|
І чаго-ж, непагода сьлязлівая,
Непрасьветна вісіш над зямлёй?
Што ўрадзіла нам ніва убогая,
І таго не сабраць за табой!
У пракосе, ў капе, дый няскошана
І стаіць, і гніе сенажаць;
І ў снапох, і нязжатым бадзяецца
Дабро ў полі, аж сьлёз ня стрымаць.
І ня хочаш ты гору мужычаму
Спагадаць, непагода, ані;
Не глядзіш, як ён будзе праводзіці
З дзяцьмі, з жонкай зімовыя дні…
Што пачне ён, бядак, як рассьцеліцца
Белы сьнег на дварэ, на страсе?
Чым сямейку карміць яму прыдзецца,
І трасянкі з чаго натрасе?
Дзіцё плакаці будзе галоднае,
Будзе ў хлеве кароўка рыкаць,
Будзе сам ён стагнаць, а мяцеліца
Будзе выць, будзе ўсім падцінаць.
|