Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/IV/Мужык

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Наша вёска Мужык
Верш
Аўтар: Янка Купала
1923 год
Аб мужыцкай долі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мужык (Купала)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мужык. [1]

Што я мужык, усе тут знаюць,
І як ёсьць гэты сьвет вялік,
З мяне сьмяюцца, пагарджаюць, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Чытаць, пісаць я ня умею,
Ня ходзе гладка мой язык,
Бо толькі вечна ару, сею, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Бо з працы хлеб свой дабываю,
Бо зношу лаянку і крык,
І сьвята рэдка калі знаю, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Галеюць дзеці век бяз хлеба,
Падзёрты жончын чаравік,
Ня маю грошы на патрэбу, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Заліты потам горкім вочы;
Ці я малы, ці я старык, —
Працую, як той вол рабочы, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Як хвор ды бедзен — сам бяруся
Лячыць сябе: я чараўнік!
Бо я бяз доктара лячуся, —
Бо я мужык, дурны мужык.

Што голы я, павінен згінуць,
Як той у лесе чашчавік,
І, як сабака, сьвет пакінуць, —
Бо я мужык, дурны мужык,

Але, хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.

І кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык,
Што хоць мной кожны пагарджае,
Я буду жыць! — бо я мужык!


  1. Верш гэты быў надрукованы ў менскай расейскай газэце „Сѣверо-Западный Край“, 15/V, 1905 г., № 746. Гэта першы мой выступ у беларускай літаратуры. Аўтор.