Шляхам Змаганьня/25.III.1918—25.III.1932

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Надзея 25.III.1918—25.III.1932
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1935 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: 25.III.1918—25.III.1932 (Казлоўскі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




25.III.1918 — 25.III.1932.

Ад громаў гарматніх зямля ўся стагнала,
Крыві чалавечай прыймаць не ўсьпявала.
Нявіннага люду ў прымусе мільёны,
За справу тыранаў ішлі ў бой шалёны.
..............
Ўставай! Уставай, хто сьпіць ў няволі!
За злыдняў справу ўжо даволі
Бязмэтна йсьці на зьніштажэньне:
Свайго нам трэба вызваленьня!
Далоў цароў, далоў іх путы!
Зьбірайцесь ўсе, хто ёсьць закуты
Ў ланцуг няволі той ганебны.
Далоў! Цары нам не патрэбны!
Пара змагацца за свабоду! —
Падняўся кліч усіх народаў…
..............
Крывіцкі народзе!
Кажы аб свабодзе.
Цябе воля кліча.
Зьбірайся на веча!…
На вялікі сход
Ішоу народ…
Ішлі бяз прынукі.
Ў мазолях іх рукі.
У лапцях абуты.
Ішлі ськінуць путы;
Сказаць ішлі сьвету,
Каб прауду знау гэту,
Што так, як з прадвеку
Ня сьцерпяць ўжо зьдзеку;
Зьніштожаць прымусы.
Яны—Беларусы!
Іх воля бязьмежна.
Іх кліч—незалежнасьць!
..............
Ад гэтай усьцешнай і памятнай весткі
Ў лясох расьцьвіталі усьцешна пралескі;
Шумелі задумна Крывіцкія пушчы,
І ціўкалі птушкі ў няпройдзенай гушчы.
Рунелі вясёла істужкі—палеткі;
Прывет слалі сонцу прыгожыя кветкі
Старонка уся весялілась бязмежна:
Беларусь—Незалежна!
Сказала так веча…
Ці чуў, чалавеча!?
..............
Па крывавай усей завярусе,
Шчасьлівейшыя вольны былі
Паддаліся тэй самай пакусе,
Чым тыраны—цары праслылі:
Не давалі свабоды слабейшым;
Не хацелі іх кліч шанаваць.
Царскім звычаем найганябнейшым
Пачалі ў ланцугі іх каваць…
З прагавітасьцяй страшнай, вялікай,
З ненавісьцяй заўзятай і дзікай
Карагод на‘т крывавы вадзілі,
Як Ёй цела на часткі дзялілі.
..............
Чатырнаццаць год ужо прайшло з таго часу
Як стогне Старонка бяз енку-галасу,
Як цяжка гаруе, цярпіць у прымусе.
Ці чуеш стагнаўшы ў бядзе,
Беларусе!?
Ня сьпі!
Зважай!
Няўпынна дзеяй!
Змагайся з поўнаю надзеяй
За кліч Крывіцкага Народу:
За незалежнасьць!
За Свабоду!