Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/II/З асеньніх напеваў/Кончыцца лета гарачае…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На склоне лета „Кончыцца лета гарачае“…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1923 год
„Сьцелюцца цэлы дзень росы“
Іншыя публікацыі гэтага твора: З асенніх напеваў (Кончыцца лета гарачае…)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З асеньніх напеваў.

1.

Кончыцца лета гарачае,
Кончыцца воля — раздольле;
Кветкамі лог не харошыцца,
Збожжам ня хваліцца поле.
Косы ня сьвішчуць сталёвыя
Ў соннай траве сенажацяў,
Серп на вайну ня йдзе з коласам,
Песень, і тых ня чуваці.
Сонна адна адзінокаю
Груша стаіць над мяжою, —
Лісьце скідае пажоўклае,
Сыпе асеньняй нудою.
Неба што дзень пахмурнейшае,
Сонца што дзень на ім меней,
Птушак заціхла чырыканьне,
Нейкае ўкруг зьнемажэньне.
Вецер заводзе у коміне,
Быццам жыцьцё сваё гане;
Думы старыя, халодныя
Сэрца пужаюць, як зданьні.
Так і ўцякаў-бы ад гэтага
Там гэт! за горы, за рэкі,
Каб чалавек ды мог скрыціся
Ад сваей долі навекі.