Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/VI/Ігнат і п’яўкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Асёл і навука Ігнат і п’яўкі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1923 год
Страх
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ігнат і п’яўкі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ігнат і п’яўкі.

Байка.

Лет шмат
Таму назад
Ігнат
Гарачынёй, здаецца,
Купаўся ў рэчцы
І, як на грэх,
(Бадай што заяц,
Паганец,
Сьцежку перабег),
— К аднэй з дзьвюх ног
Прынадзіў п’явак трох.
Прыліплі, цягнуць, як мага,
Аж сохне, корчыцца нага.
Бяда! Ўжо кінуўся і сяк і так,
Заціснуўшы кулак,
Да іхняй скуры небарак, —
Яны-ж каб далі:
Смокчуць далей!..

— „Э, годзе, кіньце ўжо даіць, сястрыцы,
„Ці-ж мала вам сваей вадзіцы? —
„І сьмех, і грэх, і стыд, скажу я,
„Смактаці кроў чужую!“ —
Так ім навучна ён талкуе,
І ў той жа час,

(Ня першы п’яўкам, відна, раз),
Пачуў адказ;
„Мае суседкі вінаваты“, —
Кіўнула з іх адна Ігнату,
Як ёсьць уся ў бліскучых латах,
І пацягнула цёплы смок,
Аж колька ў крук згібала бок.
— „Ня мне, а гэным дзьвюм крывёй
„Жыць хочацца чужой“, —
Пачуў ён ад другой
Таўстой, таўстой,

Ды сёрб ад першага ямчэй
Даць мусіў з жыліны сваей.
— „Я? я так толькі з дабраты,
А вось да тых вазьміся ты!“ —
З чароду трэцяя хлюснула,
Найболей кемкага агулу,
І смагла, смагла смактанула…


Што далей там было,
Да байкі не дашло.
Піяўкі-ж (ой, чорт недзе рад!),
Хоць дней зышло — праходзіць шмат,
Жывуць якбы ні ў чым, —
А толькі, як даць раду ім,
Варожа ўсё Ігнат!..