Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/II/Груша

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вярба Груша
Верш
Аўтар: Янка Купала
1923 год
Дзьве таполі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Груша (Купала)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Груша.

Калышыцца сталетняя,
Шуміць на ўсе староны,
На ёй галінаў тысячы,
Лісткоў на ёй мільёны.

Шпакі на ёй чырыкаюць,
І белкі часам скачуць,
І сонца дарыць сьпекамі,
І хмары дажджом плачуць.

Яна, загартаваная
Сталетняю парою,
Шуміць, заходзе ў гутарку
То з небам, то з зямлёю.

Дый дзіўнай мовы грушынай
Людзям не зразумеці.
Хоць мо’ аб чым і радасным
Захоча ім шумеці.

Хоць будзе мо’ расказаваць
А долі, а багацьці,
З даўнейшага, прайшоўшага
Пыл забыцьця зьмятаці…

О груша, о сталетняя,
Наўчы, што мне зрабіці,
Каб мову тваю дзіўную
Людзям пералажыці?..