|
Прыдзе сьвітаньне да маей хаткі
І разбуджаць мяне стане:
„Гэй! бяры коску; глянь! там на ўсходзе
Сонейка скора прагляне.“
Дзе ты, сярмяга? Пот яшчэ значан:
Ночкай ня высах Пятровай.
Дзе мая коска? дзе баяўніца:
Час нам на луг за дуброву.
Прыдзе палудне да маей хаткі,
Ка мне падсядзе на лаву,
І так глядзіць там, як мае дзеткі
Жывяцца поснаю стравай.
I лусту хлеба чорнага ломе,
Рукі чагосьці трасуцца,
А што кусочак возьме, адкусе —
Сьлёзы цурком паліюцца.
А прыдзе ночка да маей хаткі,
Стане у куток, падапрэцца —
І ў думах-думках, стоячы гэтак,
Песьняй глухой адазьвецца.
А ў грудзёх сэрца, птушкай заскача,
Хадыром хатка заходзе,
Як ноч аб долі цяжкай мужычай
Нудна галосе, заводзе.
|