Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/IV/Наша вёска/Вёска, о ціхая вёска мая…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Горы ды каменьне… „Вёска, о ціхая вёска мая“…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1923 год
„Там, за лесам-борам“…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вёска (Горы ды каменьне…)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




2.

Вёска, о ціхая вёска мая,
Колькі ты зносіш няшчасьцяў,
Колькі бед зносіць сямейка твая,
Колькі дарэмных напасьцяў!
Цёмныя ночы абселі цябе,
Скрылі дарожкі-пуціны,
Марная ўрода па ўсякай сяўбе,
Крывы, убогі хаціны.
Летам труд цяжкі, хваробы ў зіму;
Родзіць магіла магілу;
З сьвечкай прайдзі, страсяні старану:
Смокча бясхлебіца сілу.
Мучышся, вёска, няпраўдай старой…
Рукі працягнеш з надзеяй:
Неба заплача халоднай слатой,
Вецер уздохі разьвее.
Вецер і моц, знаць, табе прынясе
З песьняй магучай, як воля,
Што перастоіш палацы ты ўсе,
Станеш да бою з нядоляй.