Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/III/Ястраб

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзяўчынка і вянок Ястраб
Верш
Аўтар: Янка Купала
1923 год
Хмарка і Маладзік
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ястраб (Купала)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ястраб.

Дзе голуб з галубкай варкуе, сядзіць,
З-пад неба хмурлівага ястраб ляціць, —
І кіпці запусьце ў галубку ён сьмела,
І выгрызе сэрца, і кроў высьсе з цела.
Дзе шчыра дзяўчынку дзяцюк палюбіў, —
Прышоў стары зводнік, дзяўчынку адбіў;
Як ястраб з галубкай, так цешыцца ўволю,
Паганячы славу — дзявочую долю.
Няма ўжо галубкі, прыўныў галубок,
Сядзіць, не варкуе; як мёртвы, замоўк:
Па любай сваей у вялікай жалобе,
Чакае, аж ястраб і з ім тое зробе.
Няма ўжо дзяўчынкі; сум хлопца гняце,
У сэрцы глухі жаль, як рана, цьвіце;
Дзе пойдзе, дзе гляне, стогн рвецца напрасны:
Адзін ты, адзін, небарача няшчасны!
Галубкіны косьці разьвеяла бура,
К другой свае вочы стары зводнік жмура,
Галуб-жа, дзяўчынка і хлопец, як дзеці,
Бядуюць, што ястрабаў шмат так на сьвеце.