Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/II/Сьнег

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зіма Сьнег
Верш
Аўтар: Янка Купала
1923 год
З зорак усходніх, заходніх…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Снег (Купала)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сьнег.

Залегла, як пасьцель,
Лебядзіная бель
На загон, на курган.
І кажан, і груган
Занямеў не на сьмех:
Гэта сьнег, толькі сьнег…

За старухай зямлёй
Ты пасьцель, дружа мой,
Узваліў на душу,
Якбы крыж на мяжу,
І ўжо рад не на сьмех:
Гэта сьнег, толькі сьнег…

Думкі, сэрца, паглёд
Абліў лёд, скаваў лёд.
Так спавіў, спавіў сам,
Каб лягчэй было там,
Дзе жыцьцё не на сьмех:
Гэта сьнег, толькі сьнег…

Ты і жыў, і любіў,
Ты ня ўмёр — і забыў,
Каб нічога ня дбаць,
Сьмела ў даль паглядаць,
Быць самым не на сьмех…
Гэта сьнег, толькі сьнег…

Хтось — сваяк, не сваяк —
Як жыў, скончыўся так.
Прагудзеў поп і звон,
Ідзі з памяці вон:
Бой за хлеб не на сьмех!
Гэта сьнег, толькі сьнег…

Мо’ і лёгкія дні…
Не зачэпяць ані
Ні бяда, ні нуда,
Ні агонь, ні вада…
Само шчасьце, сам сьмех!
Гэта сьнег, толькі сьнег…