Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/III/Хмарка і Маладзік

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ястраб Хмарка і Маладзік
Верш
Аўтар: Янка Купала
1923 год
Русалка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хмарка і маладзік

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хмарка і Маладзік.

Над задумаю ніў
Маладзік бледны плыў,
Дзіваваўся з жыцьця,
Што ўнізе бяз пуцьця
Спала сном няжывым.
Хмарка свой бледны лік,
Дзе лунаў маладзік,
Ціхавейна ўзьняла,
Шопат-сказ павяла
Так з суседам сваім:

— Маладзенькі ты мой,
Абніміся са мной, —
Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
Вольна, весела нам!
Будзем цені снаваць,
Бледнатой спавіваць
Мёртва-сьпячну зямлю,
3 ёй заводзіць гульню —
Сеяць сум тут і там.

З вутлых сетак, як цін,
Я сплялася з краплін,
І мяне — сірату,
Як плыву ў высату,
Страшыць сонца ня раз.
А ты лепшай душы,
Жаль ка мне акажы;
Буду цешыць цябе
Я ва ўсякай журбе, —
Дык прымі ў добры час…

Маладзік зьвесялеў,
Падмігнуў ціха ей:
— Маладая мая,
Выглядаў цябе я
Ўжо даўно ў вышыне.
Я тут — сам — адзінок,
Якбы той каласок,
А ты, хмарка-імгла,
Мне нуду разьвяла, —
Прытуліся-ж ка мне…

Ты — царыца, я цар…
На зямлі молад, стар
З-пад наплеценых пут
Нам завідаваць тут
Будзе з века у век.
Мы і ночкай, і днём
То усплывём, то сплывём
Вольна так, згодна так,
І ўжо волі ніяк
Не дадзім мы на зьдзек.

...............

Абняліся яны,
Як вясеньнія сны,
І гуляюць адны
Ад вясны да вясны
На сум вечны людзям.
Цені-сеткі снуюць,
Песьню-змову пяюць:
— Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
Вольна, весела нам!..