Перайсці да зместу

Шэўчэнка і беларуская паэзія (Колас)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Шэўчэнка і беларуская паэзія
Літаратуразнаўчая праца
Аўтар: Якуб Колас
1939 год
Крыніца: Полымя рэволюцыі. — 1939. — №3. — С. 178—188

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Якуб Колас

ШЭЎЧЭНКА І БЕЛАРУСКАЯ ПАЭЗІЯ

Простая, хвалюючая дэталь з жыцця вялікага паэта: хлопчык-падлетак гадоў 15-16 у ліку дваровых памешчыка Энгельгардта, царскага чыноўніка, ідзе пехатой, «па этапу» з Варшавы ў Пецербург. Пан паехаў у карэце, а чэлядзь ідзе пехатой — навошта пану лішнія расходы? Хлопчык-падлетак прызначан для паслугі памешчыку-самадуру. На адной назе ў хлопчыка бот, другая нага босая. Яго разумны, удумлівы погляд спыняецца на малюнках прыроды Польшчы і Літвы, на мяккіх і рознастайных пейзажах Беларусі, якія так часта змяняюцца. Ён нясе ў сваім сэрцы нейкую затоеную, цяжкую думку. Дзесь далёка засталася яго родная, мілая краіна. Яна сагравала яго бязрадаснае дзяцінства лагодным украінскім сонцам. Ён не ведае, куды ён ідзе і куды наогул занясе яго суровы лёс. На фоне дарожных малюнкаў і спатканняў з новымі людзьмі, з незнаёмымі паселішчамі і гарадамі ён усюды і ўсюды бачыць адну агульную з‘яву: заняволены, як і ён сам, народ і яго прыгнетацеляў, беднасць і раскошу, няволю і сваволле. Ён услухоўваецца ў гутарку, у расказы, у песні і думы народа, у якіх так моцна гучыць адвечнае гора і нянавісць да паноў і чыноўнікаў. Яго маладое, чулае сэрца, у якім злучыліся мільёны сэрцаў вялікага працоўнага народа, прагна ўбірае ў сябе гэта гора і нянавісць, гэтыя мары і надзеі народа, як убірае высушаная сухавеем зямля жыватворчую вільгаць навальнічных дажджоў. У блуканнях і дарогах з самага ранняга дзяцінства назірае жыццё юны Тарас Шэўчэнка, геніяльны кабзар украінскага народа. Так назбірваецца яго жыццёвае дасведчанне, так кшталтуецца крыніца яго чаруючай, своеасаблівай паэзіі, неадлучна злітай з паэзіяй народа. Гэтым назіраннем народнага гора, гнёту і бяспраўя, пратэста і нянавісці да прыгнятацеляў азначаецца асноўны тон і характар яго паэзіі.

Паэзія гэта блізкая і зразумелая і для беларускага народа, бо-ж так многа агульнага і падобнага ў гістарычных лёсах беларусаў і украінцаў. І адны і другія ў аднолькавай ступені адчувалі гнёт літоўскіх князёў і польскіх каралёў. Адны і другія на працягу доўгіх стагоддзяў сумесна змагаліся з сваімі прыгнятацелямі, польскімі памешчыкамі і магнатамі. Цэлы рад сялянскіх паўстанняў на Украіне і Беларусі ішоў побач і рука ў руку. Так у паўднёвай часці Беларусі, сумежнай з Украінай, сяляне сабралі вялікі «загон», атрад, на чале якога стаў украінец Нябаба. Яны палілі і грамілі панскія сядзібы і касцёлы. Разам з украінцамі змагаліся беларускія сяляне пад кіраўніцтвам Няпаліча, Хвесько, Міхненка, Крывашапкі і Горкушы. Гераічна біліся яны разам з украінскімі казакамі пад Пінскам, Мозырам і Бабруйскам. Яны гінулі ў няроўнай барацьбе з Польшчай. Для іх была лепей смерць, чым панскія здзекі і няволя. Славутая Запарожская Сеч, дзе галеча, цяглавыя людзі знаходзі прыпынак і схову ад непасільнага гнёту сваіх прыцясніцеляў, абяцаная зямля, вабіла да сябе непакорных людзей, што шукалі волі, не толькі з Украіны, але і з Беларусі. Соцыяльнае бяспраўе і нацыянальны гнёт царскага самадзяржаўя з аднолькавай сілай клаліся на украінскі і беларускі працоўны народ. Гэта пастаянная гістарычная сувязь, гэта падабенства гістарычных умоў двух народаў і іх моўная блізасць налажылі адбітак прыязні ў іх узаемаадносінах. Гэта-ж агульнасць гістарычных лёсаў і інтарэсаў параджала і агульныя матывы народнай творчасці. Вось чаму паэзія Шэўчэнка, якая выцякала непасрэдна з жывых крыніц фальклора і асабістага назірання жыцця, глыбока рэволюцыйная па сваёй сутнасці, шчырая і простая па форме, так горача ўспрыймалася працоўнымі масамі беларускага народа і знаходзіла жывы водгук у яго сэрцы. Творы геніяльнага украінскага кабзара, песняра і трыбуна прыгнечанага народа мелі шырокае распаўсюджанне сярод беларускага народа і натуральна ўваходзілі ў залаты фонд яго творчасці. Народны паэт Беларусі, Янка Купала, упершыню пазнаёміўся з паэзіяй Шэўчэнка з вуснаў свайго народа. Яшчэ ў дзяціныя леты запомніў ён песню кабзара з паэмы Шэўчэнка «Гайдамакі», не ведаючы яе аўтара:

От села до села
Танці да музыкі…

У дареволюцыйныя часы сярод вучнёўскай беларускай моладзі і інтэлігенцыі, вышаўшай з гушчы працоўнага народа, асабліва сярод сельскага настаўніцтва песні Тараса Шэўчэнка былі надзвычай папулярны. Шырокаю вядомасцю карысталіся песні «Раве та стогне Дніпр шырокій», «Запавіт», «Ой, адна я, адна» і інш. Тэкст гэтых песень, асобныя словы і выразы падпадалі некаторым зменам. Часамі украінскае слова замянялася беларускім, або вымаўлялася на беларускі лад. Некаторыя шэўчэнкаўскія песні выконваліся ў рускім тэксту, напрыклад, замест «Утоптала стежечку через яр» спявалі «Проторила я дорожку через яр». І словы і мелодыі гэтых песень заўсёды рабілі моцнае ўражанне, як на самых выканаўцаў, так і на слухачоў. Непадробная шчырасць пачуцця, глыбокая народнасць гэтых песень, задушэўная прастата і цеплыня, часамі авеяныя нейкім чаруючым сумам, стваралі своеасаблівы настрой, моцна краталі і хвалявалі. Але захаплялася песнямі Шэўчэнка не толькі інтэлігенцыя — іх спявалі ў народзе, змяніўшы іх згодна асаблівасцям свае мовы. Уплыў шэўчэнкаўскай паэзіі на народную творчасць беларускага народа несумненны. На жаль нашы літаратуразнаўцы прайшлі міма гэтага факта і не даследавалі яго. Тым-жа часам шмат якія народныя беларускія песні яўна пераклікаюцца з многімі творамі геніяльнага украінскага паэта. Гэта - песні рэкруцкія, песні аб сірочай долі, чумацкія песні. Так, у Шэўчэнкі ў паэме «Сава»:

Ой, привезли да приёму
Чуприну голити.

У беларускай песні:

Вязуць мяне ды прыёму…
Ох, падбрылі, падгалілі,
На прасніцу пасадзілі…

У Шэўчэнкі ў той жа паэме:

Сталі хлопців
В кайданы кувати
Та повезли да приему
Битыми шляхами;
Пійшла й вдова з матерями
З дрібнымі слюзами.

У беларускай песні:

Той дарожанькай рэкрут вядуць
З калодкамі ды замкнёнымі,
А за імі ўслед жанкі ідуць,
Ідуць жанкі ды з дзіцяткамі.

Такіх прыкладаў шмат, але і прыведзеных даволі, каб пераканацца ў блізкасці творчасці беларускага народа да паэзіі Шэўчэнка. Ці магла маладая беларуская паэзія, цела і кроў ад народнай творчасці, вабраўшая ў сябе ў асобе яе найболей відных прадстаўнікоў рэволюцыйны і дэмакратычны дух яе, ці магла яна не падупасці пад уплыў роднай ёй і па зместу і па форме творчасці геніяльнага украінскага паэта. Вядома, не. Ужо ў самых першых творах Якуба Коласа і Янкі Купалы адчуваецца гнеўны голас Тараса Шэўчэнка, калі яны выступаюць супроць царскага прыгнечання, супроць багачоў, якія нажываюцца і будуюць свой дабрабыт на непасільнай працы працоўнага народа. У Тараса Шэўчэнкі вучыліся яны знаходзіць гнеўныя і бязлітасныя словы, накіраваныя супроць прыгнятацеляў народа. Вядомыя шэўчэнкаўскія вершы

Думы моі, думы моі,
Лихо мені з вами!
Нашчо стали на папері
Сумными рядами?

выклікаюць цэлы рад аналагічных вершаў у беларускіх паэтаў. У Якуба Коласа:

Ой, вы, думкі, думкі,
Сэрца майго раны!
Ці вы мае дзеці,
Ці вы кім пасланы?

У Янкі Купалы:

Песні мае, песні,
Смуткаў маіх дзеці!
Калі-ж вам час прыдзе
Весела запеці?

Тыя-ж шэўчэнкаўскія матывы чуюцца ў вершы Купалы «Да сваіх думак»:


Думкі, думкі весялушкі!
Скуль вы ўзяліся?
Што ў душы, як тыя птушкі,
Песняй завіліся?

На тых-жа матывах напісан яго верш «Плачуць мае песні»:

Жудка стогнуць рэкі,
Узбуджаны вясною,
Плачуць мае песні,
Галосяць са мною.

У прыведзеных вершах уплыў шэўчэнкаўскіх «Дум» на творчасць названых паэтаў відавочны. Ён выражаецца не толькі ў шэўчэнкаўскіх матывах, але, як мы бачым, і ў самой форме. Гэты ўплыў ідзе шмат шырэй і глыбей. Найбольш поўна выяўляецца ён дзве кніжкі у дарэволюцыйнай творчасці Янкі Купалы. Першыя сваіх вершаў Купала выдае пад назваю «Жалейка» і «Гусляр». У самых гэтых назвах адчуваецца пераклічка з шэўчэнкаўскім - «Кабзар». Шэўчэнка-любімы паэт Янкі Купалы. Тая зацікаўленасць, якую праяўляў і праяўляе Купала да вершаў геніяльнага кабзара, сведчыць аб гэтым. Яшчэ ў 1906 г. ён першы ў беларускай літаратуры перакладае творы Тараса Шэўчэнка «Минают дні, минают ночи» на беларускую мову. У 1909 г. ў дзень дзевяностапяцігадовай даты з дня нараджэння вялікага паэта ён піша верш «Памяці Тараса Шэўчэнка» і сам сведчыць аб сваім захапленні паэзіяй Шэўчэнка і аб уплыве яе на беларускую паэзію:

І к нам тваё слоўка не раз далятала,
Мы слухалі ўспешна, што бае сусед.

У другім сваім вершы, таксама, прысвечаным Шэўчэнку, ён піша:

Яго „бацькам“ ахрысціла
Памятна Украйна.
Эх, і нам будзь бацька мілым,
Украінча слаўны!
Плывучы ў даль, твая песня
Гасцінцам не вузкім
Нашла водгалас пачэсны
Ў сэрцы беларускім.

Праз свае пераклады Шэўчэнка, над якімі Купала працуе даўно, ён пазнаёміў маладое пакаленне беларускіх паэтаў з паэзіяй вялікага украінскага паэта. І яны вучыліся паэтычнаму майстэрству у Шэўчэнкі. Адну з значных сваіх паэм, створаных у маладыя гады, Купала напісаў на украінскім матэрыяле, запазычыўшы яе сюжэт З запісаў беларускага фальклора. Паэма гэта называецца «Бандароўна». Дзея адбываецца на Украіне. Асноўныя героі паэмы-пан Патоцкі з Канева, дэспат і нястрыманы распуснік, і маладая красуня-казачка, дочка Бандарэнкі. У карчме гуляе казачая моладзь, у тым ліку і Бандароўна. Паяўляецца пан Патоцкі са сваімі гайдукамі. Ён зварочвае ўвагу на Бандароўну і прыстае да яе. Абураная дзяўчына б'е пана па твару. Зняважаны пан Патоцкі ў ярасці выбягае склікаць сваю дружыну, каб адпомсціць казакам і Бандароўне за такую знявагу. Бандароўне раюць уцякаць і схавацца ад помсты Патоцкага. Яе ловяць гайдукі і прыводзяць да Патоцкага. Патоцкі паказвае раскошна накрыты стол і ўсё багацце панскага палацу. Узяўшы набітую куляй стрэльбу, ён пытае, што выбірае яна, ці жыць з ім у гэтай раскошы, ці быць забітай. Гордая Бандароўна адхіляе ўсё гэта багацце і пана разам з ім. Патоцкі забівае яе. Гэта дзікая расправа з Бандароўнай выклікае абурэнне і паўстанне народа супроць панскага гвалту і свавольства.

„Задымілі ў пажары
Панскія сялібы,
Палілася кроў ракою
На лугі, на скібы“.

І заканчвае Купала сваю паэму спасылкай, што аб горкім лёсе Бандароўны і аб тым часу засталіся толькі паданні ды песні ў народзе.

Паэма гэта характэрна з пункту гледжання зацікаўленасці Янкі Купалы да Украіны. Несумненна, зацікаўленасць гэта выклікана паэзіяй Тараса Шаўчэнкі. Па-другое, яна характэрна і ў тых адносінах, што сюжэт яе быў запазычаны, як было адзначана, з фальклорных беларускіх запісаў. Несумненна таксама, што паданне аб Бандароўне перайшло да нас з Украіны. На тым-жа украінскім матэрыяле напісаў Купала і верш: «Я казак-не казак, што нагайкай свісціць, а казак, што калісь знаў, як волю любіць». Гэты верш з'яўляецца водгукам тых шэўчэнкаўскіх вершаў, у якіх апяваецца былая слава запарожскага свабодалюбівага казацтва. Цэлы рад другіх твораў Янкі Купалы з'явіўся таксама ў выніку уплыву Шэўчэнка. Верш Купалы «Перад вісельняй» пераклікаецца з паэмай Шэўчэнкі «Сон». Даволі прачытаць любую страфу купалаўскага верша, каб пераканацца ў гэтым.

„Прыблуды з-пад Невы крывавай!
Калі адпомсціцесь, калі?
За што стапталі маю славу?
За што на вісельню ўзвялі?

Увесь верш накіраван супроць цароў, дэспатаў і прыгнетацеляў народа, бо яны «закавалі ў ланцугі і суд, і праўду, і закон, а «расправу назвалі правам». Да гэтай-жа групы вершаў адносіцца і аднаіменны купалаўскі верш. У ім ёсць такія радкі:

„Я сніў. А ўсё як-бы на яве
Кругом мяне жыло жыццём:
Той абмываў, той нож крывавіў,
Той спаў летаргу звадным сном.
Спіхала ў долы праўду звада,
За быт, за шчасце йшла вайна,
Парад цягнуўся за парадам,
Жыла, умірала старана“.

(Янка Купала, т. VI, стар. 117)

Шэўчэнкаўскія матывы з той жа паэмы «Сон» чуюцца і ў вершы Купалы: «І як тут ні смяяцца».

„На нашым хітрым свеце
Усяк жыве народ:
Адзін жыве па людску,
Другі жыве, як скот.
Адзін другім гандлююць,
Купляюць як той квас, —
Падноскі падбіваюць
Стаячаму не раз“.

(Янка Купала, т. I, стар. 117)

Абодвы гэтыя вершы нагадваюць пачатак паэмы Шэўчэнка «Сон».

„У всякого своя доля
І свій шлях широкий:
Той муруе, той руйнуе,
Той не ситим оком
За край світа зазирае
Чи нема краіны,
Шоб заграбаць і з собою
Взять у домовину;
Той тузами абірае
Сват в його хати,
О той нишком у куточку
Гострить ніж на брата“.

Цэлая серыя другіх твораў беларускага паэта блізкая і родная творам вялікага украінскага паэта. У паэмах Шэўчэнкі «Неофіты», «Марыя» і ў іншых сустракаюцца радкі, поўныя іроніі і сарказму, накіраваныя супроць бога, які з патураннем пазірае на ўсякія злачынствы, што чыняцца над народам. Такія ж творы ёсць і ў Янкі Купалы, як напрыклад «Цару неба і зямлі». Ёсць яны і ў паэме Якуба Коласа «Новая зямля». Родная Украіна, яе цяперашняе гістарычнае мінулае, палкае замілаванне да яе, да свайго народу, сум і журба ў разлуцы з імі з незвычайнай мастацкай сілай і эмоцыянальнасцю адбіты ў шмат якіх творах Тараса Шэўчэнкі. Гэтыя-ж пачуцці ў дачыненні да свае краіны выказаны і ў многіх вершах Янкі Купалы: «Я ад вас далёка, бацькоўскія гоні», «Мая малітва», «Крыўда» і шмат іншых. Злосна і бязлітасна бічуе Шэўчэнка дэспатаў-цароў і дармаеднае, тупое духавенства. Гэтыя матывы ў вялікай ступені ўласцівы і паэзіі Янкі Купалы. У Шэўчэнкі мы знаходзім вершы, у якіх гучаць боль і горыч па адрасу сыноў сваёй краіны, якія забываюць пра яе. Усе гэтыя матывы гучаць і ў шмат якіх вершах Купалы і Коласа. Аб уплыве Шэўчэнкі на беларускую паэзію і ў прыватнасці на паэзію Янкі Купалы і Якуба Коласа гаворыць і сама паэтычная форма іх твораў. Прыёмы паэтычнага паралелізма, уласцівага народнай творчасці, вельмі часта прадстаўлены ў паэзіі Шэўчэнкі. Гэтыя ж прыёмы вельмі часта сустракаюцца і ў беларускай паэзіі. Напрыклад, у Шэўчэнкі ў паэме «Таполя»:

„Защебече саловейко
В лузі на калині, —
Заспівае казаченько,
Ходя по долині“.

У Купалы ў вершы «Над ракою ў спакою».

„Над ракою у спакою
Зацвітала каліна, —
Ў сяле за ракою
Вырастала дзяўчына“.

У Шэўчэнка:

„Не щебече соловейко
В лузі над вадою,
Ні співае чорнабрыва,
Стоя під вербою“.

У Купалы:

„Перастала каліна
У цвяточкі ўбірацца —
Перастала дзяўчына
З ненаглядным страчацца“.

Такіх паралелізмаў, якія збліжаюць паэзію Шэўчэнкі з паэзіяй Купалы, можна знайсці шмат. Своеасаблівы рытм шэўчэнкаўскай паэзіі, характэрны для яе семістопны харэй з цэзурай пасля чацвертай стапы, замена харэя ямбам або амфібрахіем, багатая інструментоўка верша, мноства ўнутраніх рыфмаў, — усё гэта характэрна і для паэзіі Янкі Купалы.

Агульныя матывы і трактоўка сірочай долі таксама збліжаюць паэзію Шэўчэнка з паэзіяй Купалы. Паэтычныя вобразы - русалкі, ведзьмы, прывіды, совы, элементы пейзажных зарысовак - курганымагілы, крыжы, таполі, прыбярэжныя лозы, чарот, Днепр — усе гэтыя элементы ўласцівы беларускай паэзіі і, бясспрэчна, у значнай меры навеяны паэзіяй Шэўчэнкі.

Гэтым кароткім аглядам далёка не поўна вычэрпваюцца агульныя рысы, якія збліжаюць паэзію Шэўчэнкі з маладой беларускай паэзіяй. Беларуская паэзія расла і развівалася на аснове тых паэтычных мэтаімкненняў, якія так ярка выражаны ў творчасці вялікага украінскага народнага песняра-дэмакрата i рэволюцыянера, таксама як і на паэзіі вялікіх рускіх майстроў мастацкага слова, чыя творчасць сваімі карэннямі глыбока ўрастала ў шырокія пласты працоўнага народа.

Глыбокія сляды ўплыву Шэўчэнкі носіць на сабе паэзія Паўлюка Труса. Гэта-паэт паслякастрычніцкага часу, малады і вельмі таленавіты. Але талент яго не паспеў расцвісці: Паўлюк Трус памёр дваццаціпяцігадовым юнаком. У скромнай маёмасці, што засталася пасля смерці юнака-паэта, захаваўся экземпляр «Кабзара». Гэта - болей чым настольная кніга Паўлюка Труса. Ён ніколі не раставаўся з ёю і насіў яе з сабою. Шматлікія паметкі ў тэксце кнігі сведчаць аб той увазе і замілаванні, з якімі ставіўся Трус да паэзіі вялікага паэта. Аб гэтым-жа сведчыць і той факт, што Трус амаль напамяць ведаў усяго «Кабзара». Вялікая Кастрычніцкая Соцыялістычная рэволюцыя, зняўшы аковы царскай цэнзуры, шырока і гасцінна расчыніла дзверы магутнай паэзіі украінскага песняра і зрабіла яе здабыткам усіх працоўных Совецкага Саюза. На паэзіі «Кабзара» рос і развіваўся паэтычны дар Паўлюка Труса. Прастаце, народнасці, музыцы верша і ўсяму таму зачараванню, што так падкупляе ў паэзіі Шэўчэнкі чытача, вучыўся ён у вялікага украінскага кабзара. Канву шмат якіх шэўчэнкаўскіх паэм кладзе ён у аснову сваіх твораў. Ён шырока і па майстэрску выкарыстоўвае прыём Тараса Шэўчэнкі — уплятаць у ткань твору народныя песні, умела падбіраючы іх і захоўваючы поўную гармонію паміж імі і творам. Апроч лірычных вершаў, напісаных з пачуццем сапраўднага паэта, вялікіх, у поўнай меры закончаных паэм з акрэсленай паэтычнай мэтаімкнёнасцю ў Паўлюка Труса амаль што няма. Гэта - эскізы, паэтычныя зарысоўкі, якія сведчаць аб паэтычным дараванні Паўлюка Труса. У іх столькі цяплыні, шчырага паэтычнага пачуцця і столькі Шэўчэнкаўскага каларыту, што часамі трудна адрозніць іх ад шэўчэнкаўскіх вершаў. Украіна, украінскія стэпы, курганы, хаты ў вішнёвых садах вельмі часта ўпамінаюцца ў вершах і няскончаных паэмах Tpyca. Напрыклад, у яго паэме «Развітанне»:

„Ты ўспомніш стэпы Украіны
І спевы звонкія дзяўчат.
Настане ноч. Па-над далінай
Ў тумане дрэмлюць ветракі;
Заводзяць песню парубкі,
І ў вішнях журацца хаціны,
Маўчаць таполі ў далавах,
А песня коціцца далёка,
„Реве та стогне Дніпр широкий,
Сердитый вітер завыва“.

Тон і рытмічны рысунак паэзіі Шэўчэнкі з усёю яе своеасаблівасцю, выкарыстоўванне характэрнага для Шэўчэнкі семістопнага харэя з цэзурай пасля чацвертай стапы, паэтычныя прыёмы паралелізма, - усё гэта шырока запазычана маладым беларускім паэтам у Тараса Шаўчэнкі. Вось, напрыклад, урывак з лепшай паэмы Паўлюка Труса «Дзесяты падмурак».

Разышліся пад гарою
Тры дарогі ў полі.
Па якой жа тая доля?
Па якой нядоля?
Па якой жа тое шчасце,
А ці ліха-гора
Мяне стрэне на чужыне,
Стрэне й пагаворыць?
Не каліна над вадою
Пахіліла голле,
Плача маці сярод поля,
Праклінае долю.

Ад Шэўчэнкі запазычае Трус прыём пачынаць новы радок верша словам, якім канчаецца папярэдні радок. Напрыклад, у Шэўчэнкі ў вершы «На вечную памяць Катлярэўскаму»:

Сонца гріе, ветер віе
З поля на даліну,
Над вадою гне з вярбою
Червону каліну;
На каліне одиноке
Гніздечко гойдае…

У Труса:

Пахіліла над вадою
Тонкі стан каліна,
Пад калінаю дзяўчына…

У прыведзеных прыкладах зварачае на сябе увагу не толькі тэкстуальная блізкасць Труса да Шэўчэнкі, але і запазычанне шэўчэнкаўскіх вобразаў. У гэтым запазычанні Трус ідзе далей. Часамі ён цалкам бярэ шэўчэнкаўскія радкі і нават цэлыя строфы, некалькі вар‘іруючы іх. Напрыклад, у Шэўчэнкі:

„Сонца гріе, ветер віе.
З поле на даліну

У Труса:

Веюць вятры, ветравінне
З поля на даліну.

У Шэўчэнкі:

Вітер в гаі нагінае
Лозу і таполю…“

(„Мар‘яна чарніца“)

У Tрyca:

Вецер у гаю нагінае
Тонкую каліну…

У Шэўчэнкі:

„Вітер з гаем размовляе,
Шепче з осокою,
Плыве човен на Дунаю
Один за водою.
Плыве човен воды повен…“

У Труса:

Плыве човен вады повен,
Човен апаўночы.
Зацвялі, закрасавалі
Твае кары вочы.

Такіх прыкладаў шмат можна знайсці ў паэзіі Труса. Такім чынам уплыў Шэўчэнкі на творчасць маладога беларускага паэта дужа вялікі. Гэты ўплыў ідзе і па лініі паказу жаночых вобразаў, паэтычных прыёмаў — паралелізмы, зачынанне новага радка словам папярэдняй, уставачныя народныя песні, паэтычныя паўторы, -і па лініі пейзажных зарысовак, рытмічных рысункаў і запазычання асобных вобразаў, цэлых радкоў, а часамі і строф.

Вельмі любіў і высока расцэньваў паэзію Шэўчэнкі другі беларускі паэт, Максім Багдановіч, выдатны майстар паэтычнага слова і ўдумлівы крытык. Таксама, як і Паўлюк Трус, Багдановіч памёр у маладым веку. Роўна дваццаць пяць гадоў таму назад ён напісаў два артыкулы, прысвечаныя геніяльнаму аўтару «Кабзара». Адзін артыкул называецца «Краса і сіла» — вопыт даследавання верша Т. Шэўчэнкі. Абодвы артыкулы напісаны па рускі. Свой першы артыкул Багдановіч пачынае словамі:

«Ёсць зоры, якія так блізкі адна да другой і так роўна злучаюць сваё святло, што здаюцца нам адным непарыўным цэлым. «Падвойнымі зорамі» называюцца гэтыя свяцілы. Іх лёс стаў лёсам музы Шэўчэнка і украінскай народнай паэзіі: падвойнай зоркай свецяць яны ў свеце мастацтва і хараства».

Багдановіч прыводзіць выказванне праф. Кастамарова аб Шэўчэнку, што «Шэўчэнка, як паэт, гэта быў сам народ, прадоўжваючы сваю паэтычную творчасць, што «песня Шэўчэнкі была сама па сабе народная песня, толькі новая, такая песня, якую цяпер мог заспяваць цэлы народ». Гэтую меткую выразу, зробленую, як кажа Багдановіч, на вока, трэба выверыць шляхам аналіза творчасці Шэўчэнкі. І ён ставіць прад сабою задачу - даць аналіз верша украінскага генія і выясніць сродкі паэтычнага ўплыву, які мае ў сабе гэты верш. Зрабіўшы падробны аналіз рытмікі паэзіі Шэўчэнкі, адзначыўшы яе спецыфічныя асаблівасці, Багдановіч прыходзіць да вываду, што «у асобе Шэўчэнкі сусветная літаратура мае паэта з вершам меладычным і зграбным, паэта, які хараство сваіх твораў будаваў не на сродках паэтычнага ўплыву, што б'юць у вочы, а наадварот-на сродках найболей тонкіх: асанансах, алітарацыях, унутраных рыфмах; паэт, які да гэтага хараства адзначаных элементаў верша далучыў яшчэ незвычайную сілу сваіх рытмаў, а таксама арыгінальнасць, жывасць і грацыёзнасць рознастайных метраў». Па ліку ўнутраных рыфм Багдановіч не знаходзіць у рускай літаратуры паэта, роўнага Шэўчэнку. «Як раз тут - гаворыць Багдановіч — у гэтай вобласці верша і выясняецца, быць можа, найболей дасканала ўсё тонкае хараство паэзіі Шэўчэнкі: звонку простая, скромная, яна поўна ўнутраным, прыхаваным, не кожнаму зроку даступным, прыгожаствам».

Так ацэньваў Багдановіч паэзію геніяльнага кабзара. У другім сваім артыкуле, прысвечаным стагоддзю з дня нараджэння Шэўчэнкі, Максім Багдановіч гаворыць аб агульна-людскім значэнні твораў вялікага украінскага паэта. «Пэўна, - піша Багдановіч, тыя глыбока-нацыянальныя формы, у якіх заключан гэты агульна людскі змест, шмат болей скажуць сэрцу украінца, чым чалавеку іншай народнасці. Але і гэтаму апошняму Шэўчэнка не будзе чужым і незразумелым, і ў яго душы творы украінскага паэта знойдуць сабе водгук, бо над ім своеасабліваю чэканкаю хаваецца поўнацэнны метал духоўнай культуры, агульнай усім цывілізаваным народам».

Максім Багдановіч займаўся таксама перакладам вершаў Шэўчэнкі на рускую мову. Ён пераклаў вершы - «Кастамарову», «У няволі», «У няволі цяжка», «І неба няўмыта», «Гатова, парус распусцілі». Пераклады зроблены з той увагаю, з якою наогул ставіўся Багдановіч да твораў Шэўчэнкі.

Вось у агульных рысах агляд асноўных момантаў уплыву Шэўчэнкі на маладую беларускую паэзію. Як мы бачым, уплыў гэты вельмі значны, і Шэўчэнку належыць пачэснае месца ў фармаванні нашай паэзіі. Гэты агляд-першая спроба даследваць ролю Шэўчэнкі ў развіцці беларускай паэзіі. Агляд далёка не поўны і праілю страваны галоўным чынам паэзіяй Янкі Купалы, Якуба Коласа і Паўлюка Труса і то далёка не ў поўнай меры.

Сто дваццаціпяцігоддзе з дня нараджэння Т. Г. Шэўчэнкі выклікала вялікую зацікаўленасць з боку беларускіх паэтаў да літаратурнай спадчыны песняра украінскага народа. Горача адгукнуліся яны на гэту слаўную дату. Яны паставілі перад сабою задачу-даць поўны і поўнацэнны пераклад «Кабзара» на беларускую мову. Беларускі народ, які спяваў і спявае песні Шэўчэнкі, часта не ведаючы іх аўтара, мае права патрабаваць ад сваіх паэтаў даць яму любімую ім паэзію песняра вялікага суседняга народа на беларускай мове, даць яе ва усім яе чаруючым харастве, глыбіні і сіле, ва ўсім своеасаблівым яе бляску. Работа над перакладам «Кабзара» яшчэ болей зблізіла нашых паэтаў з творчасцю Шэўчэнкі. Уся магутнасць і глыбіня яго паэзіі, дзівоснае багацце фарбаў і гукаў адкрыліся нам у гэтай рабоце, у працэсе пераадольвання тых часамі агромных труднасцей, з якімі звязана перадача вершаў Шэўчэнкі на беларускую мову, не гледзячы на блізкасць украінскай і беларускай мовы. Мы імкнуліся даць пераклад блізкі да арыгінала, захаваўшы ўсе асаблівасці паэтычных прыёмаў, паэтычную прастату і яснасць, музыку і напеўнасць шэўчэнкаўскай паэзіі. Мы уважна і многа працавалі, пераадольваючы ўсе труднасці пераклада, маючы на увазе даць сапраўднага Шэўчэнку на беларускай мове. Гэтыя труднасці ў асноўным, як мне здаецца, пераадолены.

Тарас Грыгоравіч Шэўчэнка, чыя муза была цалкам аддана народу, непахісны змагар за народную справу, паэт, які меў поўнае права сказаць, зварочваючыся да сваёй суровай долі:

„Не хітравалі мы з табою,
Мы проста йшлі. У нас няма
Няпраўды зерня за сабою“

у нашы дні вырысоўваецца ва увесь свой гігантскі паэтычны рост перад многанацыянальным, многамільённым совецкім чытачом. Ён па дастоінству і па праву займае месца з Пушкіным, Міцкевічам і Гётэ, з Сулейманам Стальскім, з Некрасавым і Шота Руставелі. Свабодны совецкі народ, як ніякі іншы ў свеце, цэніць шчырых вялікіх сыноў чалавецтва, вялікіх мастакоў слова ўсіх вякоў і народаў, бо совецкі народ - дастойны наследнік агульналюдской культуры.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.