|
— Хадзеце, хадзеце, вясёлыя людзі!
А жыва да нас на таргоўлю:
Пакупка — гасьцінчык вам кожнаму будзе
Чырвоненькі, хатняй гадоўлі.
Паціху… ня бойцеся — пойдзе ўсё гладка, —
Крый, Божа, якога прымуса.
Маленькая рэч, — як матыль ці стрынатка…
Ўсей куплі — душа беларуса.
Меў хату, меў поле; — прыйшлі і забралі…
Сам вінен: ня ўмеў пільнаваці.
Ну, ўсякаму-ж трэба як-небудзь жыць далей, —
Душу вось і можа прадаці…
Падходзь-жа, паночку!… зьнімі акуляры —
Лепш будзе агледзіць пакупку;
Ты, барынька, так-жа падбліжся!.. мы нары
Дамо навет з ёю, галубкай…
Штось срэбнікаў з трыццаць — як піша ў законе —
Узяў за Хрыста калісь Юда…
Аб гэткай цане ані сьнім мы сягоньня:
Станела ўсё — душы і цуды.
Дасьцё крыві з каплю, з гарошынку чэсьці —
І — ваша душа ва ўсей хвале…
Бо так — ня купіўшы — ня сьлед на крыж весьці
Гатовы сказаць, што вы ўкралі…
|