Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/II/Ваўкалак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Воўк Ваўкалак
Верш
Аўтар: Янка Купала
1923 год
Ў вечным боры…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ваўкалак (Купала)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ваўкалак.

Як зьмеркне, як ноч дзень зваюе,
І зораў паявіцца знак,
Па нівах, па сёлах шнуруе
Туды і сюды Ваўкалак.
У поўнач на пні і на сталі
Зьнімае, ўзьдзявае свой від;
Ня кеміць ні крыўды, ні жалю,
Ні наспаў магільных, ні пліт.
На веры людзкой і павазе
Хаваны між яраў і лоз,
У кожны надворак залазе
І водзе трусьлівасьць за нос.
Паношыцца ў кожнай прыгодзе,
Сьмяяцца ня дасьць над сабой,
Малітвы на губы наводзе,
Як лістам, трасе цемнатой.
Ці з ласкай яго, ці няласкай
Рахунак вядзе забабон;
Складаецца казка за казкай,
Падданых зьярміў ён мільён.
Лет тысячы зьела няпамяць;
За богам узводзіцца бог.
Сто ўсьпелі праўд новых спаганіць,
Ніхто Ваўкалакі ня змог.
Як толькі зямля заначуе,
І зорак абойдуць рады,
Па нівах, па сёлах шнуруе,
Шнуруе туды і сюды.