праз свету турботы?


Гермес

З надзеяй пойдзем і з гэтай людзінай,
Што тваю дзеліць правіну, і згнанне
Дзяліці будзе!


Псіха

О, літасці, пане!
Каб не з ім толькі! не з гэтай скацінай!


Гермес

Ён твой таварыш! Сваёй віной цяжкай
Руку сваю ты к яго прыкавала!
Раней не звольнішся з рук яго, покуль
Уласным чынам сябе збавіш разам!


Блякс
(падае стрывожаны на калені перад Гермесам)

Даруй, ясны божа, які безупынна грыміш без патрэбы! Мая віна не ёсць такая цяжкая, як табе здаецца. Калі ты ўсяведны, то ведаеш сам, што я не маніўся таму чцігоднаму богу ламаць крыллі. Вельмі лёганька ўчапіўся за іх…


Гермес
(да Псіхі)

Мяркуеш?


Псіха

Ўжо йду!


Гермес
(да Блякса)

Валі за ёй следам!


Блякс
(устае)

Валі, дык вальну! Я й так не загіну!


Псіха
(яшчэ адварочваецца)

Бывайце, цені аркадыйскай ціхай
Даліны й кветак! Бывайце і дрэвы!
Бывай ты, войча, й дзяўчаты мае вы!
Выгнанка — йду…


Голас Арэты
(далёкі)

Дзе ты, Псіха! эй, Псіха!



Хмарыцца, працяглы свіст віхру. Псіха затрымліваецца на хвілю і азіраецца, але, пагнаная прыказваючай выцягнутай рукой Гермеса, з ціхім стогнам ідзе ў бок раскрытага ўзвуззя. Блякс паступае за ёй.