Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/IV/Прышла восень…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
„І чаго-ж, непагода“… Прышла восень…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1923 год
Зімовая ноч
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прыйшла восень…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прышла восень…

Прышла восень, мужычок,
Ой, прышла!
Глянь, што ў пуню і тачок
Прынясла.
Працаваў ты, працаваў
Круглы год,
Разьліваў ты, разьліваў
Кроў і пот, —
Наградзіў-жа малайца
Труд вялік:
Налажыў куток сянца
Наш мужык.
Злажыў торпамі ў таку
Скарб — снапы:
Акалоту у кутку
З паўкапы;
З копку грэчкі і аўса
Ў другі кут.
Вось і плата табе ўся
За твой труд.
Ідзі ў ток, ідзі да дня
Цэпам бі,
І кароўку і каня
Накармі:
Адбяры, што ўзяў вясной,
Ў магазын,
Насып мех ты збажыной,
Вязі ў млын…
Прышла восень, мужычок,
Ой, прышла!
Глянь, што ў пуню і тачок
Прынясла.