Перайсці да зместу

Шляхам жыцьця (1923)/I/Грай-жа, музыка!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ці-ж ня доля мая?!. Грай-жа, музыка…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1923 год
Брату
Іншыя публікацыі гэтага твора: Грай жа, музыка…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Грай-жа, музыка…

Цёпла, спакойна, цёпла і сыта
Ў хорамах ясных вам век векаваць…
Поўны аруды буйнага жыта;
Хто-ж не захоча тут жыць, панаваць?..
Грай-жа, музыка, сэрцам рві струны…
Не пажалеюць заплаты табе!..
Што?! Хочаш ладзіць скрыпку ў тон сумны?!
Весела грай, як віхуры ў кляцьбе…

Шумна, разгульна… Чым не бяседа?!
Пеніцца ў чарках крывава віно…
Кроўю гулялі прадзеды, дзеды, —
Сыну і ўнуку падаўна дано…
Грай-жа, музыка! Рэж на скрыпулі
Так, як там рэжа асьлепленых кат…
Проч, проч, сумленьне! Золата ў гулі!..
Чуеш, як звоне па скрыпцы дукат?..

Сьветла, прасторна… Зьяюць брылянты…
Хто там?.. Цень бледны шмыгнуўся у вакне?..
Вісельнік?! Тут ён?.. Проч яго, франта!
Нашы асіны! Хай толькі чапне…
Грай-жа, музыка, каб і ў магілах
Голас уцешны пачулі з зямлі, —
Каб аж з-пад наспаў, плітаў пахілых
Косьці паўсталі і ў танец пашлі.

Гэй-жа ў тахт ногі!.. Пара за парай!..
Стой!!! Бліск чырвоны шыбае з вакон.
Ах! Гэта вёска сьвеціць пажарам…
Ну, галасі там нябожчыцкі звон!..
Грай-жа, музыка! Рэж, дармажэрца!..
Змоўк?.. Што?.. Галоўку ты клоніш ка сну?..
Глупства!.. Ў музыкі лопнула сэрца…
Гэй ты, другі, там! рві сэрцам струну!..