Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/VI/Забытая скрыпка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На Куцьцю Забытая скрыпка
Верш
Аўтар: Янка Купала
1923 год
За што?
Іншыя публікацыі гэтага твора: Забытая скрыпка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Забытая скрыпка.

I.

Доўга пад трамай ляжала
Сьцішна ў вясковым жыцьці,
Доўга ляжала, чакала
Скрыпка адна ў забыцьці.
Колькі шло лет за лятамі,
Колькі шло, сходзіла сіл! —
Скрыпка драмала. Слаямі
Клаўся і рос на ёй пыл.
Потам залітыя вочы
Гэткі ня мог сьлязіць глум,
Пальцу мазольнаму ўночы
Страшна крануць было струн.
Доўга чакае і сьмягне,
Покі хто з сэрцам такі
Скрыпчыны струны нацягне,
Гэткай чакае рукі!..

II.

Шоў вёскай тэй падарожны,
Чэзла дзе струньніца так,
Шоў і ў хаціну трывожна
Сьмеліцца стукнуць бядак.
Зважна дамок адчыніўся.
Просіць гасьціць гаспадар…
Скрыпка пад трамай… зьдзівіўся…
(Быў падарожны — пясьняр).
Цягне скрыпулю з-пад трамы,
Пыл абмятае палой, —
Струны заенчылі самі,
Жаляцца самі сабой.
Льюцца пясьнярскія словы,
З дошкай ліповай пяюць,
Зьвесіўшы людзі галовы,
Слухаюць, думкі снуюць.

III.

„Доўга шукаў цябе, скрыпка“, —
Гэткая песьня плыве, —
„Быў без вадзіцы я, рыбка,
„Ягадка ў буйнай траве.
„Рвалася сэрца і думы
„Гэт, да нязгадных сьвятліц,
„Клікалі хвойныя шумы,
Клікалі шэпты крыніц!
„Клікалі… Поўнілісь грудзі
„Смуткам надзей і трывог…
„Шоў між людзямі ў вадлюдзьдзі,
„Што мог, і то ўжо ня мог!
„Вёску мінаў я за вёскай,
„Плёўся праз выдмы, кусты;
„Трэбала, трэбала свойскай,
„Музыкі свойскай, як ты.

VI.

„Слаўся, сьвятая дабыча!
„Пан я сягоньня ўсіх ніў!
„Песень маіх не паліча
„Той аж, хто зоры зьлічыў!
„Птушкаю з выраю буду,
„Пеці зязюлькай пачну
„Радаўніц жалямі люду,
„Ў вочы цікава зірну!
„Громаў, маланак ахвотна
„Буду і цар і пастух,
„Лягу расіцай вільготнай,
„Выш’ю вясёлкавы круг!
„Дзівамі кветкі купальскай
„Кожную зваблю душу;
„Буду няласкай і ласкай,
Богаў фальшывых скрышу!

V.

„Прыдзе Узьвіжаньне — стану
„Ў лесе парадак вясьці:
„Ў думкі жывіне ўсей гляну,
„Буду ўсей пушчай трасьці.
„Ночкай асеньняй засяду
„За стол спраўляці дзяды;
„3 тым сьветам буду мець раду,
„Ўспомню магілкі тады.
„Вымкну зноў птушкай на вырай;
„Сьвет не захоча ўжо спаць:
„Будзе праводзіць ён шчыра,
„Будзе ён шчыра чакаць.
„Грай-жа ты, скрыпка жывая,
„Кожнай расходзься струной!
„Хто мае сэрца? хто мае?!
„Гэй-жа за мною, са мной!

VI.

„Я пакажу ўсе вам чары —
„Чары ўсе неба, зямлі, —
„Шчасьця другога пажары,
„Дзе-б вы сагрэцца маглі.
„Праўду ў лад новы настрою,
„Новыя песьні злажу…
„Гэй-жа за мною, са мною!
„К сонейку шлях пакажу!..“
Так прызывае-галосе
Скрыпка ў руках песьняра.
Рэха пад неба няслося.
Днела ўжо; гасла зара.
Музыку чуюць суседзі —
Камень-бы зрушыць магла!
Сьпеў пясьняр. Глянуў, угледзіў:
Хата пустая была…