Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/I/Мая думка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
За праўду… Мая думка
Верш
Аўтар: Янка Купала
1923 год
Мой дом…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мая думка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мая думка.

Як вецер, як птушка, дзе сонца, дзе зоры,
Так рвецца, нясецца ў даль думка мая;
Абыймецца з небам, пакоціцца ў мора,
Ў вялікае мора людзкога жыцьця.

І ўдарыцца ў сэрца так смутна, балесьне, —
Як лісьцем віхура, так ім скалыхне,
Так ім закалоціць, аж выклікне песьню…
Ўжо з песьняй ляціць зноў да зор к вышыне.

Запеўшы пахвалай нязведанай далі,
К вядомай павернецца долі людзкой;
Адсьвеціцца ў сьлёзах, як сьвечка у крыштале,
Ды ў сьвет зноў за сонцам, за новай зарой!..

На небе свабода, сьвятло і прывольле, —
А думцы замала: няма там людзей;
Людзей на зямельцы спаткае даволі,
Дык сонца і воля ня сьвецяць тут ей…

І так бязупынку, то к небу — дзе зоры,
Нясецца, як птушка, ў даль думка мая;
То скоціцца ў мора, ў вялікае мора
Людзкога, забытага шчасьцем, жыцьця.