Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/VI/У Купальскую ноч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паляўнічы і пара галубкоў У Купальскую ноч
Верш
Аўтар: Янка Купала
1923 год
На Дзяды
Іншыя публікацыі гэтага твора: У купальскую ноч (Купала)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У Купальскую ноч.

Цёплым летам на Купальле,
Як ноч ляжа без граніцы,
Зводы, чары бліжай, далей
Відны ў пушчы над крыніцай.
Ля калоды, на калодзе —
Ў кожным лесавым куточку,
Кветка-папараць усходзе,
Зацьвітае ў гэту ночку.
Хто захоча ў цёмнай гушчы.
Пашукаці, паспытаці,
Падпільноўвае Дух Пушчы —
І ня дасьць нічога ўзяці.
Вось, глядзеце! Зважна, ціха
Чалавек ідзе, крадзецца;
Што за немач, што за ліха?
Ці-ж няма ўжо дзе падзецца?
Вочы кроўю наліліся,
Аб зуб зубам страх ляскоча,
Клубам гнецца, прыхіліўся:
Кветку-шчасьце цапнуць хоча.
І мармоча, як зпрасоньня,
Пад шурпатымі сукамі:
„Ці-ж, як летась, і сягоньня
Мне з пустымі йсьці рукамі?
Кожны год іду сюды я,
Кожны год надзею маю,
А тут немачы нямыя
Круцяць, верцяць з боку, з краю.
Зьбіўся з толку, жыць нязмога;
Вечны голад кветкі-шчасьця,
То ад Бога, то да Бога
Гоне, цісьне, як з напасьці.
Стой! Здаецца, вун зірнула,
Як-бы зорка, як-бы сонца!
Ах, ня тое! Адвярнула!..
Гэта шышка на сасонцы“.
Ну шукаці, як шукаці!
Цемра з нетрай скача скокі,
Звод хахоча ў цёмнай гаці,
Смоўж зіркае аднавокі.
Так шукае, лазе лазам,
Просіць, моліць, заклінае,
А дух Пушчы з пушчай разам
Успамінкі ўспамінае:
„Кінь шукаць, спраўляць скавыты,
Не чапай маіх харомаў!
Я дух Пушчы, дух сярдзіты,
Ня спушчу нідзе нікому!
Кветкі пільна я пільную,
На замкоў замкнёна сорак,
А дарожку даў такую:
Людзкіх костачак узгорак.
Не пачуеш нашай рады,
Будзе тое і з табою!
За цьвяточак для прынады
Ты заплаціш галавою!
Як на сьвет сьвет нарадзіўся,
Як душа засела ў целе,
Ўсе ляцелі к гэтай місе,
І ніводныя ня елі.
Пушча знае, што бароне,
Што ёй дадзена на сховы,
Крыжам ляжа на загоне,
А ня дасьць надзець аковы.
Адчапіся, адхрысьціся!
Доляй-казкай счараваны,
Ты яшчэ не дарасьціўся
Цьвет пасьцігнуці жаданы.
Бачыш, ночанька, як сажа,
Жджы лепш раніцы, ня кветкі!“
Так Дух Пушчы з пушчай кажа
Чалавеку напасьледкі.
А ён блудзе, ходам ходзе
Тамка, тутка, далей, бліжай,
То скрадаецца, як злодзей,
То бярэцца плазам-крыжам,
То абыйме дрэва-елку,
То рукамі водзе пуста,
То пагоне з хвойкі белку,
То спужае птушку з куста.
Пад нагамі мох шапоча,
Лісьце ласіцца па твары,
Ён шукае і мармоча,
Як ня чуе чараў-мараў.
„Проч, загіньце, ведзьмы, злыдні!
Вун вам верас, вун вам лычка;
Ці няўжо вам не абрыдне
Шаматаці мной, як тычкай.
Шоў я полем, сенажацяй,
Шоў гарою і далінай,
А тут кветкі не спагнаці,
Хоць хавайся ў дамавіну!
А на што-ж мне над калыскай
Аб ёй ночка напявала?
Напявала, што ўжо блізка,
А пасьля сама схавала.
А на што-ж мне на папары
Насьвістоўвала жалейка,
Жальма жаліла на сквары?
Аж і сьціхла, дабрадзейка!
А на што-ж мне звонам косы
Вызванялі на прасьцягу?
Самі выгубілі росы,
Мне пакінулі боль-смагу.
А на што-ж мне на вясельлі
Пелі, гралі, чаркі білі,
Самі сьціхлі, занямелі,
Мне ўчарашні дзень згубілі?
А на што-ж мне на каляды
Галасілі пахаўтурну?
Самі вылеглі загладай,
Я ў жальбе снуюся бурнай
А на што ўсё гаварыла:
Жджы на кветку, на Купальле!
З году ў год чакаю мілай,
І шукаю бліжай, далей.
Можа тамка? можа гэтта?
Пнуся, рвуся ўзад і ўперад —
І налета, ўсё налета…
Вязьнем я і кветка ў нерат.
Не трашчыце, не шасьціце,
Сухалесы, пустацьветы!
Дайце кветку, дайце жыці,
Не чаруйце у сусьветы!
Мох, чарнобель, расхіліся!
Кветка, кветка, выглянь сьмела!
Чорнай кроўю ўвесь абліўся,
Сухажыльле зводзе цела…
Стой! Здаецца, вун зірнула,
Як-бы зорка, як-бы сонца…
Ах, ня тое! Адвярнула!..
— Гэта шышка на сасонцы“.
І пабег, пабег па лесе,
Закруціўся дымам-пылам,
Стаў, глядзіць, на грудзі зьвесіў
Галаву над пнём пахілым.
А Дух Пушчы з пушчай разам
Успамінкі ўспамінае,
І так далей кажа сказам,
Ночка слухае нямая.
„Вырві сэрца, высуш сэрца,
Запалі агнём, як сьвечку!
Не глядзі, што кроў сатрэцца,
Не паглядавай на печку!
Як ноч прыйдзе, гэта ночка,
Выйдзі з сэрцам, як з паходняй,
Ад кусточка да кусточка
Асьвяці мой хорам годне!
Так сьвяці, ня бойся мукі,
З верай вернай і надзеяй, —
Кветка прыйдзе сама ў рукі,
Толькі сэрца спапялее.
Чуеш гэта, зробіш гэтак?
Будзеш панам, слаўным князем,
А ня зробіш, сотні летак
Выць так будзеш паміж вязьзем.
Прыйдзеш, пойдзеш у нягодзе,
Віцца будзеш, як вужака,
Дзень ці ноч, ня скажаш: годзе!
Чахнуць будзеш, небарака!
Бачыш, чуеш: царства наша
Вечна, сільна, неўгамонна;
Духа Пушчы не застраша
Ні сякера, ні карона.
Ня уздымайся сухавейне,
Ня вышуківай закляцьця!
Скора поўнач, скора пеўні
У тваёй зайграюць хаце“.
Дух гамоне, лес трасецца,
Стогнуць хвойкі і асіны,
Шум пакоцісты нясецца,
Як хто гіне або згінуў.
Чалавек маўчыць, марудзе,
Ўзад, уперад пройдзе, гляне.
Вось мінута, а штось будзе,
Можа, можа, і дастане…
Абы поўнач, як маланка,
Не змахнула цьвет закляты, —
Прахам пойдзе ўся гулянка,
Зноў год жджы на гэта сьвята!
Што?! Стаіць, глядзіць, о Божа!
Кветка-папараць абходзе,
Зацьвіла, як мак прыгожа,
Як-бы сонца на усходзе.
Схамянуўся, прэ кустамі,
Як шалёны, прэцца к кветцы;
Лес кусаецца сукамі,
А ён туж дапрэ, здаецца.
Раптам певень загалосе
Нейдзе ў вёсцы, ў роднай вёсцы.
— Ўсё — як сон… не засталося…
Лісьць трасецца на бярозцы.
Ні-та з пуду, ні-та з жалю,
Вочы трэ, глядзіць нясьмела:
— Пуста, дзіка бліжай, далей,
Толькі штосьці зашумела.
Зашумела, замуціла,
Дзікі хохат паплыў рэхам,
Думка сьніла, не дасьніла,
Паляцела з пушчай сьмехам.
Паваліўся, як сноп жыта, —
Як сноп жыта пры сасонцы.
Крык адно, як звон разьбіты:
„Дайце кветку! Дайце сонца!“