Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/I/На жалейцы/Я не пушчаю сьпяваю…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На жалейцы: „З шумам бораў“… На жалейцы: „Я не пушчаю сьпяваю“…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1923 год
Каб я князем быў…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




2.

Я ня пушчаю сьпяваю
Песьні-казкі аб Дунаю,
Хоць-та сэрца з пушчай рвецца, —
А пад грушаю пахілай,
Што над бацькаўскай магілай,
Граю толькі на жалейцы.

Я ня звон, што час нам ліча
І на веча праўду кліча,
Хоць-та сэрца звонам б’ецца, —
А па шчасьці пахаваным,
Над ракою, пад туманам
Граю толькі на жалейцы.

Я ня вецер вольны, спраўны,
Што пяе свабодай слаўнай,
Хоць-та сэрца к славе рвецца, —
А ў цянётах павучыных,
На расстайных пуцявінах
Граю толькі на жалейцы.

Не на гусьлях звонкіх баю
Аб забраным недзе краю,
Хоць-та сэрца к гусьлям рвецца, —
А на спасьвеным узгорку,
Углядаючыся ў зорку,
Граю толькі на жалейцы.

Я ня гром, што сьветы крыша,
І людзям законы піша,
Хоць-та сэрца громам б’ецца,
А паціху, чуць чуваці,
У чужой забыты хаце,
Граю толькі на жалейцы.

Граю, граю і чакаю
Ўсходу сонца з-за Дунаю,
Калі мора ўскалыхнецца,
Калі песьню, гымн вясёлы,
Нашым нівам, нашым сёлам
Я зайграю на жалейцы.