Шляхам Змаганьня/Паход галодных

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Бацька і сын Паход галодных
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1935 год
Крыніца: Вяртанне да сваіх, 1999, Беласток, стар. 172—173
Змагацца і дзеяць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАХОД ГАЛОДНЫХ.

Ці быў калі, дружа, ў галодных паходзе
За сьцягам чырвоным ў працоўнай руцэ?
Ці бачыў магутны там дух у народзе,
Наперад што плыў, як цячэньне ў рацэ?

Ці чуў ты галодных, што ў сытых прасілі:
— Давайце нам працы!
Давайце нам есьць!
Як сытыя людзі на іх галасілі:
— Зыйдзіце з дарогі!
Інакш будзем біць!

А гушча галодных, як хваля на моры
Плыла ўсё наперад, глядзеўшы на сьцяг,
Аж сытыя людзі далі ім…
О, гора!…
Далі валавяны гасьцінчык…
Трах!…
Трах!…
Тады пачаліся праклёны ў народзе,
Які з абурэньня ня меў нават слоў:
У шмат нешчасьлівых, што йшлі у паходзе
Цякла іх нявінна працоўная кроў.

І вось захістаўся ў руцэ сьцяг чырвоны,
Бо волат, каторы нёс горда яго,
Прашыты быў куляй. А голас ягоны:
Раздаўся:
— Браты, дамагайцесь свайго!…
Упаў на каменьні працоўны той волат.
А ўсёткі трымаў йшчэ чырвоны свой сьцяг.
І сілай апошняй, павысіўшы голас
Сказаў:
— За галодных ўміраць мне ня страх!
І зараз за ім там кабета старэнька
З дзіцяткам худзенькім ў паходзе ішлі.
Яна і пацеха яе дарагенька.
Аднэй тэй жа куляй прабіты былі.

А іншы з працоўных схапіў сьцяг чырвоны
І горда, высока яго зноў падняў…
І гушча галодных ішла зноў наперад,
На‘т штых востры сытых яе ня уняў.