|
Ой, мае вы песьні,
Песьні весялушкі!
Будзьце мне слухмяны
Вы, мае пяюшкі.
Ці я сам у полі,
Ці я дзе з людзямі:
Цяжка мне, нялёгка,
Калі я ня з вамі.
Мусіць я памёр-бы,
Каб мне вас ня стала;
Мусіць паваліўся-б,
Як бярно-павала.
Дык-жа будзем жыці
Разам днём ці ночай,
Пакуль сэрца б’ецца,
Пакуль плачуць вочы!
Гаварыце, думкі,
Пакуль сонца ходзе,
Аб маей старонцы,
Аб маім народзе.
Хай нясецца жальба
Там, гэй, на прывольле
Аб тэй нашай крыўдзе,
Аб тэй горкай долі!
Можа хто пачуе
Розгалас прастачы,
Ўстане і прагляне,
Ўсю няпраўду ўбача.
II.
У вадным куточку
Беларусі нашай
Пры узгорку лесу,
Пры лагчынцы пашы
Між кустоў, спрад летаў
На пустым дзірване,
Пасяліўся Юрка,
Дзягель па празваньні.
Туга йдзе спачатку
На такім загоне:
Ані тых будынкаў,
Ні ўзараных гоняў.
І наш Дзягель часта
Са сваёй сям’ёю
Зьліўся, як за грошы,
Потам ды сьлязою.
Год за годам сходзіць,
Бачаць гаспадары:
Юрка арэ, сее,
Цярэбіць гушчары;
Чынш двару заплаціць
Талакой, грашыма,
І жыве так, як-бы
Ў Бога за плячыма.
Зацьвілі загоны
Усялякім збожжам;
Як палацам, хатай
Пахваліцца можа.
Эй, бо што мужыцка
Праца не падоле?
Дзірваны ў сад зьменіць,
А горы — на поле!
III.
Сорак год так Дзягель
Жыў ня ў кепскім стане,
Пакуль пан стары жыў
І старая пані.
Але, як той кажа,
Усё ў нас ня вечна:
Годзе Юрку жыці
З хлебам ды бясьпечна!
Новы пан прыехаў
І зьмяніў парадкі:
Прыказалі Юрцы
Выбірацца з хаткі.
А ці-ж лёгка гэта?
Дый хто з вас ня знае,
Як наш брат к зямельцы
Быццам прырастае.
З дзеда і на ўнука
Гэта пераходзіць,
Хаця тое поле
Родзіць ці ня родзіць.
Бедны Юрка, бедны!
Зьвяў якбы націна.
Шкода столькі працы,
Страшна цяганіна!
І пайшоў ён рады
Па судох шукаці;
І прапаў спакой з ёй,
Прапала багацьце.
IV.
Год, другі праходзе,
Суд ідзе па судзе;
Юрка ўсё бяднее,
Багацеюць людзі.
Дзе той спрыт падзеўся,
Дзе тое здароўе?
Ў хаце непарадкі,
Проста безгалоўе.
Тут-жа суд апошні
І пастанаўленьне:
Заплаціць расходы —
І на высяленьне!
А было ўжо лета
На зямлі шырокай;
Сёмуха мінула,
Пётра не далёка;
Дабрыцо красуе,
Траўка зелянее.
Юрка кіне вокам —
Так і абамлее:
Ўся яго работа
Каля маткі нівы
Пойдзе, як у процьму,
Марна, нешчасьліва.
Дарма ён і к пану,
І к усякім членам —
Б’е паклон нізенькі
І гэтым і гэным:
Станавы прыехаў
Выкідаць астаткі
З яго роднай ніўкі,
З яго роднай хаткі…
V.
Сьпета Юркі песьня,
Ўсё пашло па сьвеце.
Жонка у пясочку,
Людзям служаць дзеці.
Сам ужо да працы
Стар і слабаваты,
З торбамі папхнуўся
Ад хаты да хаты.
Пусткаю зірнула
У яго прысельлі:
Ні плужок ні збожжа
Вока не вяселіць; Зноў зрастаюць гоні
Лазінаю дзікай,
Зайцаў там ды соваў
Толькі чутны клікі.
Так зьвярцелась прахам
Доля чалавека,
Так усё ідзе ў нас
Ад века да века.
Можа хто ня верыць
Гэтай песьні сьлёзаў?
Дык паслухай толькі
Гоману бярозаў;
Што крыжы гавораць
Пры пуціне кажнай,
Ды званы на вежы,
Што гудзяць так важна;
А яны раскажуць
Аб маей старонцы,
На якую глянуць
Страшна навет сонцу…
|