Што чытаць па беларуску?
Што чытаць па беларуску? Крытыка Аўтар: Макар Краўцоў 1924 год Крыніца: Студэнская Думка. — Сьнежань 1924. — №1. — С. 25—28 |
Што чытаць па беларуску?
(Практычны парадчык).
Што чытаць? Якіх аўтараў? і ў якім парадку? — вось пытаньні, якія задае кожны інтэлігэнтны чалавек, намерываючыся азнаёміцца з уласнай, або чужацкай літэратурай, ведаючы, што чытаньне прыносе вялікую карысьць толькі ў тым выпадку, калі вядзецца сыстэмна, праграмна.
Тагды бо яно сапраўды пашырае наш умысловы кругазор, паглыбляе веду, ўзбагачывае жыцьцёвы досьлед!
Хаотычнае-ж, бязсыстэмнае чытаньне, пры якім чалавек без разбору хапае першую з боку кніжку, ня гледзячы, ці то штосьці сапраўды цэннае, ці толькі — тандэта, літэратурнае сьмяцьцё, — ня толькі што ня прыносе карысьці, але бязсумліўна шкодзіць чытачу, зацямняючы яму розум ды-й муцячы галаву, а моладзь проста дэмаралізуе.
Вось-жа, каб ухапіць гэну небясьпеку, інтэлігэнтны чытач не агранічываецца стаўляньнем сабе гэткіх пытаньняў перад чытаньнем, але ўкладае сабе пэўны плян, да якога, колькі мага, сьцісла датарноўваецца ў працягу ўсяго чытаньня,
Што-ж гэта за плян?
У чым замыкаецца сыстэматычнае чытаньне?
Плян гэны, або праграма чытаньня тае ці іншае літэратуры ўкладаецца гэткім чынам, што чытач бярэ датычную гісторыю літэратуры і выбіряе з яе найлепшых аўтараў і іхнія найбольш цэнныя творы, сьпісываючы аўтараў у хронолёгічным парадку.
Праца гэная вельмі карысная, але даволі трудная, дык ня кожнаму даступна.
Ведама што такі-сякі плянік кожны патрапіць скласьці, але мы тут маем на думцы салідна апрацаваную праграму, для якой падрэбны пэўныя кваліфікацыі.
У кожным выпадку нат‘ дрэнны плянік, лепшы чымся поўная бязсыстэмнасьць, прынясе хоць паменшаную карысьць злажыўшаму яго.
Гэта трэба сабе добра зарубіць кожнаму з чытачоў і заўсёды праводзіць ў жыцьці!..
Пытаньне „што чытаць?“ устае і перад беларускім інтэлігэнтам, і, трэба прызнацца, не заўсёды бывае вырашаным як мае быць.
Яшчэ вялікшы клопат мае з ім здэнацыялізаваны, (спольшчаны, ці абмаскалены), беларускі інтэлігэнт, які зажадае азнаёміцца з „бацькаўскім словам“, з беларускай літэратурай, у гэнай краіне, ня ведае што, дзе, і як?
Вось-жа з мэтай памагчы братом беларусам мы дамо тут ніжэй праграму чытаньня па беларуску, дзе вылічым у хронолёгічным парадку найменшых аўтараў (беларускіх клясікаў) і іх галоўныя творы, а роўна-ж і другарадных, але заслугоўвуючых на ўвагу беларускіх пісьменьнікаў і песьняроў.
Зьвернем так-жа чытачоў і на новыя зыходзючыя, або штораз то больш разгараючыя зоркі нашага літэратурнага неба, якія аднак-жа яшчэ не саўсім аформіліся, дзеля чаго вынясеньне аканчальнага прысуду аб іх літэратурнае творчасьці і правільнае ацэнкі яе трэба яшчэ пачакаць колькі гадкоў.
Успомнім тут і пра найлепшыя творы нашае перакладнае літэратуры. Творчасьць Савецкай Беларусі дамо асобна.
У праграме гэнай агранічываемся толькі да новае беларускае літэратуры.
Праграма чытаньня з новае беларускае літэратуры (XIX-га і пачатак XX-га стагодзьдзя).
I. Беларускія клясыкі (найлепшыя аўтары) і іх галоўныя творы.
Вінцук Марцінкевіч. Паэмы; 1) „Гапон“, 2) „Купала“, 3) „Шчэраўскія дажынкі“, 4) „Вечарніцы“ (2) і 5) „Пан Тадэуш“ (пераклад 2 першых песьняў).
Францішак Багушэвіч. Зборнікі вершаў: 1) „Дудка беларуская“ і 2) „Смык беларускі“.
Ядвігін Ш. Зборнік новэляў: 1) „Бярозка“ і „Васількі“, „Успаміны“ (мэмуары прозай).
Янка Купала. Драматычныя паэмы: 1) „Сон на кургане“ (2 абр.) і 2) „Адвечная песьня“ (12 абр.). Драмы: 1) „Раськіданае гняздо“ (5 акт) і 2) „Паўлінка“ (2 акт.). Пьеса „Тутэйшыя“ (4 акт.).[1] Зборнікі вершаў: 1) „Шляхам жыцьця“ і 2) „Спадчына“.[1]
Якуб Колас. Зборнік вершаў: 1) „Песьні жальбы“ і 2) „Водгульле“.[1] Паэмы: 1) „Сымон музыка“ і 2) „Новая зямля“.[1] Зборнікі апавяданьняў прозай: 1) „Родныя зьявы“ і 2) „Казкі жыцьця“[1] (альлегорыі). Повесьць: „У палескай глушы“.
Зьмітрок Бядуля. 1) „Абразкі“ (імпрэсыі прозай), 2) „На зачарованых гонях“ (зборнік апавяданьняў),[1] 3) „Пад родным небам“ (зборнік вершаў).[1]
Максім Багдановіч. „Вянок“ (кніжка выбраных вершаў).
Алесь Гарун. „Матчын дар“ (зборнік вершаў),
Цішка Гартны. 1) „Хвалі жыцьця“ (драма ў 3 акт.).[1] 2) „Сокі цаліны“ (раман ч. I.)[1] і 3) „Песьні працы і змаганьня“.[1]
Констанцыя Буйло. „Курганная кветка“ (зборнік вершаў і сцэнічных твораў).
Натальля Арсеньнева. Дробныя паэзіі. Пераклад вершаў „Дзяды“ А. Міцкевіча.
Творы гэнае выдатнае песьняркі беларускай — як гэта ня дзіўна! — дасюль яшчэ ня выдрукаваны асобнай кніжкай і бадзяюцца па рожных календарох беларускіх, газэтах ды журналах.
Францішак Аляхновіч. Драмы: 1) „Няскончаная драма“ (2 акт), 2) „Страхі жыцьця“ (3 акт), 3) „Цені“ (3 акт). П‘есы: 1) „На Антокалі“ (3 акт.), 2) „Манька“ (4 акт), 3) „Пан Міністар“ п‘еса-сатыра (3 акт.). П‘есы гістарычныя: „Бутрым Няміра“ (2 акт.) і 2) „Базылішк“ п‘еса-казка (3 акт.). Камэдыі: 1) „Птушка шчасьця“ (3 акт.), 2) „Заручыны Паўлінкі“ (1 акт) і 3) „Шчасьлівы муж“ (2 акт).
Да гэнай-жа катэгорыі, з пэўнымі аднак-жа засьцярогамі, можна залічыць:
Галубок. Папулярныя драмы і апавяданьні (пераважна ў журналах).
Власт. Апавяданьні і легэнды (па журналах).
Максім Гарэцкі. 1) „Дзьве душы“ повесьць, 2) „Антон“, (нясцэнічная драма), 3) „Рунь“ (зборнік апавяданьняў).
II. Другарадныя аўтары. і іх галоўныя творы:
Янка Лучына. — „Вязанка“ (зборнік вершаў);
Аляксандар Пшчолка. Гутаркі, монолёгі і апавяданьні, (Бадзяюцца па газэтах ды журналах, кніжкай дасюль яшчэ ня выданы).
Цётка. „Скрыпка беларуская“ (зборнік вершаў).
Карусь Каганец. „Модны шляхцюк“ (камэд у 1 акт). Вершы ў газэтах.
Альбэрт Паўловіч. 1) „Снапок“ (зборнік вершаў) і 2) „Васількі“ (драма вершам у 5 акт.).
Гальяш Леўчык. „Чыжык беларускі“ (зборнік вершаў)
Дзядзька Пранук. „Стася“ (новэля).
III. Навейшыя аўтары (больш выдатныя) і іх галоўныя творы:
Л. Родзевіч. 1) „У кавалёвай хаце“ (драм. абраз.), 2) „Досьвіткі“ (драмат. абраз.) і 3) „Беларусь“ (зборнік паэзіяў).
Уладзімір Жылка. 1) „Уяўленьне“ (зборнік вершаў),
Янка Палын. „Аднабочнікі“ — повесьць (у журнале „Крывіч“).
Казімір Сваяк. „Мая Ліра“ (зборнік вершаў).
Дзяргач. „Тыпы Палесься“ (абразкі прозай),
Язэп Нарцызаў. „Вар‘ят без вар‘яцтва“ (повесьць ч. I).
Гарэцкі. „Чырвоныя рожы“ (драма).
Група пісьменьнікаў „Савецкай Беларусі“ (З выключэньнем старых аўтараў, творачых там):
Кудзелька. 1) „На Купальле“ (сцэнічная паэма), 2) „Босыя на вогнішчы“ (рэвалюцыйная паэма) і „Завіруха“ (зборнік вершаў).
Міровіч. 1) „Кастусь Каліноўскі“ (гістар. п‘еса ў 7 акт.) і 2) „Машэка“ (п‘еса).
Уладзімір Дубоўка. „Строма“ (зборнік вершаў друкаваны ў Вільні).
IV. Перакладная літэратура: 1) „Алеся“ — повесьць Купрына, 2) „Мцыры“ — паэма Лермантава — пераклаў з расейскае мовы Макар Краўцоў.
Для лепшага азнаямленьня рэкамандуем: 1) „Гісторыю беларускае літэратуры“ і 2) „Хрыстаматыю беларускае літэратуры“. — Гарэцкага і „Нашы песьняры“ (літэр, нарысы) — Ант. Навіны.
Вось і ўся праграма!
Як ўжо было казана раней, мы агранічыліся ў ёй да лепшых аўтараў, саўсім абмінаючы вялікую групу трэцярадных пісьменьнікаў, якіх лік, аднак-жа, па меры разьвіцьця беларускае літэратуры і вялікшых вымогаў ад аўтара з боку крытыкі, — ўсьця-ж меншае.
Зусім зразумела, што па тэхнічных абставінах, мы не маглі з належнай поўнасьцьцю разабрацца ў творчасьці Савецкае Беларусі. Не маючы магчымасьці азнаёміцца з творчасьцю гэткіх драматургаў яе, як напрыклад: Дыла, Гарбацэвіч, і гэткіх паэтаў як: Грамыка, Вольный і т, п. іншых пісьменьнікаў Савецкай Беларусі, мы ня ўлучылі іх у наш сьпісак, ня могучы точна акрэсьліць іх ролі. Але здаецца што ўсе памянёныя, акрамя мо’ Грамыкі (аўтара паэмы „Крылан“), падойдуць пад катэгорыю другарадных.
Фактычна дык і творчасьці ўлучаных у спісак: Кудзелькі і Міровіча мы то-ж не маглі ацаніць як сьлед, ня маючы іх твораў пад рукой, але, ў кожным выпадку, іх, побач з старымі беларускімі пісьменьнікамі, творачымі ў Менску, найбольш расхвальвае тамашняя літэратурная крытыка.
Канчаючы наш артыкул, горача заклікаем ўсё беларускае грамадзянства да азнаямленьня, і то грунтоўнага, з роднай літэратурай, лічучы гэта за маральны абавязак кожнага Беларуса перад Бацькаўшчынай і зьвяртаючы ўвагу на тое, што гэна найлепшае, найбольш пэўнае аружжа наша ў барацьбе з дэнацыяналізацыяй, з якога-б боку і ў якой-бы форме яна не праяўлялася! Тым пэсымістам нашым, якія кажуць што „няма чаго чытаць па беларуску“, доказам, што яны мыляюцца, можа служыць наша праграма (а яна ня поўная, бо шмат цэнных рэчаў знаходзіцца ў рукапісах і яшчэ не выдрукавана).
Наагул трэба адзначыць што, паміж Славянамі мы не апошнія!
Што з выняткам польскае, расейскае і чэскае літэратуры, беларуская літэратура сьмела можа конкураваць з усімі іншымі славянскімі літэратурамі!
Дык чытайма-ж, Браты, памятуючы заўсёды на завет Бурачка:
„Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі“!..
Язэп Сьветазар.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.