Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/II/Тае сьнег…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Палац Тае сьнег…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1923 год
Паводка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тае снег…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Тае сьнег

Тае сьнег, таюць сковы зімы ледзяністыя,
Сонца з ласкай ажыўчай гуляе ў прывольлі!
Хутка жаўранак песьняй сваей галасістаю
Прывітае аратых на полі.

Ўзьніме чорную скібу саха працавітая,
Ляжа ўсходнае зерне у пахань сырую,
Закалосіцца поле, сьлязой, потам зьлітае,
Зашуміць сваю думу старую.

Гаспадар той суважна свой шнур пасвяточнаму
Абыходзіці будзе, красой любавацца,
Прыслухоўвацца шэлесту нівы няўрочнаму
І маліцца к сваей зямлі-матцы.

Сьмела гляне на сьвет і на долю зьмянлівую,
Як дагэтуль, яму не дадуцца ўжо ў знакі
Тыя сілы з усходу і захаду мсьцівыя,
Што даймаюць цяпер, як вужакі.