Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/VII/Пані Твардоўская

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Трох Будрысаў Пані Твардоўская
Баляда
Аўтар: Адам Міцкевіч
1923 год
Арыгінальная назва: Pani Twardowska
Пераклад: Янка Купала
Удагонку
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пані Твардоўская (Міцкевіч/Купала)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пані Твардоўская.

А. Міцкевіча.

П’юць, ядуць і люлькі смаляць,
Таўкатня ўкруг і сваволя,
Ледзь карчмы тэй не разваляць…
Хі-хі, ха-ха, гэй-жа, го-ля!
На канцы стала Твардоўскі
Сеў, падпёрся, выпнуў бруха,
І крычыць на чым сьвет боскі,
І усяк туманіць юха.
Салдату, ўдаваў што зуха,
Ўсіх ён лае, разганяе, —
Сьвіснуў шабляй каля вуха,
Ўжо з салдата зайца мае.
Старшыне, што місу з мясам
Паражній з вялікім смакам,
Пырснуў квасам — і тым часам
Старшыню зрабіў сабакам.
Пстрык! шаўца у нос кароткі,
Тры да лба прыткнуў краночкі,
Цмокнуў цмок, і гданьскай водкі
Са лба вытачыў паўбочкі.
Тут, як водку піў з кяліха,
У кяліху сьвіст зрабіўся;
Глядзь на дно: — Гэй, што за ліха!
Ты чаго, кум, сюды ўбіўся?
На дне ў чарцы бачыць — чорцік:
Істы немец, знае ўвагу;
Пакланіўся і як хорцік
На падлогу дае цягу.
Скочыў, вырас на два локці,
Нос, як гачык — знаць, што нелюдзь,
І савіныя пазногці
На худых нагах віднеюць.
„А! Твардоўскі… як дуж, браце?!“
Так гавора і падходзе:
„Ці-ж ня хочаш на’т пазнаці
„Мафістофаля, дабродзей?
„Там, пад Лысаю Гарою,
„Што душу нам адступаеш,
„Падпісаўся ты крывёю,
„А цяпер і ані дбаеш!
„Надало-ж табе забыцца,
„Што, як два мінуць гадочкі,
„Меўся ў Рыме ты явіцца,
„Каб цябе ўзяць за грахочкі.
„Ўжо сыходзе год і сёмы,
„І кантракт далей ня служа,
„А за чары ой даўно мы
„Жджом цябе у пекле, дружа.
„Але хоць чакаў я леты,
„Помста ўрэшце даканана:
„Рым завецца шынок гэты…
„Кладу арышт на васпана.“
Даць хацеў Твардоўскі цягу
На сказ гэтакі чартовы,
Але той злавіў за дзягу:
„А дзе, кажа, „гонар слова“?“
Што рабіць? чарта насьпела,
Схопе ў пекла тут, і годзе.
Дый Твардоўскі знае дзела,
I таму мазгі заводзе.
„Гэй ты, чорце! глянуць зволь-ка
„У кантракт, дзе пункты ўвідзіш,
„Што як лет мінецца столька,
„Па маю душу як прыдзеш, —
„Буду права мець тры разы
„Запрагчы цябе ў работу, —
„Ты-ж найгоршыя прыказы
„Мусіш споўніць што да-ёты.
„Глянь, над карчмай маляваньне:
„Конь грывясты, хвост як вехаць;
„Тут жывым няхай ён стане,
„Мушу я на ім праехаць.
„Біч з пяску скруці мне, бесе,
„Каб каня меў чым пагнаці;
„Хорам выбудуй у лесе,
„Каб было дзе папасаці.
„Зруб стаўляй з зярнят арэху,
„Прыкажы знасіць іх раку,
„Жыда пэйсамі лаць стрэху,
„Места гонт — крый зернем маку.
„Глянь, цьвячок такі прымерна:
„Ў цаль — таўсты, даўгі — тры цалі;
„Бі у кожна маку зерна
„Па тры гэткія ганталі.“
Мафістофель духам скоча,
Каня корме, пое, чысьце,
Біч даўгі са жвіру точа,
А ўсё жыва і агнісьце.
Сеў Твардоўскі, выпнуў жылы,
Ўзяў за повад, конь здаровы,
Знай, трымайся што ёсьць сілы,
Аж тут зірк: палац гатовы.
„Так, так! выйграў, пане бісе;
„Ды работа жджэ другая:
„Ты скупайся ў гэтай місе —
„Толькі ў ёй вада сьвятая.“
Чорт спужаўся, ўвесь сагнуўся,
Пот яго сьцюдзёны крые;
Ўсё-ж, пан кажа — слуга мусе, —
Чорт скупаўся аж па шыю.
Потым выскачыў як з жару,
І Твардоўскага зноў страша.
„Я цяжкую вынес кару,
„Але й ты у моцы нашай“.
„Раз яшчэ — і будзе квіта —
„Па кантракту ёсьць нагонка…
„Глянь, вун баба каля сіта,
„Гэта, чорце, мая жонка.
„Я на год у Бэльзабуба
„За цябе жыць застануся,
„А праз той час мая люба
„Жыць з табой, як з мужам, мусе.
„Службу, любасьць, шанаваньне
„Хай ёй вашаць прысягае,
„Зломіш хоць адно заданьне —
„Ўся умова прападае“.
Што той кажа, чорт пільнуе,
Вокам кідае на самку,
Быццам бачыць, быццам чуе,
І збліжаецца пад клямку.
А Твардоўскі пры ім суча,
Быццам гнецца, а ўсё бача;
Скочыў дзюркай чорт ад ключа,
I дагэтуль недзе скача.