|
Эх, дзяцюк, хама ўнук,
Сын бяды і працы,
Чаго прэш, як сьляпы,
Ў панскія палацы?
Ці там сват, ці камрат,
Ці брат, ці сястрычка?
Ці цябе вабе там
Панна-белалічка?
Ці табе па арбе,
Трудох, потам зьлітых,
Весялей, шчасьлівей
Між паноў, між сытых?
А мо’ дзе на куце
Разам там саджаюць,
І віном дарагім
Частуюць, прымаюць?..
Эх, Арцём! ня твой дом —
Панскія парогі,
Не твае там дружкі,
Мой ты браце ўбогі.
Бач, стаіш і дрыжыш
З шапкаю ў парозе —
Вось якраз, як зімой
З дрэвам на марозе.
А во, глянь, лепей стань,
Кланяйся здалёку:
К табе аж пад парог
Нясе чарку лёкай.
Трэба піць, закусіць
Недаежай панскай,
У руку цмакануць
За прывет, за ласку.
А вун дзе панна йдзе, —
Якія, ах, шаты!
Што глядзіш? — у яе
Ёсьць паніч багаты.
Як там ёсьць, ты ўсё-ж госьць, —
Думай і аб хаце… Вось сабак дворных дзе
Не спаткай, мой браце.
Ну, пайшоў ты дамоў
Ня званы, ня сланы,
Са сьлязой пад брывёй,
Ня сыты, ня п’яны.
Знаць, ня так, небарак,
Думаў разгасьціцца:
За сталом з багачом
Піці, весяліцца.
Што-ж рабіць? трэба жыць…
Слухай долі-маткі,
І паном ня хлюсьці,
Пільнуй сваей хаткі.
Цемнаце, беднаце
Палац не стаўляўся:
Не такі ў ім народ,
Каб на рэчы знаўся.
Вер, ня вер, як ня мер,
Мой гаротны браце, —
Дзе радзіўся, дзе ўзрос —
Трэба і ўміраці.
|